10.04.2019. Да 75-годдзя з дня нараджэння Аляксандра Міхайлавіча Абрамовіча (1944-2018 гг.)

11330Сёння, 10 красавіка 2019 года, кафедра тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, юрыдычны факультэт і ўся юрыдычная супольнасць святкавалі б 75-гадовы юбілей нашага любімага настаўніка, кіраўніка і проста ШЭФА – доктара юрыдычных навук, прафесара, Заслужанага юрыста Рэспублікі Беларусь Аляксандра Міхайлавіча Абрамовіча! Толькі лёс вырашыў інакш і яго сэрца перастала біцца за некалькі месяцаў да гэтай знамянальнай даты.

Аляксандр Міхайлавіч – гэта чалавек-эпоха, рысы якога характэрныя для цэлай плеяды беларускіх дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў. Гэта і нараджэнне ў складаныя 40-я, і пасляваенныя дзяцінства і юнацтва, і цяжкая сумленная праца, і імкненне да ведаў.

Цяжка адзначыць уклад прафесара А.М. Абрамовіча ў станаўленне незалежнай Беларусі, развіццё нацыянальнай тэарэтычнай і практычнай юрыспрудэнцыі, фарміраванне беларускай юрыдычнай адукацыі, бо наш настаўнік і кіраўнік шмат гадоў знаходзіўся на розных высокіх дзяржаўных пасадах і заўсёды, як свяціцель Васіль Вялікі, пакідаў пасля сябе упарадкавасць і сістэмнасць, вырашаныя праблемы і сфарміраваныя рэгулятыўныя механізмы. Ён быў здольны ператвараць Хаос у Космас, вызначаць стратэгічныя мэты і фармуляваць задачы, станоўчы вынік рэалізацыі якіх быў зразумелы значна пазней.

Юрыдычны факультэт БДУ стаў для Аляксандра Міхайлавіча важным крокам ў будучыню, бо скончыўшы яго ў 1973 годзе, ён фактычна абраў сваю будучую прафесію вучонага, кіраўніка і дзяржаўнага дзеяча,  атрымаўшы накіраванне ў аспірантуру Інстытута філасофіі і права Акадэміі навук БССР. Паспяховая абарона кандыдацкай дысертацыі ў 1977 годзе і пасада старшага навуковага супрацоўніка, бліскучая абарона доктарскай дысертацыі ў Інстытуце дзяржавы і права Акадэміі навук СССР (1985 год) і пасада загадчыка аддзела тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Інстытута філасофіі і права Акадэміі навук БССР, а з 1988 года – пасада загадчыка кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта БДУ.

На юрыдычным факультэце ў поўнай меры праявіўся талент Аляксандра Міхайлавіча як лектара, вучонага і арганізатара адукацыйнага і навуковага працэсаў. Фактычна ён заклаў падмурак сучаснай беларускай тэарэтычнай юрыспрудэнцыі, арганізаваўшы і ўзначаліўшы ў 1992 годзе Савет па абароне дысертацый Д 02.01.01 у БДУ. У гэты час ствараецца школа прафесара Абрамовіча – шэраг дактароў і кандыдатаў, якія маюць гонар называцца яго вучнямі, а таксама тых, хто абараніўся праз яго парады і кансультацыі адпаведна прынцыпу “таленту трэба дапамагаць – бесталач пралезе сама”.

Больш вядомым аспектам прафесійнай працы Аляксандра Міхайлавіча была дзяржаўная служба: член Камітэта канстытуцыйнага нагляду СССР (1991-1992 гг.) – першай ўстановы канстытуцыйнай юстыцыі; Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь (1992-1996 гг.), Намеснік Главы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1996-2004 гг.), Намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь (2004-2008 гг.).

Гэта тыя пасады, на якіх найбольш поўна праявіўся характар Аляксандра Міхайлавіча: высокі ўзровень прафесіяналізма, разуменне сутнасці глабальных і рэгіянальных працэсаў, здольнасць браць на сябе адказнасць за лёс краіны і народа, прымаць стратэгічныя рашэнні, станоўчасць і неабходнасць якіх разумеецца толькі праз значны час.  Так, Абрамовіч як Старшыня Цэнтрвыбаркама  правеў выбары ў Вярхоўны Савет і потым Прэзідэнта на такім высокім узроўні, што дазволіла, у адрозненні ад іншых краін, захаваць палітычны кансэнсус у грамадстве і забяспечыць рэальны суверэнітэт Беларусі. Постаць А.М. Абрамовіча – Старшыні Цэнтрвыбаркама – засталася бездакорным сімвалам служэння ПРАВУ і БАЦЬКАЎШЧЫНЕ.

А.М. Абрамович як намеснік Главы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь фактычна ажыццявіў тэарэтычна-канцэптуальнае кіраўніцтва фарміраваннем і рэфармаваннем нацыянальнай прававой сістэмы. Гэта і ўнясенне зменаў і дадаткаў у Канстытуцыю (1996 г.), дзякуючы якім пасада Прэзідэнта набывае статус Главы дзяржавы і гаранта Канстытуцыі, а таксама выключаюцца канфлікты паміж галінамі ўлады, і правядзенне актыўнай кадыфікацыі, і стварэнне новых дзяржаўных устаноў (Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі, Нацыянальны цэнтр заканадаўчай дзейнасці і інш.), і фарміраванне дагаварных асноў узаемадзеяння з Расіяй, і распрацоўка інструментаў удасканалення заканадаўства (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, праца над Зводам законаў Рэспублікі Беларусь, Закон “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь”, Канцэпцыя ўдасканалення заканадаўства Рэспублікі Беларусь і г.д.).

Намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь А.М. Абрамовіч працягнуў працаваць ўжо ў статусе заканадаўцы. Але цяжкая праца падарвала здароўе Аляксандра Міхайлавіча і ў 2008 годзе, па сканчэнні паўнамоцтваў Парламента, ён зыходзіць у адстаўку, адначасова пакідаючы пасаду загадчыка кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права БДУ і застаўшыся яе прафесарам.

Кафедра, факультэт і зацікаўленыя юрыдычныя ўстановы і арганізацыі рыхтаваліся да святкавання юбілею Аляксандра Міхайлавіча, было запланавана правядзенне канферэнцыі, падрыхтоўка шэрагу выданняў, у тым ліку чарговага тома серыі “Наследие права”. І гэта будзе зроблена, але, на жаль, ужо без мудрай усмешкі нашага Шэфа і Кіраўніка, без яго парад і кансультацый.

І мы працягнем яго справу ў развіццё юрыдычнай навукі і адукацыі, каб імя Аляксандра Міхайлавіча Абрамовіча ніколі не сцерлася з памяці юрыстаў Рэспублікі Беларусь.


ад імя калектыва юрыдычнага факультэта

С.А. Балашэнка, дэкан юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, д.юр.н., прафесар
С.А. Калінін, загадчык кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, к.юр.н., дацэнт.

 


Фота – з архіва факультэта
Апрацоўка – В.М.Знак