Віншуем знакамітага гісторыка права, прафесара кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, доктара юрыдычных навук, прафесара – Таісію Іванаўну Доўнар – з юбілейным Днём нараджэння!

12415 112415 115 кастрычніка – юбілейны Дзень нараджэння прафесара кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктара юрыдычных навук, прафесара Таісіі Іванаўны Доўнар.

Таісія Іванаўна – самы вядомы і знакаміты ў Рэспубліцы Беларусь спецыяліст і безумоўны лідар айчыннай гісторыка-прававой навукі, які належным чынам пераняў эстафету ад свайго Настаўніка – прафесара І.А. Юхо, выдатнейшы педагог і папулярызатар навукі, знакавая асоба навукі Беларусі, патрыёт роднай Бацькаўшчыны.

 

Складаным і паступовым быў шлях нашай Настаўніцы да навуковага прызнання. Спачатку гэта было Мінскае медыцынскае вучылішча і праца фельчарам-лабарантам Раваніцкай участковай бальніцы. Пасля – навучанне на юрыдычным факультэце БДУ і праца старшым лабарантам кафедры крыміналістыкі.
12415 1І нарэшце 1977 год – год здзяйснення мары шчырай беларусачкі, бо знакаміты гісторык права І.А. Юхо прапанаваў стаць выкладчыкам кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, выкладаць гісторыю дзяржавы і права Беларусі і весці навуковую працу.

Даследаванне савецкага перыяду гісторыі дзяржавы і права Беларусі завяршылася паспяховай абаронай кандыдацкай дысертацыі па гісторыі беларускага канстытуцыяналізму савецкага перыяду на тэму “Пераемнасць у канстытуцыйным будаўніцтве Беларускай ССР”.

Але паступова вектар даследаванняў пачаў уключаць у сябе пытанні сярэднявечнага перыяду гісторыі дзяржавы і права Беларусі, бо набліжаўся 400-гадовы юбілей выдання найзнакаміцейшага помніка айчыннага права – Статута Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага 1588 года.

Вынікам даследаванняў стала абарона ў 1997 годзе ў БДУ на беларускай мове доктарскай дысертацыі на тэму: “Развіццё агульназемскага права Беларусі ў ХV – ХVI стагоддзях”.

У сваіх працах Т.І. Доўнар акцэнтавала ўвагу на праблемных пытаннях гісторыі айчыннага канстытуцыяналізму і парламентарызму, характэрных рысах і асаблівасцях развіцця дзяржаўнасці Беларусі, раскрывала тэндэнцыі ў развіцці права, падкрэслівала адметнасць і прагрэсіўныя набыткі прававой гісторыі і прававой культуры Беларусі, паказвала ўзаемасувязь гістарычнага развіцця айчыннай прававой сферы з агульнаеўрапейскім працэсам эвалюцыі права, выяўляла станоўчыя і негатыўныя тэндэнцыі гістарычнага развіцця дзяржаўнасці Беларусі, аргументавала адметнасць і дасканаласць айчыннага права, асэнсоўвала развіццё асобных галін права (канстытуцыйнага, крымінальнага, грамадзянскага, працэсуальнага права Беларусі), а таксама палітычную і прававую думкі Беларусі.
Гэта дазваляе лічыць Таісію Іванаўну нараўне з прафесарам І.А. Юхо заснавальнікам айчыннай гісторыка-прававой навуковай школы, які за невялікі час падрыхтаваў аднаго доктара і дзевяць кандыдатаў юрыдычных навук.

 

12415 1Навуковая спадчына Прафесара складае звыш 400 навуковых, вучэбных, вучэбна-метадычных і іншых работ, у тым ліку 8 манаграфій, падручнік, два курсы лекцый і звыш 15 вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў. У гэтым накірунку трэба адзначыць актыўную дзейнасць Т.І. Доўнар па падрыхтоўцы шэрага энцыклапедычных выданняў (“Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік” (1989), “Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент.” (1989), “Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік” (1995), “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 т.” (1993-2003), “Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя ў 2 т.” (2005-2006), “Белорусская юридическая энциклопедия в 4 т.” (Т. 1-2, 2008-2009).) і перавыданню помнікаў айчыннага права.

Найвышэйная навуковая кваліфікацыя і выбітны метадычны ўзровень Юбіляра дазволіў нам, шматлікім аматарам гісторыі Бацькаўшчыны, атрымаць некалькі цудоўных падарункаў. Гэта і першы ў гісторыі Беларусі падручнік “Гісторыя дзяржавы і права Беларусі” (2014) з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, і манаграфія “Права Беларусі ў кантэксце гістарычнай эвалюцыі дзяржаўнасці” [Электронны рэсурс: ISBN 978-985-566-576-6] (2018), і гістарычны раздзел у калектыўнай манаграфіі “Курс уголовного права в 5 т. Общая часть. Т.1 : Учение о преступлении” (2018).

 

Прафесар вядзе актыўнае грамадскае жыццё, з’яўляецца сакратаром Савета юрыдычнага факультэта БДУ, членам двух спецыялізаваных Саветаў па абароне дысертацый, у адным з якіх займае пасаду намесніка старшыні Савета, працуе ў шэрагу грамадскіх арганізацый, з’яўляецца членам рэдакцыйных саветаў вядомых прававых часопісаў (“Юстыцыя Беларусі”, “Веснік Інстытута сучасных ведаў”, “Новая эканоміка”, “Беларускі гістарычны часопіс” , “Законность и правопорядок” і інш.).

 

12415 1Нам вельмі прыемна, что дзяржава высока адзначае навуковую і выкладчыцкую дзейнасць Юбіляра. Так, Т.І. Доўнар узнагароджана Нагрудным Знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь” (2009), Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, прызам імя У.Д. Спасовіча (2003, 2014, 2019), Ганаровым знакам “Залаты Статут”, а таксама ганаровымі граматамі БДУ, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, падзякамі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і інш. У 2014 годзе ёй было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта”.

 

Але шматлікія дасягненні Прафесара ў прафесійнай сферы не могуць засланіць яе высокага статуса жонкі, маці і бабулі пяці ўнукаў, што сведчыць аб рэалізаваным двайным шчасці любой беларускай жанчыны – мець сапраўдную сям’ю, часткай якой сябе адчувае і наша кафедра.

Таісія Іванаўна – Матрыярх і душа кафедры, яе гумар, бадзёрасць, адкрытасць і гатоўнасць заўсёды прыйсці на дапамогу і падтрымаць належны мікраклімат у калектыве. Калектыў высока цэніць прафесіяналізм Паважанага Прафесара, а таксама яе асабістыя якасці – чалавечнасць, дабрыню, сціпласць, павагу да калег і студэнтаў.

 

12415 112415 1Шаноўная Таісія Іванаўна! Віншуем Вас з юбілеем і жадаем моцнага здароў’я, новых творчых здзяйсненняў у педагагічнай і навуковай дзейнасці на карысць роднай Беларусі!

Калектыў кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Фота – з архіваў факультэта і кафедры;
Кветкі – В.М. Бічун;
Апрацоўка – В.М. Знак.