Дзяржаўныя мовы ў Рэспубліцы Беларусь. 30.03.2009. Справаздача аб пасяджэнні.

30 сакавiка 2009 г. адбылося чарговае пасяджэнне навуковага гуртка “Канстытуцыйнае права“, прысвечанае тэме "Дзяржаўныя мовы ў Рэспубліцы Беларусь".

Кiравалi пасяджэннем к.ю.н., дацэнт кафедры канстытуцыйнага права Маслоўская Т.С. i выкладчык кафедры канстыуцыйнага права Арцем'еў С.Ю.

Першапачаткова было заслухана выступленне студэнтаў другога курса Гурэцкай Т., Сiдарава А. і Шаршукова С., прысвечанае асаблівасцям замацавання статуса дзяржаўных моў ў замежных краінах (Расія, Польшча, Україна, Канада, Балівія, Францыя, Кітай).

Было адзначана, што ў Канстытуцыі Балівіі дзяржаўнымі прызнаюцца ажно 37 моў: кастыльская і 36 мясцовых, а ў Канадзе на канстытуцыйным узроўні дэталёва ўрэгулявана становішча французскай і ангельскай моў.

Далей былі заслуханы даклады Клiнцэвiч Ц. аб сучасным становішчы беларускай мовы ў нашай дзяржаве і Мiньковай А., якая ўзняла праблемнае пытанне аб выданнi нарматыўных прававых актаў на абедзвюх дзяржаўных мовах i ўдасканаленні юрыдычнай лексiкi, а таксама паказала некаторыя супярэчнасці паміж Канстытуцыяй і Законам "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь".

Значную цікавасць выклікала выступленне аспіранта кафедры канстытуцыйнага права Назаранка А.Н., які звярнуў увагу на наяўнасць значных перашкод у рэалізацыі на практыцы прынцыпу роўнасці дзяржаўных моў, у тым ліку і ў сферы атрымання вышэйшай адукацыі. Таксама была адзначана наяўнасць дамінацыі рускай мовы. на сучасным этапе станаўлення сістэмы беларускага заканадаўства

Дыскусiя была бурлiвай, а выказаныя думкi ў большасцi былi сугучны запавету Ф.Багушэвiча: “Не пакiдайце ж мовы нашай беларускай , каб не ўмерлі“.

Напрыканцы пасяджэння выступіў дацэнт кафедры канстытуцыйнага права, к.ю.н. Пляхiмовiч І.І., які падвёў вынікі дыскусіі і выказаў сваю задаволеннасць тым, што падчас пасяджэння з вуснаў удзельнікаў гучала родная беларуская мова.