12 красавіка 2019 г. Віншуем Ірыну Леанідаўну Вяршок з днём нараджэння!
У гэты сонечны красавіцкі дзень калектыў кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права віншуе з днём нараджэння дацэнта кафедры Ірыну Леанідаўну Вяршок.
Ёсць людзі, пра якіх добра сведчыць іх працоўная кніжка, у якой фактычна ёсць толькі адзін запіс: “прыняты на пасаду”, а ўсё іншае з’яўляецца толькі следствам такога запісу.
Ірына Леанідаўна абрала свой прафесійны шлях яшчэ са школы, хоць і вагалася паміж юрыспрудэнцыяй і педагогікай, бо з’яўлялася выпускніцай Педагагічнай гімназіі г. Мінска. Тым больш што выбар на карысць юрыспрудэнцыі даваў магчымасць працягнуць справу бацькі, вядомага беларускага вучонага, доктара юрыдычных навук, прафесара Леаніда Мікалаевіча Мароза.
Пасля паспяховага паступлення на юрыдычны факультэт у 1996 годзе Ірына Леанідаўна адразу стала займацца навуковай працай пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, доктара юрыдычных навук, прафесара, заслужанага юрыста Рэспублікі Беларусь Аляксандра Міхайлавіча Абрамовіча. Адзначым, што ў асобе нашага імянінніка школа прафесара Абрамовіча атрымала годнага чалавека, які сваімі далейшымі поспехамі ўнёс значны ўклад у беларускую юрыспрудэнцыю.
Гэта будзе потым, а пакуль юная студэнтка працягвае вывучаць складаныя юрыдычныя дысцыпліны. Але тэарэтыкі права могуць працаваць на розных “франтах”, і Ірына Леанідаўна Мароз паспяхова адкрыла “другі фронт”, той “фронт”, які калісьці быў традыцыйным для студэнтаў папярэдніх эпох і які зараз, на жаль, вельмі рэдка адкрываецца. Бо дыплом юрыдычнага факультэта ў 2001 годзе з адначасовым накіраваннем у аспірантуру БДУ атрымлівала ўжо Ірына Леанідаўна Вяршок.
А далей было проста – размеркаване ў Інстытут дзяржавы і права Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка і паспяховае паступленне ў дзённую аспірантуру кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права пад кіраўніцтвам прафесара А. М. Абрамовіча. Але і тут не абышлося без выдатных вынікаў на “другім фронце” – у 2002 годзе ў сям’і нарадзіўся сын Канстанцін. Гэта не перашкодзіла Ірыне Леанідаўне паспяхова ў 2004 годзе абараніць кандыдацкую дысертацыю “Тэарэтычныя праблемы фарміравання экалагічнай правасвядомасці” і стаць супрацоўнікам кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права.
2008 год – чарговае папаўненне ў сям’і – нараджаецца сын Леанід, і Ірына Леанідаўна часова пакідае кафедру, каб зноў рэалізавацца ў найшчаслівейшай жаночай ролі – ролі маці і жонкі.
А потым вяртанне на працу на пасаду дацэнта, чытанне лекцый па агульнай тэорыі права і сацыялогіі права, распрацоўка і вядзенне курсаў сацыялагічнага напрамку ў магістратуры, удзел у навукова-даследчай працы, падрыхтоўка навуковых артыкулаў і г.д. Ірына Леанідаўна на гэтым шляху паказала сябе як сапраўдны даследчык, які аналізуе прававыя з’явы з боку іх духоўных праяў і сацыяльных наступстваў, як навуковы кіраўнік, які шчыра дапамагае сваім вучням выбраць верны кірунак навуковых даследаванняў, як лектар, здольны на высокім навуковым узроўні даступна і зразумела тлумачыць студэнтам складаныя паняцці і працэсы, як вучоны, для якога навуковая ісціна і абгрунтаванасць высноў з’яляецца адзіным крытэрыем для ацэнкі навуковых работ.
Мы ганарымся тым, што такі высокапрафесійны і сумленны чалавек працуе разам з намі.
Дарагая Ірына Леанідаўна, дазвольце яшчэ раз павіншаваць Вас з днём нараджэння, пажадаць Вам моцнага здароўя, поспехаў на прафесіўнай ніве, шчасця і дабрабыту ў сям’і, і галоўнае, на гэты год – паспяховага паступлення сына на абраную спецыяльнасць. Вы з’яўляецеся ўзорам таго, як можна сумяшчаць працу і сям’ю, заставацца прафесіяналам і выконваць шматлікія сямейныя ролі, быць жонкай, маці, дачкой.
З найлепшымі пажаданнямі,
калектыў кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права
Фота - Бічун В.М.
Апрацоўка - Знак В.М.