Юрыдычны факультэт гаворыць «Дзякуй!» дэкану Сяргею Аляксандравічу Балашэнку

12903 1Дарагi Сяргей Аляксандравіч! 

Калектыў юрыдычнага факультэта выказвае Вам сардэчную падзяку за шматгадовае плённае i мудрае кіраўніцтва нашай вялiкай навукова-педагагiчнай юрыдычнай супольнасцю.

 Пасля заканчэння нашага факультэта ў 1989 годзе ўся Ваша прафесійная і навуковая дзейнасць была звязана з Беларускім дзяржаўным універсітэтам і кафедрай экалагічнага і аграрнага права. На гэтай кафедры Вы сфарміравалiся як даследчык, вучоны, арганізатар навукі і навуковы кіраўнік, які падрыхтаваў 2 дактароў і 5 кандыдатаў юрыдычных навук. 

 

Але Вашы сапраўдныя прафесійныя здольнасці і чалавечыя якасці праявіліся ў перыяд кіраўніцтва Вамі факультэтам кіравання і сацыяльных тэхналогій (1999-2002 гг.) і юрыдычным факультэтам (2002-2020 гг.), у межах якога Вы цудоўна рэалiзавалi ўнiкальны талент стратэгічнага арганізатара і бездакорнага кіраўніка. 

 

Менавiта ў перыяд Вашага кіравання наш факультэт атрымаў уласны будынак, створаны новыя кафедры і структурныя падраздзяленнi, рэалiзавана iдэя маштабнага 4-томнага выдання Беларускай юрыдычнай энцыклапедыі, арганізавана правядзенне штогадовых Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды і Мiжнароднага летняга ўніверсітэта, пашырана колькасць міжнародных праектаў і кантактаў, актыўна праводзілiся навуковыя мерапрыемствы ў гонар прафесараў – заснавальнікаў навуковых юрыдычных школ, бясконцыя мерапрыемствы па ўдасканаленні вучэбнага і вучэбна-метадычнага працэсаў, распрацавана новая мадэль Канцэпцыi развіцця юрыдычнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь да 2025 года, грунтоўна ўдасканалена работа Саветаў па абароне дысертацый, створаны i паспяхова развiваюцца навуковыя юрыдычныя часопісы.


Паважаны
Сяргей Аляксандравiч!
Як вядомы вучоны-юрыст i патрыёт сваёй Радзiмы, Вы заўсёды займаеце актыўную грамадзянскую пазiцыю: пастаянна ўдзельнічаеце ў праватворчай дзейнасці, з’яўляецеся кіраўніком групы экспертаў у галіне права пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, членам шэрагу навукова-кансультатыўных саветаў і кваліфікацыйных камісій; цесна супрацоўнічаеце з Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам юстыцыi Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь і інш. Такое актыўнае ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі дазволіла Вам стварыць уласную канцэпцыю прававога мадэлявання ў праватворчай дзейнасці, распрацаваць шэраг патэнтаў і карысных мадэляў.

 

Дзверы ў Ваш кабінет ніколі не зачыняліся. Да Вас, як да самага адкрытага Дэкана, мог зайсці любы чалавек – прафесар, дацэнт, малады выкладчык, аспiрант, студэнт, абітурыент з бацькамі, любы супрацоўнік БДУ, выпускнiк, калега. І для кожнага ў Вас знаходзіліся патрэбныя словы і неабходныя рашэнні!

 

12903 1Дарагі Сяргей Аляксандравіч, Вы як руплівы і дбайны бацька пакідаеце нам багатую спадчыну і ўзор сапраўднага кіраўніка. Як запісана ў Святой Бібліі: «Усяму свой час». Быў шчаслівы час, калі Вы кіравалі факультэтам, і наступае больш шчаслівейшы час, калі Вы можаце, як сапраўдны земляроб, скарыстацца вынікамі сваёй працы!

 

Дазвольце ў гэты час выказаць шчырую ўдзячнасць за Вашы прафесійныя, навуковыя і чалавечыя якасці і пажадаць Вам моцнага здароўя, доўгіх год жыцця і далейшай працы на карысць нашага факультэта, універсітэта і роднай Беларусі! 

Калектыў юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
20 сакавіка 2020 г.

 

Фота: архіў факультэта
Апрацоўка: Л. В. Бяляева