Памяці Сцяпана Рыгоравіча Драбязкі (1922 - 2019).

11820 13 лютага 2019 года на 97 годзе жыцця перастала біцца сэрца старэйшага прафесара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, патрыярха кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта  Сцяпана Рыгоравіча Драбязкі.

Няма тых слоў, каб выказаць наш боль і смутак. Бо ў гісторыю сыходзіць сапраўдная эпоха не толькі ў савецкай і беларускай нацыянальнай, але і ў сусветнай юрыдычнай навуцы і адукацыі. Амаль што кожны сучасны кандыдат і доктар юрыдычных навук нашай краіны можа сказаць, што да яго дысертацыі, або манаграфіі, або проста артыкула была прыкладзена рука Майстра.

Навуковы кіраўнік і кансультант, апанент і рэцэнзент, дарадца і мудры настаўнік. Сцяпан Рыгоравіч быў тым сапраўдным гігантам, плечы якога забяспечылі веліч і навуковую вагу іншых. Ён стварыў беларускую навуковую школу тэорыі дзяржавы і права, доўгі час кіраваў кафедрай тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта, быў членам шматлікіх Саветаў (і па абароне дысертацый, і вучоных, і навукова-кансультацыйных), аўтарам некалькіх падручнікаў па Агульнай тэорыі права.

Сцяпан Рыгоравіч – пераможца ў самай жудаснай вайне з фашызмам, ворагам, які жадаў зрабіць з нашага народа рабоў, – тэхнік-механік 722 знішчальнага авіяцыйнага палка супрацьпаветранай абароны. Гэты полк прыкрываў такія важныя стратэгічныя напрамкі, як Маскоўскі і Горкаўскі, на якія, па ўспамінах воіна, рэгулярна рабіла налёты нямецкая авіяцыя. І без гэтай цяжкай службы фронту не хапіла б ні патронаў, ні гармат, ні тэхнікі.

Вайна скончылася для Сцяпана Рыгоравіча ў Мінску. Пасля паспяховага завяршэння аперацыі “Баграціён” сюды перавялі 722 полк, які прыкрываў неба Беларусі ад налётаў варожых сіл, адкуль напрыканцы лета 1945 года камсорг палка і старшына Драбязка дэмабілізаваўся.

Цяжка сказаць, чаму малады чалавек, выбіраючы далейшы шлях, вырашыў застацца ў гэтым разбураным горадзе. Але пасля кароткай паездкі на Радзіму, на родную Чарнігаўшчыну, ён зноў вяртаецца ў Мінск і паступае ў зноў адкрыты Мінскі юрыдычны інстытут.

З Мінскім юрыдычным інстытутам будзе звязана ўсё далейшае жыццё Сцяпана Рыгоравіча. Тут ён знойдзе сваё адзінае каханне, Валерыю Эдуардаўну, з якой 16 лютага 1947 года зарэгіструе шлюб і адзначыць гэта вінегрэтам на табурэце ў інтэрнацкім пакоі, тут ён пазнаёміцца са сваімі сябрамі і будучымі калегамі, тут ён цвёрда звяжа свой лёс з навукай.

11820 2Таленавіты чалавек, які з маладых гадоў меў сапраўдную мудрасць на ўзроўні тых, чые думкі і погляды ён будзе выкладаць нам, сваім вучням, у курсе палітычных і прававых вучэнняў, не будзе гнацца за адміністрацыйнымі пасадамі, хоць яму рэгулярна будуць рабіць пэўныя прапановы. Кнігі і вучні. Вось гэтае жаданне чэрпаць з крыніц мудрасці і аддаваць веды іншым, весці іх да глыбінь пазнання і высот разумення, будзе адрозніваць нашага Настаўніка ўсё жыццё.

Потым лёс будзе вельмі просты і адначасова складаны. Аспірантура, выкладчыцкая праца, абарона кандыдацкай дысертацыі ў Ленінградзе, праца ўжо на пасадзе дацэнта, потым зноў паездка ў Ленінград для абароны доктарскай дысертацыі, а потым прыходзіць сапраўдная навуковая слава.

Што яшчэ трэба для чалавека, які жадае цалкам прысвяціць сябе навуцы, стварыць сапраўдную навуковую школу і не марнаваць час на адміністрацыйных пасадах, – гэта кіраванне кафедрай.

З 1972 па 1989 год прафесар, доктар юрыдычных навук Сцяпан Рыгоравіч Драбязка ўзначальвае кафедру тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта. Гэта імя і гэтая пасада становяцца вядомымі ўсёй савецкай навуцы. С.Р. Драбязка – удзельнік усіх тэарэтычных дыскусій у савецкай юрыспрудэнцыі, член Савета па абароне дысертацый пры Ленінградскім дзяржаўным універсітэце імя А. Жданава, рэцензент шматлікіх падручнікаў і вучэбных праграм.

11820 3Здаецца, што пасля пераходу на заслужаны адпачынак ад кіравання кафедрай можна было б збавіць абароты і весці звычайнае жыццё. Але складаныя грамадскія працэсы патрабавалі аператыўнага навуковага рэагавання. Незалежная Беларусь шукала свой новы, сапраўды прававы шлях.  Але адначасова з’яўляліся спакусы, бо высокакваліфікаваны вучоны мог зарабіць шмат грошай і на палітычнай арэне, аддаўшы сваё імя пэўнай палітычнай групоўцы, і ў галіне камерцыйнай адукацыі. Сцяпан Рыгоравіч змог прайсці так, як раіў любімы ім Арыстоцель, умеркаваным шляхам, шляхам,  які пазней Айцец Царквы Васіль Вялікі назваў “царскім”.

С. Р. Драбязка захаваў вернасць кафедры, факультэту і ўніверсітэту,  адначасова прыняў удзел у распрацоўцы ўсіх асноўных дакументаў новай незалежнай Беларусі, у першую чаргу Канстытуцыі і да апошняга часу выконваў свае прафесійныя абавязкі.

Сцяпан Рыгоравіч будзе заўсёды жыць у нашых сэрцах, у нашых даследаваннях, у нашых студэнтах, у нашым факультэце.

Вечная памяць Настаўніку, Вучонаму і Сапраўднаму  Чалавеку. 

Ад імя калектыву юрыдычнага факультэта – С. А. Балашэнка, С. А. Калінін

 

Фота - з архіва кафедры. Кветкі - з сайта http://ulpravda.ru/
Апрацоўка – Л.В.Бяляева