Вытокі юрыдычнай школы на землях Беларусі

Жыццёвая неабходнасць эфектыўнага функцыяніравання дзяржавы і грамадства, патрэбы заканатворчай і правапрымяняльнай дзейнасці заўсёды стымулявалі навуковую дзейнасць у галіне права. Вытокі беларускай юрыдычнай навукі знаходзяцца ў далёкай старажытнасці. З узнікненнем дзяржаў і пісьменства на тэрыторыі Беларусі з’явілася і патрэба ў асобай групе людзей – тлумачальнікаў звычаяў і адначасова распрацоўшчыкаў новых норм. Пазней, калі старажытныя беларускія землі сталі палітыка-эканамічным цэнтрам буйной феадальнай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага, узнікла і рэалізавалася неабходнасць у прафесійных юрыстах – суддзях, адвакатах і г.д. Асабліва гэта праявілася ў ХVI ст., калі ў дзяржаве прайшоў шэраг рэформ – зямельная, адміністрацыйна-тэрытарыяльная, судовая, адукацыйная і інш.

 Мікалай Радзівіл Чорны (1515 – 1565). Павялічыць.Гэтаму працэсу асабліва садзейнічала і развіццё палітыка-прававой думкі, якая паслужыла тэарэтыка-ідэалагічнай падставай узнікнення новай, больш прагрэсіўнай грамадскай правасвядомасці. У ХVI ст. шэраг знакамітых юрыстаў (Францыск Скарына, Міхалон Літвін, Сымон Будны, Андрэй Волан, Мікалай Радзівіл Чорны, Васіль Цяпінскі, Астафій Валовіч, Леў Сапега і інш.) на падставе папярэдніх навуковых напрацовак даследавалі праблемы дзяржавы і права, выносілі прапановы па іх ўдасканаленню.
Актывізацыя навуковай дзейнасці была выклікана практычнымі патрэбамі заканатворчасці, што і знайшло адлюстраванне ў правядзенні на працягу ХVI ст. некалькіх агульных кадыфікацый заканадаўства.  Васіль Цяпінскі (каля 1540 – каля 1603). Павялічыць.

Сапраўднай рэвалюцыяй у праватворчасці было выданне ў Вялікім княстве Літоўскім, Рускім, Жамойцкім статутаў 1529, 1566, 1588 гг. – першых у Еўропе такога ўзроўню зводаў законаў, заснаваных на мясцовым звычаёвым праве, традыцыях народа і напісаных на старажытнай беларускай мове. Менавіта гэта мела важнае значэнне, бо на той час большасць еўрапейскіх дзяржаў карысталася рымскім правам і лацінскай мовай. Сістэматызацыя заканадаўства патрабавала перапрацоўкі вялікай колькасці назапашанага ў дзяржаве нарматыўна-прававога матэрыялу, што якраз і павялічвала каштоўнасць нацыянальнага права, пашырала сферу дзейснай юрыспрудэнцыі.

Старонка Статута ВКЛ 1588 г. Павялічыць.З увядзеннем у дзеянне Статута 1529 г. узнікла яшчэ большая патрэба ў тэарэтычным асэнсаванні вынікаў правапрымянення, у выпрацоўцы новых тэарэтычных ідэй і прававых тэорый. Гэты працэс і знайшоў адлюстраванне ў шматлікіх навуковых працах беларускіх мысліцеляў, асветнікаў і правазнаўцаў. У ХVI ст. на Беларусі сфарміравалася кола дзеячаў, якія імкнуліся аб’яднаць тэорыю юрыдычнай навукі з практыкай. Важным накірункам іх дзейнасці стала падрыхтоўка асобных нарматыўных актаў і кадыфікаванага заканадаўства. У гэтым плане асаблівае (у тым ліку і агульнаеўрапейскае) значэнне мела тэарэтычная і практычная дзейнасць Мікалая Радзівіла Чорнага і Астафія Валовіча па падрыхтоўцы і рэдагаванню Статута 1566 г., а таксама Астафія Валовіча і Льва Сапегі па падрыхтоўцы Статута 1588 г. – сапраўднай канстытуцыі дзяржавы, які фактычна замацаваў суверэнітэт Вялікага княства Літоўскага насуперак Люблінскай уніі. Акрамя таго, Л. Сапега быў адным з ініцыятараў стварэння ў 1581 г. Галоўнага суда (Трыбунала) дзяржавы – адной з першых у Еўропе вышэйшых апеляцыйных судовых інстанцый, а таксама аўтарам выдадзенага ў 1616 г. працэсуальнага кодэкса «Спосаб разгляду спраў у Трыбунале». Л. Сапега выступаў за юрыдычную адукацыю народа і менавіта з гэтай мэтай на свае сродкі выдаў Статут 1588 г. друкаваным спосабам.  Канцлер Вялікага княства Літоўскага, Вялікі гетман літоўскі Леў Сапега (1557-1633). Павялічыць.Пашырэнне ў ХVI ст. сферы прававога рэгулявання, а таксама рэформа судовай сістэмы, у выніку якой былі створаны выбарныя, аддзеленыя ад выканаўчай улады суды для шляхецкага саслоўя (узнік інстытут прафесійных суддзяў), павялічвалі патрэбу ў прафесійных юрыстах. Тым больш, што пачаў фарміравацца і інстытут прафесійнай адвакатуры, што знайшло адлюстраванне ў статутах. Так, Статут 1588 г. ужо даволі падрабязна рэгламентаваў правы і абавязкі адвакатаў. Удовам, сіротам і бедным людзям адвакаты павінны былі прызначацца бясплатна. Закон патрабаваў таксама нават у органы мясцовага кіравання выбіраць асоб «в праве умеетных».

Падрыхтоўка юрыдычных кадраў ішла рознымі шляхамі. Частку юрыстаў рыхтавалі заходнееўрапейскія (Балонскі, Вітэнбергскі, Кракаўскі, Падуанскі, Пражскі) універсітэты, дзе з сярэдзіны ХV ст. павялічылася колькасць кафедраў рымскага права. З вяртаннем дыпламаваных спецыялістаў у Вялікае княства Літоўскае прыўносіліся перадавыя прававыя ідэі.

Гісторыкі звязваюць пачатак юрыдычнай адукацыі на Беларусі з прыватнай прававой школай гішпанца Педра Руіз дэ Мароз. Ён прыехаў у Вільню ў 1551 г. і выдаў сваё даследаванне Decisiones Petri Royzii Mavrei Alcagnicen. Regii iureconsulti de rebus in sacro auditorio Lituanico ex appellatione iudicatis, у якім ён уздымаў праблемы эутаназіі, смяротнага пакарання, маральнага ўрону і інш. У 1567 г. П. Руіз быў прызначаны кіраўніком школы пры касцёле Св. Яна, якая была арганізавана ў вышэйшую прававую школу гімназічнага тыпу. Дадзеная школа (Святаянская школа цывільнага права) і стала першай спецыяльнай юрыдычнай навучальнай установай у Вялікім княстве Літоўскім. Заснавальнік выкладаў у школе рымскае права, права статутаў ВКЛ, саксонскае права і магдэбурскае права. Яе выпускнікі працавалі ў судах і іншых установах. На жаль, школа праіснавала да смерці свайго заснавальніка (каля 1571 г.)

Веды ў галіне права можна было атрымаць таксама ў кальвінісцкіх і арыянскіх школах, якія існавалі на Беларусі ў перыяд Рэфармацыі. У прыватнасці права выкладалі ў Слуцкім кальвінісцкім вучылішчы, у арыянскіх школах у Іўі, Клецку, Койданаве, Любчы, Лоску, Нясвіжы, Навагрудку і інш. Аднак гэтыя цэнтры падрыхтоўкі юрыстаў не маглі поўнасцю задаволіць патрэбу ў кадрах і таму апошнія рыхтавалася ў прыватных школах (палестрах), г. зн. праходзілі тэарэтыка-практычную падрыхтоўку ў вопытных юрыстаў-практыкаў.

Беларускі першадрукар і асветнік Францыск Скарына (каля 1490 – каля 1551) Павялічыць.Павышэнне інтарэсу да прававой адукацыі выклікала і выданне спецыяльнай юрыдычнай літаратуры. Па звестках А. Анушкіна, у друкарнях Вялікага княства Літоўскага ў ХVI ст. было надрукавана 16 юрыдычных кніг. Выдаваліся друкаваным спосабам і заканадаўчыя акты. Пачынальнікам кнігадрукавання і адным з першых распрацоўшчыкаў беларускай прававой навукі з’яўляецца Фрынцыск Скарына, дзяржаўна-прававыя ідэі якога грунтаваліся на глыбокім аналізе сусветнай гісторыі. У сваіх творах Францыск Скарына выказаў меркаванні аб ролі народа, народным суверэнітэце, справядлівасці закона, адпаведнасці яго мясцовым звычаям і накіраванасці на карысць усяго народа і г.д., якія пераклікаліся з тэорыяй натуральнага права. Францыск Скарына прымаў удзел у падрыхтоўцы Статута Вялікага княства Літоўскага 1529 г. Яго ідэі, якія знайшлі адлюстраванне ў законе, аказалі значны ўплыў на далейшае развіццё не толькі беларускай палітыка-прававой думкі, але і агульнаеўрапейскай.

Віленскі ўніверсітэт у XVIII ст. Павялічыць.Актывізацыя на Беларусі рэфармацыйных, рэнесансных і гуманістычных тэндэнцый мела вынікам узмацненне свецкай інтэрпрэтацыі палітыка-прававых інстытутаў, у тым ліку і свецкую трактоўку натуральнага права, што знайшло адлюстраванне ў навуковых працах Андрэя Волана, Аарона Алізароўскага і іншых мысліцеляў. Так, у трактаце А. Волана «Аб палітычнай або грамадзянскай свабодзе» падкрэсліваецца, што імкненне да свабоды з’яўляецца важнейшай натуральнай уласцівасцю чалавека, абараняць якую і прызначана права.

Дзякуючы каралю Рэчы Паспалітай Стэфану Баторыю, на беларускіх землях у 1579 годзе была створана першая ўстанова вышэйшай адукацыі – Віленская езуіцкая акадэмія (вядомы як калегіум з 1570 г.), – у якой вывучалася ў тым ліку і кананічнае права. Прывелей Стэфана Баторыя (зацверджаны 30.10.1579 булай папы Грыгорыя ХIII), якім калегіум быў ператвораны ў акадэмію, даў магчымасць прысвойваць вучоныя ступені, мець выбарную адміністрацыю, правы ўласнай юрысдыкцыі. Аднак у акадэміі не было асобнага факультэта права. Згодна з дакумеентамі, якія захоўваюцца ў архівах езуітаў у Рыме, яшчэ ў 1618 г. Іеранім Валовіч уздымаў пытанне аб адкрыцці факультэтаў права і медыцыны і выдаткаванні дзеля гэтага адпаведных сродкаў. Аднак, толькі дзякуючы намаганням епіскапа Астафія Валовіча в 1622 г. кіраўніцтва ордэна езуітаў выдала дазвол на адкрыццё названых факультэтаў у Вільні.

 Помнік першаму рэктару Віленскай акадэміі Пятру Скарге ў Кракаве. Павялічыць. Падканцлер Вялікага княства Літоўскага Казімір Леў Сапега (1609-1666). Павялічыць.Першым рэктарам акадэміі стаў ідэолаг контррэфармацыі, знакаміты мысліцель Пётр Скарга. Акадэмія мела філасофскі і тэалагічны факультэты. На першым выкладаліся ўсе гуманітарныя і прыродазнаўчыя навукі таго часу: фізіка, метафізіка, матэматыка, логіка, рыторыка, паэтыка, геаграфія, старажытныя і новыя мовы; на другім – свяшчэннае пісанне, тэалогія, казуістыка і кананічнае права. Вывучалася таксама беларуская мова. З 1641 года ў складзе акадэміі дзейнічаў юрыдычны факультэт. Яго заснавальнікам быў сын Льва Сапегі – Казімір Леў Сапега, падканцлер Вялікага княства Літоўскага. Матэрыяльную падтрымку акадэміі аказвалі каталіцкая царква і мясцовыя феадалы. Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў IV Ваза ў сваім прывілеі пацвердзіў усе правы, дадзеныя раней акадэміі, а таксама пажадаў, каб у ёй “публічна выкладаліся курсы кананічнага і цывільнага права і каб тым, хто праявіць сябе належным чынам падрыхтаваным па гэтых навуках, прысуджаліся ўсе навуковыя ступені, якія прысуджаюцца ў другіх акадэміях і ўніверсітэтах” (прывілей ад 11 кастрычніка 1641 г.). Казімір Леў Сапега выдаткаваў езуітам на заробкі прафесарам 30 000 залатых манет і 15 000 залатых манет на набыццё надзела для будучага будынка факультэта.
У 1644 г. у Вільню прыбылі першыя два прафесара права з універсітэта Інгольштату з Баварыі: Ян Георг Шауэр (спецыяліст у кананічным праве) і Сымон Дыльгер (эксперт у цывільным праве). Жыхары горада і студэнты сустракалі прафесараў ля гарадской брамы і правялі іх да самага касцёла Св. Яна, дзе іх віталі і адслужылі імшу. С. Дыльгер і стаў першым дэканам юрыдычнага факультэта.

Сімяон Полацкі (1629-1680). Павялічыць. Мялецій Сматрыцкі (каля 1570 - 1633). Павялічыць.У акадэміі дзейнічалі дзве кафедры кананічнага і дзве грамадзянскага права. Паводле прыблізных падлікаў з 1583 па 1781 г. акадэмія прысвоіла сваім выпускнікам 4076 навуковых ступеняў, у тым ліку 149 – па праву. Сярод найбольш вядомых выпускнікоў акадэміі – Мялецій Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, Мацей Сарбеўскі, Альберт Каяловіч, Аарон Алізароўскі.

У 1677 годзе адчынена кафедра палітыкі. Адкрыццё і дзейнасць юрыдычнага факультэта ў Віленскай езуіцкай акадэміі садзейнічала эфектыўнаму прававому рэгуляванню грамадскіх адносін у Вялікім княстве Літоўскім, стымулявала развіццё палітыка-прававой думкі.

З роспускам ордэна езуітаў Віленская езуіцкая акадэмія перайшла пад апеку Адукацыйнай камісіі і ў 1781 г. была пераўтворана ў Галоўную школу Вялікага княства Літоўскага, пасля падзелу Рэчы Паспалітай – Галоўную Віленскую школу, а ў 1803 годзе – Віленскі ўніверсітэт. Ва ўніверсітэце дзейнічала чатыры факультэта: маральных і палітычных навук, фізіка-матэматычным, медыцынскім, літаратурным і вольных мастацтваў. Выкладалі ў ім 34 прафесары і 12 ад’юнктаў (памочнікаў прафесараў). Вучоныя-грамадазнаўцы распрацоўвалі не толькі гістарычныя праблемы, звязаныя з мінулым Беларуска-Літоўскай дзяржавы, але і гісторыка-прававыя. Пра гэта сведчаць працы І. Анацэвіча, М. Баброўскага, І. Даніловіча, І. Лялевеля, Т. Чацкага, Ю. Ярашэвіча. У апошнія гады існавання ўніверсітэта з 47 прафесараў 36 былі ўраджэнцамі Беларусі і Літвы. З яго сцен выйшлі такія вядомыя вучоныя, грамадскія дзеячы і пісьменнікі, як А. Міцкевіч, Ю. Славацкі, Ю. Крашэўскі, І. Даніловіч, І. Дамейка, Т. Зан, Я. Чачот і інш. Ва ўніверсітэце ўзніклі тайныя таварыствы, ён стаў калыскай будучых арганізатараў і ўдзельнікаў паўстання 1830–1831 гг., у сувязі з чым спецыяльным указам расійскага імператара Мікалая I ад 1 мая 1832 г. быў закрыты. Тым самым навуковыя даследаванні права на Беларусі былі прыпынены.

29.5.(10.6.) 1812 г. у Полацку на базе Полацкага езуіцкага калегіума (сярэдняй навучальнай установы; існавала з 1580 г.) была адкрыта Полацкая езуіцкая акадэмія – вышэйшая навучальная ўстанова, надзеленая правамі ўніверсітэта. Яна мела тры факультэты: філасофскі, тэалагічны, вольных навук, старажытных і сучасных моў. Сярод 39 выкладчыкаў былі не толькі выхадцы з заходнееўрапейскіх краін, але і ўраджэнцы Беларусі – прафесары В. Бучынскі, Н. Гаўрылевіч і інш. Акадэмія мела права прысвойваць навуковыя ступені магістраў вольных навук і філасофіі, дактароў тэалогіі, грамадзянскага і кананічнага права. Выкладанне вялося па падручніках еўрапейскіх універсітэтаў, а таксама па ўласных падручніках, якія выдаваліся ў акадэмічнай Полацкай друкарні. У 1820 г. акадэмія была закрыта, частка студэнтаў пераведзена ў Пецярбургскі ўніверсітэт.

Андрэй Тадэвуш Бенавентура Касцюшка (1745 – 1817). Павялічыць.Шмат зрабіла ў галіне адукацыі і навукі заснаваная ў 1770-я гг. Адукацыйная камісія Рэчы Паспалітай – першае ў Еўропе міністэрства адукацыі. У склад яе ўваходзілі такія знакамітыя вучоныя і палітычныя дзеячы, як І. Храптовіч, Т. Патоцкі, М. Пачобут, Г. Калантай, Я. Снядэцкі. Заслугай яе з’яўляецца ў тым ліку і выданне васьмі тамоў «Валюміна легум» – храналагічнага збору законаў, соймавых пастаноў і іншых нарматыўных актаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Польшчы, Беларусі, Літвы і правабярэжнай Украіны з 1347 да 1793–95 гг. Вынікам узаемадзеяння навукі і практыкі стала прыняцце соймам Рэчы Паспалітай у 1791 г. «Закона аб урадзе», вядомага як Канстытуцыя 3 мая, якая з’яўлялася фактычна адной з першых канстытуцый у гісторыі чалавецтва.

Кастусь Каліноўскі (1838 – 1864). Павялічыць.Юрыдычныя праблемы, у тым ліку датычныя прававой гісторыі Беларусі, з часу закрыцця Віленскага ўніверсітэта даследаваліся ва ўніверсітэтах Пецярбурга, Масквы, Кіева, Варшавы. Многія беларусы пакідалі Айчыну: выехалі ў заходнееўрапейскія краіны, у Расію, дзе атрымлівалі вышэйшую адукацыю і аддана служылі новай радзіме. Некаторыя з іх унеслі значны ўклад у развіццё расійскай прававой навукі (напрыклад, шырокавядомыя вучоныя У. Спасовіч і Л. Петражыцкі), іншыя ж пайшлі па шляху змагання супраць самаўладдзя. Так, адзін з прыхільнікаў рэвалюцыйна-дэмакратычных ідэй Кастусь Каліноўскі, які скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта і атрымаў ступень кандыдата права, стаў кіраўніком нацыянальна-вызваленчага паўстання 1864 г. у Беларусі і Літве.

На пачатку ХIХ ст. праблемы права актыўна даследавалі такія ўраджэнцы Беларусі, як І. Даніловіч, Т. Нарбут, Ю. Ярашэвіч. Асаблівая заслуга ў даследаванні прававой гісторыі Беларусі належыць І. Даніловічу, які з верасня 1814 г. пачаў выкладаць у Віленскім універсітэце мясцовае (беларуска-літоўскае) права. У 1821 г. ён быў запрошаны на працу ў камісію Сперанскага па кадыфікацыі права для падрыхтоўкі Зводу законаў Заходніх губерняў, які меркавалі ўключыць у Звод законаў Расійскай імперыі. З 1835 г. ён займаў пасаду дэкана юрыдычнага факультэта Кіеўскага ўніверсітэта, з 1839 г. працаваў у Маскоўскім універсітэце.

Значная заслуга ў развіцці юрыдычнай навукі (у тым ліку і ў даследаваннях гісторыі права) належыць прадстаўнікам кіеўскай школы: М. Іванішаву, М. Кастамараву, В. Антановічу, М. Уладзімірскаму-Буданаву і інш. Да гэтай школы належыць і знакаміты беларускі вучоны М. Доўнар-Запольскі, аб’ектыўная і навуковая ацэнка шматлікіх прац якога, а таксама публікацыя іх («Асновы дзяржаўнасці Беларусі», 1919; «Гісторыя Беларусі», 1994 і інш.) стала магчымай толькі ў наш час.

Старонкі віртуальнага музея юрыдычнага факультета:
-- Вытокі юрыдычнай школы на землях Беларусі
-- Першыя крокі па аднаўленню вышэйшай юрыдычнай адукацыі на Беларусі
-- Установа вышэйшай юрыдычнай адукацыі БССР
-- Пасляваенная адбудова і ўздым беларускай прававой навукі
-- Сучаснае развіццё юрыдычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта
-- Знакамітыя выпускнікі юрыдычнага факультэта
-- Кіраўнікі факультэта