Віншуем Матараса Валянціна Нікіфаравіча з Днём Нараджэння!

Кафедра тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта шчыра віншуе Валянціна Нікіфаравіча Матараса з святочным днём!

 

215 1 4 лютага – Дзень нараджэння  Валянціна Нікіфаравіча Матараса, дацэнта кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, чалавека са шматграннай біяграфіяй.


Адносіны Валянціна Нікіфаравіча і юрыдычнага факультэта – гэта адносіны сур’езных суб’ектаў, бо абітурыент В.Н. Матарас меў за сваімі плячыма службу ў радах Савецкай Арміі і высокія дасягненні ў галіне спорту, а дацэнт В.Н. Матарас – вопыт дзяржаўнай службы, навуковых даследаванняў, працы ў Цэнтральнай выбарчай камісіі, падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў. Ну, а юрыдычны факультэт, зразумела, - гэта самая сур’ёзная і знакамітая ўстанова па падрыхтоўцы адпаведных кадраў, кажучы пра якую ў Беларусі нават не трэба дадаваць назву ўстановы вышэйшай адукацыі.

На юрыдычным факультэце шырока раскрыліся таленты Валянціна Нікіфаравіча ў выкладчыцкай і навуковай сферы. Фактычна, ўсе курсы, якія чытаў і чытае наш імяніннік, маюць аўтарскія адметнасці, а любая лекцыя, асабліва па гісторыі палітычных і прававых вучэнняў, заўсёды адрозніваецца ад той, што была прачытана ў мінулым годзе. Гэта сапраўдны кніжнік, які пастаянна шукае новыя веды, уводзіць новыя імёны і трактоўкі, застаўляе студэнтаў думаць і разважаць, падымацца над “філалогіяй у праве”.

Трэба адзначыць вялікі ўклад дацэнта В.Н. Матараса ў вучэбна-метадычную дзейнасць кафедры, бо на працягу апошніх гадоў ім было распрацавана некалькі аўтарскіх курсаў, асабліва – ў магістратуры. Гэтыя напрацоўкі, мы спадзяемся, даволі хутка могуць рэалізавацца ў адпаведным манаграфічным выданні і быць абароненыя на ўзроўні доктарскай дысертацыі.

Высокі навуковы ўзровень, шырокая навуковая эрудыцыя, сур’ёзны жыццёвы вопыт і адпаведныя этычныя якасці дазваляюць Валянціну Нікіфаравічу быць высокакваліфікаваным апанентам пры абмеркаванні навуковых прац. Кафедра ўпэўнена ў тым, што аўтар адпаведнай працы, якую рэцэнзуе наш калега, атрымае належную навуковую характарыстыку, якая дазволіць яму ў далейшым набыць адпаведную навуковую ступень.


Высокія прафесійныя здольнасці. Гэта добрая характарыстыка чалавека, якая, як разумеюць усе, нічога не вартая без належных маральных і этычных якасцяў. І наадварот, высока маральны чалавек не можа кепска выконваць сваю працу. Валянцін Нікіфаравіч – гэта Мужчына з вялікай літары, Чалавек, добразычлівы і шчыры калега, які заўсёды не толькі падзеліцца дзейнай парадай у прафесійным жыцці, але і ў любой складанай жыццёвай сітуацыі па-сяброўску падставіць сваё мужнае плячо.

Валянцін Нікіфаравіч аб’ядноўвае ў сабе ўсе станоўчыя чалавечыя рысы, асабістую абаяльнасць і жыццёвую мудрасць, глыбокія веды і павагу да іншых меркаванняў, велізарную працаздольнасць і адданасць абранай прафесіі, пастаянныя пошукі навуковай і жыццёвай Ісціны і імкненне да росту ва ўсіх сферах свайго жыцця.


215 1215 1Нам вельмі прыемна, што дзяржава высока адзначае дзейнасць Валянціна Нікіфаравіча. Гэта і Падзяка Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь (2005), і Ганаровая грамата БДУ (2010), і Ганаровая грамата Нацыянальнага цэнтра прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь (2010), і Падзяка Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь (2015).

 

У гэтым годзе дацэнт В.Н. Матарас быў узнагароджаны Падзякай Рэктара БДУ і каштоўным падарункам.


215 4Дарагі Валянцін Нікіфаравіч,
ад усёй душы віншуем Вас з Днём нараджэння, жадаем Вам моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, і новых творчых здзяйсненняў у педагагічнай і навуковай дзейнасці!

Мы вельмі ганарымся тым, што працуем з Вамі ў адным калектыве.



Калектыў кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

 


Фота – з архіва кафедры
Кветкі - з сайта  http://combat.spb.ru
Апрацоўка – Л.В. Бяляева