Віншуем Тамару Сцяпанаўну Пашкевіч з Юбілеем!
Як тэатр пачынаецца з гардэробу, а караля робіць світа, так і праца любой кафедры залежыць ад тых людзей, якіх звычайна могуць не заўважаць як паўнавартасных супрацоўнікаў.
Любы факультэт заўсёды асацыіруецца з кіраўніцтвам, вядучымі прафесарамі і дацэнтамі, студэнтамі, якія прыходзяць і, атрымаўшы веды, пачынаюць сваё прафесійнае жыццё. Але чамусьці не звяртаецца ўвагі на тых, каго ў штатным раскладзе завуць “вучэбна-дапаможны персанал”. Гэта не правільна, бо жыццё кожнай кафедры залежыць ад самых звычайных, на першы погляд, але насамрэч незвычайных людзей – лабарантаў.
Таму калектыву кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права вельмі прыемна віншаваць з днём нараджэння свайго супрацоўніка, які зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку, Чалавека з вялікай літары, сапраўдную захавальніцу нашай кафедры – Тамару Сцяпанаўну Пашкевіч.
Тамара Сцяпанаўна нарадзілася у в. Пятніца Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў звычайнай сям’і, у 1955 годзе скончыла Чапліцкую сярэднюю школу, у 1960 годзе атрымала вышэйшую адукацыю ў Брэсцкім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А.С. Пушкіна па спецыяльнасці “выкладчык рускай і беларускай мовы і літаратуры”. Працавала ў школах Віцебскай і Мінскай абласцей, месцы працы змяняліся з той прычыны, што мужа – высокаякаснага спецыяліста – пераводзілі (як казалі тады – “кідалі”) на новыя месцы працы.
І вось у 1973 годзе Тамара Сцяпанаўна прыйшла працаваць лабарантам кафедры гісторыі дзяржавы і права. Як сведчыць характарыстыка, падпісаная дэканам факультэта В. Ф. Чыгіром, сакратаром партбюро Я. М. Тагуновым, старшынёй прафбюро К. В. Кічыгінай, Тамара Сцяпанаўна заўсёды акуратна і добрасумленна выконвала свае абавязкі, праводзіла вялікую працу па забеспячэнні вучэбнага працэсу, сістэматычна працавала над павышэннем свайго ідэйна-тэарэтычнага ўзроўню, была актыўным грамадскім работнікам (з’яўлялася членам прафсаюзнага бюро факультэта).
Студэнты і выкладчыкі, аспіранты і супрацоўнікі, сябры і знаёмыя – усе, хто ведае Тамару Сцяпанаўну, адзначаюць яе добразычлівасць і сумленнасць, далікатнасць у асабістых адносінах і паслядоўнасць у грамадскіх і прафесійных абавязках.
Тамара Сцяпанаўна працавала на кафедры да 1998 года, калі выйшла на заслужаны адпачынак. Пры гэтым яе добрасумленнае стаўленне да працы было адзначана тым, што яна пэўны час адначасова выконвала абавязкі сакратара дэкана.
Вельмі часта знаёмства студэнтаў з кафедрай пачыналася са знаёмства з добразычлівай, далікатнай і ўсёведаючай жанчынай, якая магла падказаць, што і як рабіць, дапамагчы з пошукам неабходнай інфармацыі і г.д. Маладыя выкладчыкі мелі ў асобе Тамары Сцяпанаўны амаль што бабулю або маці. Кіраўніцтва заўсёды магло быць упэўнена, што ўся праца будзе выканана на высокім узроўні, што ўсе належныя паперы своечасова падрыхтаваны і знойдуць свайго адрэсата. Яна заўсёды праяўляла такія якасці, як стаўленне да ўсіх з матчынай дабрынёй і жаданнем дапамагчы.
Усё гэта прывяло да таго, што Тамара Сцяпанаўна карысталася і карыстаецца вялікім аўтарытэтам сярод прафесарска-выкладчыцкага складу, выпуснікоў і студэнтаў факультэта.
За добрасумленную працу яна неаднаразова заахвочвалася кіраўніцтвам універсітэта.
Вельмі адбітнай рысай Тамары Сцяпанаўны было трапяткое стаўленне да знаёмых і блізкіх. Тамара Сцяпанаўна, якая мела педагагічную адукацыю, але звязала свой лёс з юрыдычным факультэтам, вызначыла накірунак жыцця для сваіх блізкіх, якія займаюць вядомае месца ў юрыдычнай супольнасці Беларусі.
Так, сын Ігар Мікалаевіч – старшыня Гаспадарчага Суда г. Мінска, дачка Жана Мікалаеўна – вядучы юрысконсульт Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, унучка Анастасія завяршае працу над кандыдацкай дысертацыяй, унучка Марыя – студэнтка юрыдычнага факультэта. Але на гэтым дынастыя не скончваецца, бо падрастае ўнук Дзмітрый і праўнук Марк.
Тамара Сцяпанаўна, віншуем Вас з Днём нараджэння і жадаем Вам усяго найлепшага, здароўя і шчасця, дабрабыту і кахання, мы вельмі любім Вас.
Дзякуй Вам за ўсё.
Калектыў кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права