19 траўня 2018 г. - сустрэча выпускнікоў юрыдычнага факультэта БДУ - 1998: праз 20 год

10959 6Ужо зусім хутка цяперашнія яшчэ чацвёртакурснікі атрымаюць дыпломы і будуць заслужана насіць ганаровы статус – выпускнік юрыдычнага факультэта БДУ. А не так даўно прайшлі сустрэчы тых, хто ўжо даўно пераступіў парог студэнцтва.

У суботу 19 траўня 2018 г. па-сапраўднаму вясновае надвор’е панавала не толькі на вуліцах Мінска, але і ў сценах нашай альма-матэр. Ледзь толькі скончыліся заняткі і студэнты разышліся па дамах, на першым паверсе пачалі збірацца тыя, хто атрымаў дыплом у далёкім 1998 годзе.

І хаця яшчэ 20 год таму яны былі звычайнымі студэнтамі, зараз за плячыма кожнага з іх – вялікі шэраг жыццёвых дасягненняў. Сярод сабраўшыхся выпускнікоў былі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі судовай галіны ўлады, супрацоўнікі органаў унутраных спраў і пракуратуры, следчых органаў, Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых даследванняў, адвакаты і кіраўнікі юрыдычнага бізнэсу, вядомыя дзеячы міжнародных  і замежных арганізацый і інш.

Шэраг выпускнікоў працуе ў галіне адукацыі і навукі, у тым ліку на юрыдычным факультэце БДУ: кандыдат юрыдычных навук, дацэнт кафедры грамадзянскага працэсу і працоўнага права Моціна Я.У., кандыдат палітычных навук, загадчык лабараторыяй палітычных тэхналогій, дацэнт кафедры паліталогіі Пабярэжная В.Я., кандыдат юрыдычных навук, дацэнт кафедры грамадзянскага права Царова Л.В., кандыдат юрыдычных навук, дацэнт кафедры крымінальнага права, намеснік дэкана па вучэбна-выхаваўчай рабоце Шыдлоўскі А.В.

 

Знаёмства з новым будынкам юрыдычнага факультэта (да 2005 г. юрыдычны факультэт займаў частку будынка Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь – заўв. аўтара) пачалося з канферэнц- і чытальнай залаў бібліятэкі. Пасля гасцей сустрэў прафесар Вячаслаў Барысавіч Шабанаў, які запрасіў іх на крыміналістычны палігон і ў крыміналістычную лабараторыю. Выпускнікі наведалі таксама музей правазнаўства юрыдычнага факультэта, падзівіліся на фотагалерэю славутых дэканаў і прафесараў юрфака, а напрыканцы іх чакала “віртуальная” вандроўка ў жыццё сучасных студэнтаў нашай альма-матэр: відэаролік пра юрыдычны факультэт, зняты і зманціраваны студэнткамі 2 курса Ляшук Аляксандрай і Сідарэвіч Аляксандрай.

 

Фотагалерэя. Выпуск 1998 г. - праз 20 гадоў ...

Матэрыял падрыхтавалі:

Шыдлоўскі А.В. – кандыдат юрыдычных навук, дацэнт кафедры крымінальнага права, намеснік дэкана юрыдычнага факультэта па вучэбна-выхаваўчай рабоце.

Сідарэвіч А.А., -  студэнтка 2 курса, аўтар фота і каардынатар юбілейных мерапрыемстваў.