ШЧЫРА ВІНШУЕМ ПРАФЕСАРА КАФЕДРЫ ТЭОРЫІ І ГІСТОРЫІ ДЗЯРЖАВЫ І ПРАВА, ДОКТАРА ЮРЫДЫЧНЫХ НАВУК, ПРАФЕСАРА ТАІСІЮ ІВАНАЎНУ ДОЎНАР З ЮБІЛЕЕМ (15.10.2024)!

16664 2      15 кастрычніка 2024 г. адзначае свой Юбілейны Дзень нараджэння прафесар кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар юрыдычных навук, прафесар Таісія Іванаўна Доўнар.

 

 

 

 

       Таісія Іванаўна Доўнар нарадзілася 15 кастрычніка 1944 г. ў в. Шацк Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Пасля заканчэння сярэдняй школы Таісія Іванаўна скончыла медыцынскае вучылішча № 1 г. Мінска (1962 г.) і працавала фельдшарам-лабарантам Раванічскай участковай бальніцы, а з 1966 г. – 5-й клінічнай бальніцы г. Мінска

У 1968 г. Таісія Іванаўна паступіла на юрыдычны факультэт БДУ, які скончыла ў 1973 г. і засталася працаваць старшым лабарантам кафедры крыміналістыкі. З 1977 г. – выкладчык, дацэнт, прафесар кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права.

      У 1986 г. пад навуковым кіраўніцтвам доктара юрыдычных навук, прафесара Я. А. Юхо у Ленінградскім дзяржаўным універсітэце абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму: “Пераемнасць у канстытуцыйным будаўніцтве Беларускай ССР”. У 1997 г. у БДУ пры навуковым кансультаванні прафесара Я. А. Юхо абараніла доктарскую дысертацыю на тэму: “Развіццё агульназемскага права Беларусі ў ХV–ХVI стагоддзях”. Т. І. Доўнар – першая з айчынных гісторыкаў права абараніла доктарскую дысертацыю на беларускай мове. Прафесар (1998).

      Плённая педагагічная, навуковая, грамадская дзейнасць Таісіі Іванаўны, энергія і арганізатарскі талент, высокі прафесіяналізм навукоўцы і педагога, уменне стварыць творчую атмасферу ў калектыве, прынцыповасць і патрабавальнасць да сябе і людзей набылі прызнанне калег і студэнтаў. Прафесійны вопыт, шырокія веды і творчы патэнцыял Юбіляра будуць і ў далейшым накіраваны на развіццё гісторыка-прававой навукі Беларусі, юрыдычнага факультэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, айчыннай вышэйшай школы ў цэлым.

      Т. І. Доўнар з’яўляецца адным з заснавальнікаў навуковай гісторыка-прававой школы Беларусі. Падрыхтавала аднаго доктара і дзевяць кандыдатаў юрыдычных навук.

      Усе навуковыя інтарэсы Т. І. Доўнар звязаны з гісторыяй дзяржавы і права Беларусі. У сваіх работах навукоўца паказвае характэрныя рысы і асаблівасці развіцця дзяржаўнасці Беларусі на важнейшых гістарычных этапах, раскрывае тэндэнцыі ў развіцці права, падкрэслівае адметнасць і прагрэсіўныя набыткі прававой гісторыі і прававой культуры Беларусі. Асобныя навуковыя працы Таісіі Іванаўны прысвечаны гісторыі канстытуцыйнага, крымінальнага, грамадзянскага, працэсуальнага права Беларусі.

      Для студэнтаў Таісія Іванаўна – мудры і вопытны навуковы кіраўнік. Прафесар з асаблівай увагай ставіцца да навуковых поглядаў і даследаванняў сваіх вучняў. Студэнтамі асабліва адзначаюцца шматгранныя веды імянінніцы, якія прымушаюць інакш глядзець на гістарычныя і сучасныя працэсы развіцця беларускай дзяржаўнасці. Таісія Іванаўна вельмі ўважліва адносіцца да навуковай падрыхтоўкі студэнтаў, штогод кансультуе адных з лепшых дакладчыкаў на навуковыя канферэнцыі юрыдычнага факультэта БДУ, іншых устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь, ажыццяўляе кіраўніцтва дыпломнымі і магістарскімі работамі, заўседы гатова выслухаць і дапамагчы студэнтам.

      На працягу шэрагу гадоў Таісія Іванаўна з’яўлялася членам Экспертнага савета Беларускага рэспубліканскага фонда фундаментальных даследаванняў НАН Беларусі, прымала ўдзел у рабоце двух доктарскіх саветаў па абароне дысертацый Д.02.0101 і Д.02.01.04. Зараз з’яўляецца членам доктарскага савета па аброне дысертацый Д 02.01.04, членам грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі Саюз юрыстаў», членам «Беларускага грамадскага аб’яднання «Веды», членам Навукова-метадычнага савета па групе спецыяльнасцей «Права» Вучэбна-метадычнага аб’яднання Рэспублікі Беларусь па гуманітарнай адукацыі, членам Экспертнага савета Міністэрства адукацыі па праетах НДР «Сацыяльна-гуманітарныя навукі», а таксама членам рэдакцыйных саветаў шэрагу юрыдычных часопісаў («Юстиция Беларуси», «Законность и правопорядок», «Беларускі гістарычны часопіс» і інш.). У якасці сакратара Савета юрыдычнага факультэта прымала ўдзел у перспектыўным і цякучым планаванні вучэбна-метадычнай, ідэалагічнай і выхаваўчай работы на факультэце і кафедры.

      Таісія Іванаўна Доўнар апублікавала звыш 400 навуковых прац, у тым ліку 11 манаграфій, звыш 20 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, у тым ліку падручнік «Гісторыя дзяржавы і права Беларусі» з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2014, 2021, 2023) (першы ў Рэспубліцы Беларусь), а таксама звыш 120 навуковых артыкулаў. Акрамя таго, надрукавала больш за 200 навуковых артыкулаў у шэрагу энцыклапедычных выданняў: «Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік» (Мінск, 1992), «Мысліцелі і асветнікі Беларусі» (Мінск, 1995), «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі». Т. 1–6. (Мінск,1993–2001) і інш. Т. І. Доўнар з’яўляецца адным з аўтараў і перакладчыкаў энцыклапедычнага выдання «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588» (1989). Распрацоўвала шматлікія вучэбныя і вучэбна-метадычныя матэрыялы, у тым ліку тыпавыя праграмы па курсу «Гісторыя дзяржавы і права Беларусі». Рэцензіравала шэраг манаграфій, вучэбных дапаможнікаў, вучэбных праграм і інш.

      Дзейнасць Т. І. Доўнар неаднаразова адзначалася дзяржавай, Беларускім дзяржаўным універсітэтам і юрыдычнай супольнасцю. Т. І. Доўнар узнагароджана Ганаровай граматай (2018) і нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Выдатнік адукацыі» (1999); лаурэат прэміі БДУ імя У. І. Пічэты за цыкл работ па тэорыі і гісторыі дзяржавы і права (2010); мае падзякі: Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь (2003, 2005, 2010), Рэктара БДУ (2011, 2015), Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь (2015) і інш. У 2014 г. прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта». Узнагароджвалася прызам імя У. Д. Спасовіча Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь (2003, 2014, 2019). У 2020 г. узнагароджана медаллю Францыска Скарыны.

      Таісію Іванаўну адрозніваюць высокія асабістыя якасці: чалавечнасць, дабрыня, працаздольнасць, добрасумленнасць, ініцыятыўнасць, павага да калег і студэнтаў. Прафесар карыстаецца даверам, павагай і аўтарытэтам у калектыве.

16664 3Паважаная Таісія Іванаўна!

У гэты знамянальны для Вас дзень ад усёй душы

жадаем Вам далейшых дасягненняў

у навуковай і выкладчыцкай дзейнасці,

творчага натхнення, цудоўнага настрою,

удзячных вучняў і задавальнення ад іх поспехаў,

моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і

ўсяго самага добрага Вам, Вашым родным і блізкім!

Няхай споўніцца ўсе задуманае Вамі!

 

З любоў’ю і ўдзячнасцю,

 

Дэкан юрыдычнага факультэта БДУ,

кандыдат юрыдычных навук, дацэнт

Андрэй Віктаравіч Шыдлоўскі

 

Загадчык кафедры тэорыі і гісторыі

дзяржавы і права юрыдычнага факультэта БДУ,

кандыдат юрыдычных навук, дацэнт

Людміла Леанідаўна Голубева

 

Калектыў юрыдычнага факультэта

Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта