Віншуем Алену Іванаўну Арлоўскую з Днём нараджэння!
6 ліпеня святкуе Дзень нараджэння Алена Іванаўна Арлоўская, дацэнт кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права.
Алена Іванаўна нарадзілася ў г. Мінску, але пасля доўгі час жыла ў г. Брэсце, дзе ў органах пракуратуры працаваў яе бацька. Пасля заканчэння сярэдняй школы пытанне аб выбары далейшага лёсу не стаяла – юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ўжо доўгі час славіўся сваёй навукова-педагагічнай дзейнасцю. І ўжо студэнтка акунулася ў складаны і цікавы працэс атрымання адукацыі. Дыплом з адзнакай – гэта заслужаны вынік плённай вучобы, а ў дадатак да гэтага і мэтавая рэкамендацыя ў аспірантуру.
Але паміж заканчэннем універсітэта і ўступнымі іспытамі заўсёды ёсць пэўны час, і у тым ліку, каб пакаштаваць рэальнай практыкі і зрабіць ужо больш сумленны выбар. Таму Алена Іванаўна пэўны час працуе ў якасці адваката-стажора Брэсцкай юрыдычнай кансультацыі, а потым пасля бліскуча зданых экзаменаў у лістападзе 1979 г. залічваецца ў дзённую мэтавую аспірантуру Інстытута дзяржавы і права Акадэміі навук СССР.
Трэба адзначыць, што найбольш яскравымі асабістымі рысамі Алены Іванаўны з’яўляюцца высокае пачуццё справядлівасці, сціпласць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу і высокасумленнае стаўленне да працы. Схалявіць, схавацца за плячыма калег – гэта не для нашай імянінніцы. І вось 19 студзеня 1983 года ў працоўнай кніжцы з’яўляцца запіс, якому заўсёды зайздросцяць аспіранты і саіскальнікі: “адлічана па заканчэнню тэрміну навучання і ў сувязі з прадстаўленнем дысертацыі да абороны”. Але паспяховая абарона – гэта не толькі праца аднога чалавека. Які б добры не быў вучань – павінен быць настаўнік, якім для Алены Іванаўны стала Салаўёва Соф’я Уладзіміраўна, доктар юрыдычных навук, прафесар, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута дзяржавы і права АН СССР.
І вось ужо малады кандыдат навук вяртаецца на Бацькаўшчыну – з 17 мая 1983 года малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі і права Акадэміі навук БССР працягвае сваю навуковую дзейнасць. Кар’ера ідзе сваім ходам – з 1985 года мяняецца пасада – старшы навуковы супрацоўнік. Пачынаюцца змены ў краіне, Беларусь набывае незалежнасць, фарміруецца самастойная прававая сістэма – і шматлікія супрацоўнікі Інстытута філасофіі і права ідуць працаваць у дзяржаўныя органы і навучальныя установы. І Алена Іванаўна па прапанове свайго былога загадчыка сектара, які ўзначаліў з 1988 года кафедру тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, Абрамовіча Аляксандра Міхайлавіча, з 1994 года становіцца супрацоўнікам юрыдычнага факультэта.
На факультэце раскрываюцца яе педагагічныя рысы, бо працаваць могуць многія, але перадаць навыкі іншым, перадаць так, каб студэнт любіў твой прадмет, асабліва калі гэта “непатрэбная нікому гісторыя”, як вельмі часта любяць казаць практыкі, патрабуючы больш гадзін на вывучэнне заканадаўства і не разумеючы, што толькі веданне гісторыі, і нацыянальнай, і сусветнай, аднознівае рамесніка (анічога асабістага – толькі бізнес) ад сапраўднага патрыёта. Асабліва вялікай павагай Алена Іванаўна карыстаецца сярод студэнтаў-замежнікаў, якім яна чытае курс Гісторыі дзяржавы і права Беларусі, тлумачыць нашы асабістыя і агульныя традыцыі дзяржаўнасці і права.
Да таго ж, Алена Іванаўна шчаслівая жонка і маці.
Шаноўная Алена Іванаўна!
Шчыра віншуем Вас з Днём нараджэння! У гэты святочны ліпеньскі дзень хочацца сказаць Вам шмат добрых словаў. Няхай кожны дзень прыносіць яркія ўражанні і незабыўныя падзеі!
Жадаем Вам моцнага здароўя, шчасця, заўсёды цудоўнага настрою і творчага натхнення!
З павагай, калектыў кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права.
Адміністрацыя сайта ад імя ўсіх супрацоўнікаў юрыдычнага факультэта далучаецца да шчырага віншавання калег з кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, а таксама нагадвае, што ўсе, хто жадае, маюць магчымасць павіншаваць Алену Іванаўну ў гасцёўні сайта.
Над віншаваннем працавалі – супрацоўнікі кафедры
Фота – з архіву кафедры. Кветкі – з сайта http://bipbap.ru
Апрацоўка – В. М. Знак