Віншуем Шчэрбіка Дзмітрыя Васільевіча са святам (20.12.2019 г.)!

Кафедра тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта шчыра віншуе Дзмітрыя Васільевіча Шчэрбіка з святочным днём!

12661Дзмітрый Васільевіч Шчэрбік, з аднага боку, толькі ў гэтым годзе стаў супрацоўнікам нашай кафедры, але, з іншага боку, Дзмітрый Васільевіч заўсёды быў “нашым” супрацоўнікам, нават тады, калі працаваў у іншай навучальнай установе.

Наш калега нарадзіўся ў Полацку, славутым найстаражытнейшым горадзе Беларусі, які, як сапраўдны дыямант,  ззяе па-над берагамі Заходняй Дзвіны, горадзе, у якім старажытнасць і сучаснасць знаходзяцца разам каля Сафійскага Сабора і іезуіцкага калегіума, горадзе Еўфрасіньі Полацкай і Францыска Скарыны.

Славутыя традыцыі горада нараджэння, якія заўсёды адчуваюцца любому, хто стаіць на мысе між Дзвіной і Палатой, прывялі нашага калегу на юрыдычны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адзначым, што дасканалае вывучэнне навук дазволіла Дзмітрыю Васільевічу скончыць навучальную ўстанову з адзнакай і атрымаць мэтавае накіраванне для працягу адукацыі на кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Восенню 2002 года малады суіскальнік паспяхова вытрымаў уступныя іспыты і быў залічаны ў склад аспірантаў кафедры, абраўшы для даследвання даволі складаную міждысцыплінарную тэму, прысвечаную тэарэтычным аспектам гістарычнага развіцця нацыянальнага права. Адначасова Дзмітрый Васільевіч стаў і выкладчыкам адпаведнай кафедры ў роднай Alma Mater.

Падчас навучання праявіліся такія станоўчыя рысы нашага калегі, як здольнасць да сур’ёзных абагульненняў, цікаўнасць да гісторыі Бацькаўшчыны і яе прававых традыцый, крытычны погляд на існуючыя крыніцы і г.д. Ні адна канферэнцыя юрыдычнага факультэта не заставалася без удзелу маладога навукоўцы, да думак якого крытычна, але і з цікаўнасцю ставіліся такія карыфеі беларускай гісторыка-прававой думкі, як прафесары І.А. Юхо і Т.І. Доўнар.

Паступова навуковыя даследванні фарміраваліся ў завершаную працу на тэму “Дыскрэтнасць і пераемнасць у развіцці права Беларусі”, якая была паспяхова абаронена ў Савеце Д 02.01.01 Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам В. Н. Матараса. Прысваенне даўно заслужанай навуковай ступені адчыніла перад Дзмітрыем Васільевічам шырокія магчымасці ў галіне выкладчыцкай і навуковай кар’еры: яго пераводзяць  на пасаду дацэнта кафедры, даручаюць выконваць абавязкі адказнага сакратара Прыёмнай камісіі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта (2011-2014 гг.). У 2013 годзе ВАК Рэспублікі Беларусь згаджаецца з хадатайствам універсітэта і прысвойвае Дз. В. Шчэрбіку вучонае званне “дацэнт”, а з 2015 года наш калега прызначаецца на пасаду загадчыка кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права.

Навуковыя інтарэсы Дзмітрыя Васільевіча ўражваюць сваёй шырынёй. Гэта і праблемы  агульнай тэорыі права, і гісторыя дзяржавы і права Еўрапейскай цывілізацыі, і гісторыя палітычных і прававых вучэнняў. Але, “геаграфія – гэта лёс”, самай галоўнай тэмай даследвання для нашага калегі з’яўляецца гісторыя нашай Бацькаўшчыны, яе думкі і ідэі аб пошуках лепшай долі.

З гэтага года Дзмітрый Васільевіч стаў рэальным супрацоўнікам нашай кафедры, тым чалавекам, якім мы заўсёды яго лічылі: і па рэальнай навуковай і педагагічнай кваліфікацыі, і належнасці да беларускай тэарэтыка-гістарычнай прававой школы, і па пастаянных навуковых кантактах.

12661Мы ведаем Дз. В. Шчэрбіка як сумленнага, адказнага, дабразычлівага калегу
і жадаем яму ў гэты дзень  моцнага здароўя, здзяйснення мар,
рэалізацыі навуковых планаў і ўсяго найлепшага! 

З павагай,
калектыў кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

  

Фота: В. М.Бічун 
Апрацоўка: Л.В.Бяляева