Першыя крокі па аднаўленню вышэйшай юрыдычнай адукацыі на Беларусі

На пачатку ХХ ст. у Беларусі, якая ўвайшла ў склад Расійскай імперыі ў канцы XVIII ст., актывізуецца нацыянальна-вызваленчы рух. Развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў суправаджалася з’яўленнем палітыка-прававых ідэй, якія тычыліся ўзнаўлення беларускай дзяржаўнасці (найбольш яркімі іх носьбітамі былі Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч). Вынікам рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху стала абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, а затым утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялітычнай Рэспублікі.

З аднаўленнем беларускай дзяржавы ўстала пытанне стварэння нацыянальнай установы вышэйшай адукацыі. Ужо 25 лютага 1919 года Прэзідыум Цэнтральнага выканаўчага камітэта Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларуссіі пастанавіў адкрыць у Менску дзяржаўны універсітэт. Аднак інтэрвенцыя і грамадзянская вайна не дазволілі ажыццявіць гэты план.
Першы рэктар БДУ прафесар Уладзімір Іванавіч Пічэта. Павялічыць.
Пасля вызвалення сталіцы ўрад вярнуўся да пытання аб універсітэце і ўжо 17 красавіка 1921 года Прэзідыум ЦВК ССРБ прыняў пастанову аб адкрыцці ў Менску Беларускага дзяржаўнага універсітэта з факультэтамі: рабочым, грамадскіх навук, медыцынскім, сельскагаспадарчым і фізіка-матэматычным.
Першым рэктарам БДУ быў прызначаны Уладзімір Іванавіч Пічэта. 30 кастрычніка 1921 года ва універсітэце пачаліся заняткі. Цяпер 30 кастрычніка адзначаецца як Дзень заснавання Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Юрыдычны факультэт таксама вядзе сваё летазлічэнне з 30 кастрычніка 1921 года. Гэтым днём у складзе новаўтворанага факультэта грамадскіх навук было арганізавана прававое аддзяленне, якое ажыццяўляла падрыхтоўку студэнтаў-юрыстаў.
У гэтым будынку ў 20-я гады XX ст. праходзілі заняткі прававога аддзялення ФГН БДУ. Павялічыць.Гэта была адзіная кузня юрыдычных кадраў у ССРБ. У вытокаў юрыдычнай адукацыі Беларусі стаялі выдатныя вучоныя, педагогі і дзеячы культуры: праф. У.І. Пічэта (гісторыя расійскага і беларускага права), У.М. Дурдзенеўскі (дзяржаўнае права буржуазных краін), Г.С. Гурвіч (савецкае дзяржаўнае права), Б.В. Чрэдзін (рымскае права), М.Б. Кроль (судовая псіхіятрыя), І.Т. Цітоў (судовая медыцына), М.О. Грэдзінгер (грамадзянскае права і грамадзянскі працэс) і інш. Дэканам факультэта грамадскіх навук быў вучоны-гісторык праф. Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі (1881-1931). Праз год яго змяніў праф. Саламон Захаравіч Кацэнбоген (1889-1946).
У адкрытым у 1922 г. Інстытуце беларускай культуры была створана камісія па савецкаму будаўніцтву (пераўтвораная потым у прававую секцыю), у якой прымалі ўдзел і юрысты – выкладчыкі БДУ. ЦВК і СНК БССР з мэтай атрымання ад навукоўцаў неабходных рэкамендацый даручылі Інбелкульту вывучэнне пытанняў дзяржаўна-прававога жыцця рэспублікі. Па ўказанню ЦВК БССР Інстытут узяў на сябе функцыі вядучай навуковай арганізацыі па даследаванню прычын злачыннасці, а па даручэнню ўрада вывучаў прававыя праблемы землекарыстання і землеўладання, дзейнасць мясцовай гаспадаркі і іншыя пытанні дзяржаўна-прававога будаўніцтва ў Беларусі.

Мяняліся вучэбныя планы, удакладняліся, прыстасоўваліся да новых умоў жыцця вучэбныя праграмы.
Так, у 1924 г. была ўнесена прапанова аб абмежаванні лекцыйнай сістэмы выкладання як не зусім эфектыўнай. Неўзабаве Народны камісарыят асветы дае ўказанне аб адмене лекцыйнага метаду выкладання і замене яго семінарскімі, практычнымі заняткамі па прынцыпу лабараторна-брыгаднага метаду. Гэтае новаўвядзенне мела на мэце падрыхтоўку спецыялістаў у найбольш сціслыя, скарочаныя тэрміны: замест чатырох-пяці гадоў - за тры гады.
Першы выпуск факультэта грамадзянскіх навук (люты 1925 г.). Павялічыць.

Першы выпуск 130 юрыстаў адбыўся ў 1925 г.

Студэнты з прафесарам Сямёнам Якаўлевічам Вальфсонам. Павялічыць.25 жніўня 1925 года факультэт грамадскіх навук быў рэарганізаваны ў факультэт права і гаспадаркі (прававое і эканамічнае аддзяленні). Дэканам новага факультэта быў прызначаны праф. Сямён Якаўлевіч Вальфсон.

І ў той час прафесарска-выкладчыцкі састаў займаўся не толькі адукацыяй, але і прымаў актыўны ўдзел у распрацоўцы заканадаўства маладой дзяржавы. Значнае месца ў даследаваннях правазнаўцаў БДУ займала гісторыя беларускага народа, і пачатак гэтаму быў пакладзены працамі першага рэктара БДУ У.І. Пічэты, які выдаў больш за 130 навуковых прац, прысвечаных гісторыі права, эканомікі, культуры і палітычнай гісторыі Беларусі. Вяліся цікавыя навуковыя даследаванні: У.І. Пічэта. Разработки истории литовско-белорусского права XV-XVI вв. в историографии, М.О. Грэдзінгер. Дапаможнік па грамадзянскаму працэсу БССР; В.М. Шыраеў прысвяціў свае працы дзейнасці следчых органаў, органаў суда і пракуратуры, У.М. Дурдзянеўскі, М.А. Канаплін, Л.А. Рудзіцкі, П.М. Галанза – савецкаму дзяржаўнаму праву. 20 кастрычніка 1926 года быў адчынены Беларускі кабінет па вывучэнню злачынцы і злачыннасці, які ўпершыню ў краіне стаў займацца пытаннямі крыміналогіі. Загадваў кабінетам прафесар А.К. Ленц.
Адзін з першых даследчыкаў гісторыі нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва ў Беларусі Р.Я. Парэчын выдаў кнігу «Наша Канстытуцыя» (1928), прысвечаную аналізу Асноўнага закона БССР 1927 г. Праца М.М. Гуткоўскага «Сістэматычны паказчык (спроба сістэматыкі) заканадаўства Беларускай ССР за 1919–1928 гг.» (1929) з’яўлялася прыкладам цеснай сувязі навукі і практыкі. Старшыня ЦВК БССР А.Р. Чарвякоў у прадмове да гэтай працы адзначаў, што аўтар палажыў пачатак сістэматызацыі заканадаўства рэспублікі.

На ўздыме беларусізацыі з 1925 года выкладанне ва універсітэце перайшло на беларускую мову. І ў 1928 годзе прафесар У.І. Пічэта пісаў кіраўніцтву БССР аб неабходнасці захавання “белорусской составляющей” у вучэбных планах і навуковай дзейнасці БДУ; іншая пазіцыя магла прывесці да фактычнага пачатку распаду Універсітэта. Менавіта за сваю прабеларускую пазіцыю і быў у 1930 годзе рэпрэсіраваны прафесар У.І. Пічэта, які прыехаў выкладаць у Менск з расійскай сталіцы. У канцы 1920-х гадоў у Беларусі пачалася ідэалагічная кампанія барацьбы з нацыянал-дэмакратызмам, у час якой акрамя рэктара былі рэпрэсіраваны Р.Я. Парэчын, М.М. Гуткоўскі, В.Д. Дружчыц і іншыя, што ў сваю чаргу выклікала скарачэнне навуковых даследаванняў.
Дворык БДУ у 30-я гг. XX ст. Павялічыць.
У адпаведнасці з пастановай СНК БССР ад 08.06.1927 БДУ было дадзена права прымаць да абароны доктарскія дысертацыі (вучоная ступень кандыдата навук была ўведзена толькі ў 1934 годзе).

Старонкі віртуальнага музея юрыдычнага факультета:
-- Вытокі юрыдычнай школы на землях Беларусі
-- Першыя крокі па аднаўленню вышэйшай юрыдычнай адукацыі на Беларусі
-- Установа вышэйшай юрыдычнай адукацыі БССР
-- Пасляваенная адбудова і ўздым беларускай прававой навукі
-- Сучаснае развіццё юрыдычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта
-- Знакамітыя выпускнікі юрыдычнага факультэта
-- Кіраўнікі факультэта