Міжнародныя семінары па еўрапейскім эканамічным праве
Асноўнай мэтай наведвання нашага ВНУ было правядзенне ў рамках праекту Tempus “Распрацоўка новага вучэбнага плану ў галіне еўрапейскага эканамічнага права” семінараў па павышэнню кваліфікацыі прафесарска-выкладчыцкага складу вну Беларусі, якія вядуць падрыхтоўку юрыстаў.
6 кастрычніка 2008 г. для наведвання семінараў зарэгістравалася амаль 100 чалавек: прафесараў, дацэнтаў, выкладчыкаў і аспірантаў БДУ, а таксама іншых вну Мінска, Баранавіч, Брэста, Віцебска, Гомелю, Гродна. Прыемна было бачыць сярод слухачоў семінараў студэнтаў нашага факультэта, асабліва тых, хто навучаецца на 5 курсе, бо ім узімку прыйдзецца здаваць іспыт па курсе “Еўрапейскае права”.
Удзельнікаў семінараў віталі дэкан юрыдычнага факультэта БДУ праф. С.А. Балашэнка і праф. універсітэта г. Эрланген-Нюрнберг Гаральд Германн. Дарэчы, Сяргей Аляксандравіч Балашэнка не прапусціў ніводнага з семінараў, якія ладзіліся на працягу трох дзён. Семінары адкрыліся двума лекцыямі праф. Ангелікі Карнэліі Эммерых-Фрычэ (універсітэт г. Эрланген-Нюрнберг) па прадмеце “Еўрапейскае канстытуцыйнае права”. Тым самым слухачы азнаёміліся з асновамі еўрапейскай інтэграцыі. У другой палове дня праф. Таміслаў Борыч (універсітэт г. Грац) прачытаў лекцыю па прадмеце “Еўрапейскае канкурэнтнае і картэльнае права”, а спадарыня Вікторыя Робертсан (універсітэт г. Грац) азнаёміла слухачоў з асновамі гандлёвага права.
7 кастрычніка 2008 г. праф. Гаральд Германн (універсітэт г. Эрланген-Нюрнберг) спыніўся на даволі складанай галіне еўрапейскага права і прачытаў 2 лекцыі па прадмеце “Еўрапейскае права таварыстваў”. У другой палове дня праф. Альфрэд Рудольф Хольцэр-Цізер (універсітэт г. Эрланген-Нюрнберг) прачытаў 2 лекцыі па прадмеце “Працоўнае права”, па заканчэнні якіх разгарнулася даволі доўгая дыскусія з беларускімі спецыялістамі ў галіне працоўнага права.
8 кастрычніка 2008 г. у свой дзень нараджэння праф. Ангеліка Карнэлія Эммерых-Фрычэ (універсітэт г. Эрланген-Нюрнберг) не адмовіла слухачам у магчымасці азнаямлення іх з “Еўрапейскім эканамічным правам”.
Другая палова дня была прысвечана актуальным на сусветным узроўні пытанням дзейнасці банкаў і страхавых арганізацый. Лекцыі праф. Гаральда Германна (універсітэт г. Эрланген-Нюрнберг) былі названы “Еўрапейскае банкаўскае і прыватнае страхавое права”.
Адначасова з прадстаўнікамі вышэйпазначаных ВНУ былі вызначаны накірункі далейшага супрацоўніцтва ў рамках праекту Tempus, вызначаны галіны еўрапейскага права, па якіх на працягу двух гадоў сумесна будуць напісаны навучальныя дапаможнікі. Гасцей азнаёмілі з дзейнасцю гаспадарчых судоў Рэспублікі Беларусь.
В.І. Самарын
Фота - В.Знак, Ф.Чарнавол