«Востраў ЮфЪ» на XIII Міжнароднай спецыялізаванай выставе «СМІ ў Беларусі»
Удзел у мерапрыемстве прынялі каля 800 экспанентаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Польшчы, Індыі і іншых краін. Сярод іх – друкаваныя і электронныя СМІ, інфармацыйныя агенствы, інтэрнет-правайдэры, рэкламныя арганізыцыі, выдавецтвы, друкарні і... “Востраў ЮфЪ”.
З прычыны таго, што студэнцкія СМІ зараз займаюць асобнае месца ў інфармацыйнай прасторы Беларусі, ужо другі год на выставе «СМІ ў Беларусі» існуе секцыя “Прэса дзяржаўных ВНУ”, адным з першапраходцаў у якой стаў БДУ і ў тым ліку і юрыдычны факультэт.
У гэтым годзе Беларускі дзяржаўны універсітэт прэзентаваў на выставе вялікую экспазіцыю, у склад якой увайшлі газета “Універсітэт”, часопіс “Веснік БДУ”, лепшыя газеты факультэтаў і студгарадка.
Нягледзячы на накіраванасць студэнцкай прэсы да адносна нешырокага колу чытачоў – пераважна студэнцтва, – экспазіцыя выклікала вялікую цікавасць з боку гасцей і наведвальнікаў выставы. Былыя выпускнікі БДУ і юрфака ўзгадвалі маладосць і студэнцкія гады; абітурыентаў цікавіла, што ж на самой справе ўяўляе сабой студэнцкае жыццё; а сучасныя студэнты БДУ проста радаваліся, што газеты іх ВНУ і факультэтаў, дзякуючы выставе, вядомы і па-за сценамі alma mater.
У наступным годзе Міжнародная спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі» зноў адчыніць свае дзверы і можна спадзявацца, што Студэнцкі інфармацыйны цэнтр БДУ і прадстаўнікі факультэтаў зробяць усё, каб экспазіцыя БДУ стала яшчэ больш цікавай і арыгінальнай. Так што чакаем усіх на наступнай выставе!)
Жарылоўская Марыя