28 сакавіка 2022 года не стала прафесара кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Мікалая Уладзіміравіча Сільчанкі

1447128 сакавіка 2022 года нас пакінуў выбітны беларускі тэарэтык дзяржавы і права Мікалай Уладзіміравіч Сільчанка.

Жыццёвы і прафесійны шлях М.У.  Сільчанкі адлюстроўвае жыццё таленавітых людзей пасляваеннага часу:

нарадзіўся 4 сакавіка 1954 года ў пасёлку Чырвоны свет Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці;

атрымаў адукацыю ў Пянчынскай і Глазаўскай сярэдніх школах;

паспяхова паступіў у 1971 годзе на эканоміка-прававы факультэт Калінінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Працаздольнасць, творчыя якасці і яскравы розум, якія загартаваліся яшчэ ў дзяцінстве, дазволілі Мікалаю Уладзіміравічу датэрмінова ў 1975 годзе атрымаць дыплом аб вышэйшай юрыдычнай адукацыі з адзнакай і накіраванне ў аспірантуру Інстытута дзяржавы і права Акадэміі навук СССР.

Паспяховая вучоба ў аспірантуры завяршылася абаронай дысертацыі, падрыхтаванай пад кіраўніцтвам доктара юрыдычных навук, прафесара, Заслужанага юрыста РСФСР Святланы Васільеўны Паленінай на тэму «Научные основы типологии нормативно-правовых актов» па спецыяльнасці 12.00.01 (1981 г.) і накіраваннем на працу ў створаны ў 1979 годзе юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, другую пасля БДУ вышэйшую навучальную ўстанову, якая пачала рыхтаваць юрыстаў.

У межах Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта М.У. Сільчанка прайшоў усе прыступкі кар’ернай лесвіцы: выкладчык, старшы выкладчык, дацэнт. Пасля заканчэння вочнай дактарантуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і паспяховай абароны ў 1993 г. доктарскай дысертацыі на тэму «Проблемы верховенства закона» па спецыяльнасці 12.00.01 пад навуковым кансультаваннем выбітнага савецкага, беларускага і постсавецкага карыфея юрыспрудэнцыі, загадчыка кафедры дзяржаўнага права і савецкага будаўніцтва, доктара юрыдычных навук, прафесара, Заслужанага юрыста Рэспублікі Беларусь Анатоля Аляксандравіча Галаўко.

Статус доктара юрыдычных навук значна паўплываў на далейшы прафесійны і творчы лёс Мікалая Уладзіміравіча – загадчык кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, Старшыня Савета па абароне дысертацый, намеснік дэкана юрыдычнага факультэта па навуцы, дэкан юрыдычнага факультэта, заснавальнік і кіраўнік  навукова-педагагічнай школай па тэорыі права і прыкладных прававых даследаваннях. Ім былі распрацаваны:

  • тэорыя ідэальнага тыпу нарматыўных прававых актаў і здзейснена тыпалогія нарматыўных прававых актаў у іерархічнай, галіновай і федэратыўнай структурах заканадаўства; сфармулявана ідэя і абгрунтаваны механізм утварэння шматструктурнасці сістэмы заканадаўства;
  • тэорыя вяршэнства закона ва ўмовах падзелу ўлады, вызначаны суадносіны аб'ектыўнага сацыяльнага закона і закона юрыдычнага, сфармуляваны гнасеалагічныя і логіка-дагматычныя параметры вяршэнства закона, вызначаны межы дзеяння заканадаўства і суадносіны закона з актамі выканаўчай улады;
  • тэорыя крыніц сучаснага беларускага права, праведзена іх універсальная класіфікацыя, сфармуляваны асновы канстытуцыйнага інстытута крыніц права і прапанавана новая тыпалогія прававых сістэм, вызначаны асноўныя кірункі развіцця і сістэматызацыі крыніц беларускага права, абгрунтаваны асноўныя шляхі ўдасканалення адзінага прававога класіфікатара.

Мікалай Уладзіміравіч падрыхтаваў трынаццаць кандыдатаў юрыдычных навук, трох лаўрэатаў і дзесяць пераможцаў рэспубліканскага конкурсу студэнцкіх навуковых прац.

З 1 верасня 2014 года Сільчанка М.У. перайшоў на пасаду прафесара кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе працаваў да апошніх дзён свайго жыцця, распрацоўваючы новыя накірункі ў межах тэарэтычнай юрыспрудэнцыі.

Заслугі Мікалая Уладзіміравіча у галіне юрыдычнай адукацыі і навукі неаднаразова адзначаліся рознымі ўзнагародамі: Нагрудны знак «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» (2003 г.), Медаль «За працоўныя заслугі» (2009 г.). Нагрудны знак «За адзнаку 2 ступені» (2011 г.), Нагрудны знак «За адзнаку 1 ступені» (2013 г.), Юбілейны медаль «80 гадоў Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» (2008 г.), Юбілейны медаль «90 гадоў Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» (2013 г.),

14471 1Прафесар М.У. Сільчанка пражыў годнае жыццё, і як чалавек, і як юрыст, і як выкладчык, і як вучоны, і як грамадзянін сваёй Бацькаўшчыны, і як Хрысціянін.

Памяць аб ім навечна застанецца ў нашых сэрцах, працах самога Настаўніка, творах яго вучняў і паслядоўнікаў. Глыбока смуткуем і выказваем спачуванне родным і блізкім.

 

Калектыў кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права