Вiншуем з юбiлеем Уладзіміра Мікалаевіча Дубавіцкага!

Усё жыццё >Уладзіміра Мікалаевіча было цесна звязана з беларускай юрыдычнай навукай. Пасля заканчэння ў 1977 годзе юрыдычнага факультэта таленавіты малады чалавек быў накіраваны для паступлення ў Інстытут дзяржавы і права Акадэміі навук Савецкага Саюза. Імкненне да навукі было ўзаемным: Уладзімір Мікалаевіч быў размеркаваны ў Інстытут філасофіі і права Акадэміі навук БССР, а ў 1981 годзе ў ІДзП АН СССР абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата юрыдычных навук на тэму “Законность и усмотрение в советском государственном управлении” пад кіраўніцтвам доктара юрыдычных навук Лунёва Аляксандра Яфрэмавіча.
З Акадэміяй навук БССР звязана амаль што ўсё працоўнае жыццё Уладзіміра Мікалаевіча, нават калі з 1992 па 1997 год ён знаходзіўся на дзяржаўнай службе. Так тады рабілі многія навукоўцы, бо станаўленне маладой сувярэннай Беларусі патрабавала кадраў вышэйшай кваліфікацыі. І веды ўжо вядомага ў СССР вучонага знайшлі сваё запатрабаванне спачатку ў Сакратарыяце Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, а з 1995 года – у Беларускім інстытуце дзяржаўнага будаўніцтва і заканадаўства пры Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь. Тут Уладзімір Мікалаевіч вельмі плённа ўдзельнічае ў законатворчасці, забяспечваючы развіццё параўнальнага правазнаўства ў нашай краіне. Праз яго рукі праходзілі амаль што ўсе нарматыўныя прававыя акты ў галіне дзяржаўнага будаўніцтва.
У 1997 годзе вядомы навуковец і таленавіты даследчык працягвае пашыраць гарызонты сваёй разнастайнай дзейнасці і пачынае працаваць дацэнтам кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта БДУ. Студэнтам вельмі пашанцавала слухаць яго лекцыі па Сацыялогіі права, Агульнай тэорыі права і Прававым сістэмам сучаснасці. Заняткі Уладзіміра Мікалаевіча заўсёды праходзяць на высокім узроўні і карыстаюцца вялікім поспехам у студэнтаў, бо тэарэтычны матэрыял падаецца вельмі метадычна і проста, з актыўным прыцягненнем выпадкаў з практычнай дзейнасці.
Ні адно навуковае пасяджэнне кафедры теоэрыі і гісторыі дзяржавы і права па абмеркаванні навуковых прац не абыходзіцца без выступлення Уладзіміра Мікалаевіча, шырокая навуковая эрудыцыя якога дазваляе рабіць бліскучыя выступы і аналізы разглядаемых навуковых пытанняў. Усе аспіранты кафедры могуць толькі дзякаваць яму за прынцыповую пазіцыю і карэктныя заўвагі, а таксама за тую адданасць, з якой наш калега прымае ўдзел у іх лёсе. Нядаўна кафедра абмеркавала навуковы твор аспіранткі Дубавіцкага У. М., адзначыўшы высокі ўзровень навуковага кіраўніцтва.

Паважаны Уладзімір Мікалаевіч!
Ад усяго сэрца віншуем Вас з Днём нараджэння і жадаем моцнага здароўя, дабрабыту, шчасця і шматлікіх дасягненняў на ніве беларускай юрыдычнай навукі.
Калектыў кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права
Адміністрацыя сайта ад імя ўсіх супрацоўнікаў юрыдычнага факультэта далучаецца да шчырага віншавання калег з кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, а таксама нагадвае, што ўсе, хто жадае, маюць магчымасць павіншаваць Уладзіміра Мікалаевіча ў гасцёўні сайта на форуме ў тэме Поздравленья нашим преподавателям