Аляксандру Якаўлевічу Ляскову – 45 год!
24 жніўня святкуе свой дзень нараджэння дацэнт кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта Аляксандр Якаўлевіч Ляскоў.
Аляксандр Якаўлевіч нарадзіўся ў г. Маладзечна у сям’і выкладчыкаў, а потым з бацькамі пераехаў у Мінск, дзе паспяхова скончыў сярэднюю школу № 153.
У 1990 годзе наш імяніннік стаў студэнтам юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэта быў апошні год, калі абітурыенты здавалі ў якасці ўступных іспытаў гісторыю і грамадазнаўства. Гэты год таксама характарызаваўся выкрыццём белых плямаў у нашай гісторыі, увядзенем у навуковы абарот новых фактаў, канцэпцый і імёнаў. Зразумела, што глыбокія веды былога школьніка ў галіне гісторыі не дазволілі яму абмінуць кафедру тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, на якой працаваў выбітны знаўца айчыннай гісторыі доктар юрыдычных навук, прафесар Іосіф Аляксандравіч Юхо (1921 – 2004).
З гэтым іменем і былі звязаны далейшыя навуковыя дасягненні Аляксандра Якаўлевіча, які пасля заканчэння з адзнакай юрыдычнага факультэта (1995 г.) паступіў ў аспірантуру кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права па спецыяльнасці “гісторыя дзяржавы і права Беларусі”, а пасля ў 1999 г. паспяхова абараніў дысертацыю на тэму “Прававыя і палітычныя ідэі ў Беларусі ў канцы XVIII стагоддзя”.
Глыбокія тэарэтычныя і практычныя веды маладога кандыдата навук спатрэбіліся на дзяржаўнай службе і з 1999 года ён стаў саветнікам-кансультантам галоўнага ўпраўлення па ўзаемаадносінах з органамі заканадаўчай і судовай улады Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дзе працаваў пад кіраўніцтвам Намесніка Главы Адміністрацыі, Заслужанага юрыста Рэспублікі Беларусь, доктара юрыдычных навук, прафесара А.М. Абрамовіча, які адначасова ўзначальваў нашу кафедру з 1989 па 2008 гады.
Аляксандр Якаўлевіч працаваў на розных пасадах у Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да 2013 года, калі перайшоў працаваць у Сакратарыят Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь.
Дзяржаўная служба была важнай, але не адзінай сферай дзейнасці імянінніка. Закон дазваляе дзяржаўным службоўцам займацца навукова-даследчай і выкладчыцкай дзейнасцю, і Аляксандр Якаўлевіч пасля абароны дысертацыі паралельна з працай у Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з’яўляецца штатным сумяшчальнікам нашай кафедры.
У 2017-2018 навучальным годзе А.Я. Ляскоў перайшоў працаваць на кафедру па асноўнай пасадзе. За гэты час ён паспеў праявіць сябе як таленавіты выкладчык, глыбокі навукоўца, адказны арганізатар, кваліфікаваны куратар і добры калега. Але, гэтыя якасці зноў спатрэбіліся на дзяржаўнай службе, і імяніннік з сакавіка 2018 года зноў стаў працаваць ў Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, працягваючы сваю выкладчыцкую дзейнасць.
Мы ўсе ведаем нашага калегу як сціплага і добразычлівага, ветлівага і адказнага чалавека, як асобу, якая, маючы сур’езны вопыт кіраўніка, імкнецца рэалізаваць медыятыўныя практыкі, як сапраўднага патрыёта нашай Бацькаўшчыны і юрыдычнага факультэта, як шчаслівага мужа, бацьку, сына і проста сябра.
Дарагі Аляксандр Якаўлевіч, мы шчыра жадаем Вам усяго самага найлепшага, моцнага здароўя, шчасця і Божыіх блаславенняў.
Мы ганарымся тым, што працуем з Вамі ў адным калектыве.
З павагай
супрацоўнікі кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта
Фота - з архіва кафедры. Кветкі - Вераніка Бічун.
Апрацоўка - В.М.Знак