Аляксандр Міхайлавіч Абрамовіч. Непапраўная страта і вялікі сум юрыдычнай супольнасці

113301 снежня 2018 года спынілася сэрца Аляксандра Міхайлавіча Абрамовіча, выбітнага дзяржаўнага дзеяча, вялікага вучонага, яскравага выкладчыка, мудрага навуковага кіраўніка, узорнага сем’яніна і сапраўднай Асобы з вялікай літары.

Няма слоў, каб выказаць тое гора і смутак, які напаўняе нашыя сэрцы і душы, бо мы ўжо не зможам сказаць звычайны “дзякуй” Вялікаму чалавеку, які аддаваў усяго сябе служэнню Радзіме, Праву, юрыдычнай навуцы і адукацыі, які не шкадаваў часу і магчымасцяў, каб дапамагчы людзям. Ёсць пэўная сумная паралель: Вялікі Юрыст нашай Бацькаўшчыны пайшоў у лепшае жыццё перад прафесійным святам, Днём юрыста, усталяванню якога ён сам і спрыяў. І ўжо немагчыма сёння павіншаваць паважанага чалавека і выказаць яму ўсёй удзячнасці за тое, што ён рабіў для нас. Бо наступіла Вялікае Позна.

А.М. Абрамовіч нарадзіўся 10 красавіка 1944 года ў вёсцы Забалоцце Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Першапачаткова ён абраў для сябе сельскагаспадарчы напрамак адукацыі і скончыў Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці “аграном”. Праца ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці звярнула на сябе ўвагу кіраўніцтва, якое даручыла новую пасаду – інструктара Лідскага раённага выканаўчага камітэта, якая ўжо патрабавала юрыдычнай адукацыі. У 1973 годзе Аляксандр Міхайлавіч заканчвае юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і ўжо канчаткова звязвае лёс з юрыспрудэнцыяй, будучы накіраваным у аспірантуру Інстытута філасофіі і права Акадэміі навук БССР.

Звычка да упартай працы дае свае плённыя вынікі:

1977 г. – абарона дысертацыі на саісканне навуковай ступені кандыдата юрыдычных навук і пасада старшага навуковага супрацоўніка Інстытута філасофіі і права;

1985 г. – абарона дысертацыі на саісканне навуковай ступені доктара юрыдычных навук у Інстытуце дзяржавы і права Акадэміі навук СССР;

1988 г. – кіраўнік аддзела тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Інстытута філасофіі і права Акадэміі навук БССР і пераход на пасаду загадчыка кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У гэты час пад кіраўніцтвам А.М. Абрамовіча ў 1992 годзе ствараецца Савет па абароне дысертацый Д 02.01.01, старшынёй якога ён быў да 2006 года, фарміруецца навуковая школа, рэфармуецца юрыдычная адукацыя.

Адначасова А.М. Абрамовіч актыўна ўдзельнічае ў дзяржаўным і грамадскім жыцці:

1991–1992 гг. – член Камітэта канстытуцыйнага нагляду СССР, першай установы канстытуцыйнай юстыцыі;

1992–1996 гг. – старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь у самы лёсавызначальны час для нашай краіны;

1996–2004 гг. – намеснік Главы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. На гэтай пасадзе яскрава праявіліся такія рысы характару Аляксандра Міхайлавіча, як стратэгічнае бачанне, разуменне сутнасці геапалітычных і міжцывілізацыйных адносін, былі прынятыя тыя рашэнні, вынік якіх мы разумеем толькі зараз, бо наша краіна засталася  адной з нямногіх выспаў стабільнасці і законнасці на постсавецкай прасторы. Пры яго актыўным удзеле і фактычным тэарэтычна-канцэптуальным кіраўніцтве адбыліся важнейшыя мерапрыемствы па рэфармаванні прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь: унесены змены ў Канстытуцыю; праведзена актыўная кадыфікацыя заканадаўства, створаны механізмы і інструменты яго удасканалення; выбраны найбольш спрыяльныя мадэлі адносінаў з бліжэйшым саюзнікам – Расіяй;

2004–2008 гг. – намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Адначасова А.М. Абрамовіч быў членам Саветаў па абароне доктарскіх дысертацый па юрыдычных навуках пры БДУ, членам Прэзідыума ВАК Рэспублікі Беларусь, узначальваў Камісію пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па памілаванні, Камісію па грамадзянстве Рэспублікі Беларусь пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Прававы савет пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, дзяржаўную камісію па падрыхтоўцы і выданні Зводу законаў Рэспублікі Беларусь і г.д.

Ён з’яўляўся для ўсіх нас узорам: як вучоны і дзяржаўны дзеяч,  выкладчык і навуковы кансультант, кіраўнік і проста мудры чалавек.

11330 1Ад усяго сэрца выказваем шчырыя спачуванні родным і блізкім Аляксандра Міхайлавіча, але любыя словы не здольныя выказаць усе пачуцці.

Вечная памяць Аляксандру Міхайлавічу Абрамовічу, які назаўсёды застанецца з намі.

Ад імя калектыва юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта

С.А. Балашэнка, дэкан юрыдычнага факультэта, доктар юрыдычных навук, прафесар
С.А. Калінін, загадчык кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт 

фота з архіва факультэта. Кветкі - з сайта https://25mb.ru
Апрацоўка – Л.В.Бяляева