65 год Мікалаю Уладзіміравічу Сільчанку. Віншуем! (4.03.2019г.).
4 сакавіка спраўляе свой дзень нараджэння прафесар кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар юрыдычных навук, прафесар Мікалай Уладзіміравіч Сільчанка.
Прафесар М. У. Сільчанка – гэта сапраўдны дыямент у сузор’і беларускай і постсавецкай тэарэтычнай юрыспрудэнцыі, і нам вельмі прыемна павіншаваць нашага калегу з днём народзінаў.
Дыямент – гэта адна з форм звычайнага і шырокараспаўсюджанага вугляроду, якая, пры гэтым, сустракаецца вельмі і вельмі рэдка. Неабходныя асаблівыя ўмовы: высокія тэмпературы і ціскі, каб адбылася трансфармацыя простага рэчыва ў каштоўнасць. Такімі ўмовамі сталі асабістыя якасці нашага імянінніка, якія паступова прывялі звычайнага сельскага хлопца з Гомельшчыны да вышынь юрыдычнай прафесіі.
Мікалай Уладзіміравіч нарадзіўся ў простай сям’і ў пасёлку Чырвовы Свет Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці, атрымаў адукацыю ў Пянчынскай і Глазаўскай школах. І гэты далёкі шлях ад роднага дома да школы, які даводзілася праходзіць кожны дзень, быў адной з тых умоў, якія пачалі загартоўваць характар будучага юрыста.
Далёкія дарогі паманілі і потым – паспяховае заканчэнне сярэдняй школы ў 1971 годзе спалучылася з не менш паспяховым паступленнем на эканоміка-прававы факультэт Калінінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Малады студэнт адразу ўзяўся за вучобу – і граніт навукі паддаўся нават хутчэй, чым на гэта адводзілася навучальным планам, бо ўжо ў 1975 годзе Мікалай Уладзіміравіч паспяхова і датэрмінова атрымаў дыплом з адзнакай з прысваеннем кваліфікацыі “юрыст” і накіраванне ў аспірантуру Інстытута дзяржавы і права Акадэміі навук СССР. Адначасова з абаронай дыплома Мікалай Уладзіміравіч здаў і іншы “экзамен” – стаў бацькам сына Андрэя.
Вучоба ў аспірантуры пачалася ў 1976 годзе і паспяхова скончылася ў 1981 годзе. І зноў дуплет – выбітная абарона дысертацыі, падрыхтаванай пад кіраўніцтвам доктара юрыдычных навук, прафесара, Заслужанага юрыста РСФСР Святланы Васільеўны Паленінай, і нараджэнне дачкі Кацярыны. Трэба было вяртацца назад, у родную Альма Матэр, але незадоўга да гэтага ў Беларусі адбылася важная падзея – быў створаны юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, другой пасля БДУ навучальнай установа, якая пачала рыхтаваць юрыстаў. І з 1981 года Мікалай Уладзіміравіч пачаў паступова праходзіць усе кар’ерныя прыступкі ў каралеўскай Гародні, якая амаль што 1000 год красуецца над высокімі берагамі Нёмана.
Спачатку старшы выкладчык, потым дацэнт. Плённае супрацоўніцтва з навуковым кіраўніком вылілася не толькі ў манаграфію “Навуковыя асновы тыпалогіі нарматыўна-прававых актаў у СССР” , але і стварыла станоўчы навуковы задзел на будучыню – у 1989 годзе імяніннік паступае ў вочную дактарантуру Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе яго навуковым кансультантам становіцца выбітны савецкі, беларускі і постсавецкі карыфей юрыспрудэнцыі, “хросны бацька” не аднаго пакалення вучоных-юрыстаў загадчык кафедры дзяржаўнага права і савецкага будаўніцтва доктар юрыдычных навук, прафесар, Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь Анатоль Аляксандравіч Галаўко.
Заканчэнне працы над дысертацыяй супадае з сур’ёзным кадравым рашэннем – 13 сакавіка 1993 года Мікалай Уладзіміравіч становіцца загадчыкам кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. І новы навучальны год прынёс сапраўдны і даўно чаканы поспех – абарону 9 снежня 1993 года дысертацыі ў спецыялізаваным савеце БДУ Д.057.03.07 ў спецыялізаваным савеце БДУ Д.057.03.07.
І гэта таксама было лёсавызначальным знакам, бо Мікалай Уладзіміравіч у недалёкай будучыні праявіў сябе як сапраўдны арганізатар навукі. З аднаго боку, ён сваімі ведамі ўзмацніў будучы спецыялізаваны савет БДУ Д.02.01.01, а з другога боку стварыў і ўзначаліў спецыялізаваны савет К.02.14.01 Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, які дзейнічаў з 17 мая 1995 па 30 верасня 2005 года.
Любы дыямент мае шмат граняў, і новы прамень яскрава праявіўся ў 2010 годзе – Мікалай Уладзіміравіч быў прызначаны дэканам юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта з захаваннем пасады загадчыка кафедры тэорыі дзяржавы і права. Сінтэз навуковых, педагагічных і арганізацыйных якасцяў, узмоцнены асабістымі рысамі характару і незвычайным талентам, дазволілі падняць на высокі ўзровень імя Гродзенскай юрыдычнай школы.
Прафесар М. У. Сільчанка заснаваў і працягвае паспяхова кіраваць навукова-педагагічнай школай па тэорыі права і прыкладных прававых даследаваннях, ім распрацаваны:
тэорыя ідэальнага тыпу нарматыўных прававых актаў і здзейснена тыпалогія нарматыўных прававых актаў у іерархічнай, галіновай і федэратыўнай структурах заканадаўства; сфармулявана ідэя і абгрунтаваны механізм утварэння шматструктурнасці сістэмы заканадаўства;
тэорыя вяршэнства закона ва ўмовах падзелу ўлады, вызначаны суадносіны аб'ектыўнага сацыяльнага закона і закона юрыдычнага, сфармуляваны гнасеалагічныя і логіка-дагматычныя параметры вяршэнства закона, вызначаны межы дзеяння заканадаўца і суадносіны закона з актамі выканаўчай улады;
тэорыя крыніц сучаснага беларускага права, праведзена іх універсальная класіфікацыя, сфармуляваны асновы канстытуцыйнага інстытута крыніц права і прапанавана новая тыпалогія прававых сістэм, вызначаны асноўныя кірункі развіцця і сістэматызацыі крыніц беларускага права, абгрунтаваны асноўныя шляхі ўдасканалення адзінага прававога класіфікатара.
Мікалай Уладзіміравіч падрыхтаваў трынаццаць кандыдатаў юрыдычных навук, трох лаўрэатаў і дзесяць пераможцаў рэспубліканскага конкурсу студэнцкіх навуковых прац.
З 2014 года прафесар М. У. Сільчанка ўвайшоў ў калектыў кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта, дзе працягвае весці заняткі са студэнтамі і магістрантамі, кіраваць дыпломнымі работамі, магістарскімі і кандыдацкімі дысертацыямі, кансультаваць суіскальнікаў навуковай ступені доктара юрыдычных навук, удзельнічаць у навуковых дыскусіях і рыхтаваць навуковыя працы.
Шаноўны Мікалай Уладзіміравіч, шчыра віншуем Вас з Днём народзінаў і ад ўсёй душы жадаем Вам доўгіх год жыцця, шчасця, сямейнага дабрабыту, здароўя і творчага натхнення.
З павагай, калектыў кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права
Фота В.М.Бічун
Апрацоўка: Л.В.Бяляева