Віншуем Наталлю Уладзіміраўну Хват з днём нараджэння!

11010 111010 227 чэрвеня адзначала свой дзень нараджэння вядучы спецыяліст кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Наталля Уладзіміраўна Хват.

Наталля Уладзіміраўна толькі пяць год працавала на юрыдычным факультэце, але за гэты час яна стала сапраўднай Ханум для нашай кафедры, бо змагла  метадычна правільна і па-чалавечы карэктна ўтаймаваць стыхію навуковых супрацоўнікаў, якія з лёгкасцю могуць прачытаць некалькі лекцый на складаныя тэмы, падрыхтаваць водгук на дысертацыю або заключэнне на законапраект, але запоўніць своечасова картку № 1 або № 2, перапрацаваць адпаведную вучэбна-метадычную дакументацыю – амаль што непад’емная праца для выкладчыка вышэйшай школы.

Вопыт нашага імянінніка стаў вельмі карысным для ўсіх нас. З аднога боку, пэўнае пакаленне юрыстаў здавалі ў якасці ўступных іспытаў матэматыку і вывучалі гэты прадмет падчас атрымання вышэйшай юрыдычнай адукацыі. Гэта не спрыяла любові юрыстаў да матэматыкі. З другога боку, хто з вучоных і прафесарска-выкладчыцкага складу вышэйшай школы (кладучы руку на сэрца) любіць займацца метадычнай справай, бо адаптаваць навуковыя і практычныя веды ў адэкватна праведзеную лекцыю або семінарскі занятак – гэта вельмі і вельмі цяжкая праца.


І вось у верасні 2013 года на кафедру прыходзіць былы выпускнік механіка-матэматычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, чалавек з выдатным аналітычным, алгарытмічным і лагічным мысленнем.


Прыходзіць настаўнік матэматыкі сярэдняй школы, спецыяліст, які шмат год закладваў першасныя веды па “царыцы навук” будучым геніям інфарматыкі і прыкладной матэматыкі, якія потым праявілі сябе ў галіне высокіх тэхналогій.

Прыходзіць загадчык сектара павышэння кваліфікацыі перадатэстацыйнай падрыхтоўкі Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, які разумее ўсю складанасць пераходу маладога вучонага і выкладчыка на наступную ступень кваліфікацыі, калі такі пераход залежыць не толькі ад узроўню ведаў, але і ад належна і своечасова аформленых дакументаў, ад унутранай самадысцыпліны і жадання заўсёды ісці наперад.

Прыходзіць метадыст Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, які здольны дапамагчы любому маладому (і вопытнаму таксама) спецыялісту правільна размеркаваць час вучэбных заняткаў паміж тэмамі, пытаннямі, формамі выкладання матэрыялу і кантролю ведаў.

11010 3Такім чынам, да нас прыйшоў спецыяліст, які можа разабрацца ва ўсіх складаных пытаннях, Асоба з вялікай літары, якая, здаецца разумее ўсё на свеце, супрацоўнік, які па-мацярынску, з дабрынёй і цярплівасцю, увагай і клопатам ставіцца да кожнага з супрацоўнікаў кафедры, які змог рэалізаваць на кафедры стары прынцып шчасця, калі мы з радасцю ідзём на працу, і з радасцю вяртаемся дадому.

Наталля Уладзіміраўна валодае цудоўнай здольнасцю знаходзіць для кожнага з нас, якія, як тыя саломіны ў віру, нясуцца ў бясконцай плыні праблем і клопатаў, нешта добрае і сапраўды значнае.

Вашы мудрасць і прафесіяналізм, далікатнасць і жыццёвы вопыт не раз дапамагалі нам у складаных сітуацыях, а Ваша ўважлівасць і неканфлікнасць, здольнасць паладзіць з кожным (што вельмі цяжка сярод навукоўцаў) дапамаглі стварыць на кафедры цёплыя і сяброўскія адносіны.

 

Шаноўная Наталля Уладзіміраўна,
дазвольце яшчэ раз праз сайт юрыдычнага факультэта павіншаваць Вас з Днём нараджэння,
пажадаць моцнага здароўя, шчасця, сонечнага настрою і Божыіх блаславенняў.

Даражэнькая Ханум, мы Вас любім і зноў чакаем да нас!

 

Віншаванне падрыхтавана супрацоўнікамі кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права.

 

Фота - з архіва кафедры. Кветкі - І. Козікава, В.М.Знак
Апрацоўка – В.М.Знак