Віншуем Голубеву Людмілу Леанідаўну з днём нараджэння!

Л.Л.Голубева. Увеличить.8 лістапада 2011 года святкуе свой дзень нараджэння цудоўны чалавек, выкладчык з Вялікай літары, актыўны папулярызатар айчыннай гісторыі дацэнт кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, кандытат юрыдычных навук >Голубева Людміла Леанідаўна.

Шлях Людмілы Леанідаўны да юрыдычнай навукі быў падобны на шлях некаторых беларускіх вучоных. Яна нарадзілася ў цудоўных памятных мясцінах Мядзельшчыны, у вёсцы з гучнай гістарычнай назвай “Княгінін”. Магчыма гэта і вырашыла яе будучы лёс як даследчыка і паважанага вучонага ў галіне гісторыі айчыннай дзяржавы і права. Менавіта там, будучы яшчэ дзяўчынкай, Людміла Леанідаўна ўвабрала ў сябе такую добрую і сакавітую, мілагучную і прыгожую родную мову, на якой яна вядзе свае заняткі, прывіваючы любоў і павагу да складанай, супярэчлівай, жорсткай, крывавай, але сваёй гісторыі.

Мала хто ведае, што многія прафесійныя рысы імянінніцы былі закладзеныя падчас навучання на фізічным факультэце Мінскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ім. М. Горкага. Гэта выбітныя педагагічныя і метадычныя якасці, здольнасць проста і даступна растлумачыць любыя складаныя пытанні, гэта добразычлівасць і вялікае цярпенне да курсавікоў і дыпломнікаў.

Але жыццё, як тая рака, можа рэзка змяніць сваё рэчышча, і Людміла Леанідаўна паступае вучыцца на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, паралельна яна працуе юрысконсультам калгаса “Крывічы” (яшчэ адна гістарычная назва, якая аказала ўплыў на фарміраванне яе далейшых інтарэсаў) на Бацькаўшчыне. А з 1991 года яе лёс ужо непарыўна звязаны з факультэтам, бо Людміла Леанідаўна пачала працаваць спачатку метадыстам дэканата, потым, пасля атрымання дыплома, паступіла ў аспірантуру кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, а з 1999 года перайшла ў лік выкладчыцкай карпарацыі кафедры.

Пад кіраўніцтвам прафесара Т.І. Доўнар і дзякуючы бацькоўскай апецы прафесара І.А. Юхо у 2000 годзе яна абараніла кандыдацкую дысертацыю “Наследование имущества по законодательству Великого княжества Литовского”.

Пэўнае пакаленне студэнтаў юрыдычнага факультэта вывучала курс “Гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі”, які ў межах студэнцкага асяроддзя зваўся “Думка Голубевай”. Не кожны выкладчык можа ганарыцца, што прадмет звязваецца з яго прозвішчам. Але павага сярод студэнтаў і супрацоўнікаў факультэта не кружыць галаву нашай калезе. Яна застаецца сціплым і сумленным, працавітым і адказным супрацоўнікам, пазбягае ўсякіх інтрыг, заўсёды ідзе на дапамогу людзям, будучы гатовай падтрымаць у складаныя часіны.

Цветы. Увеличить.
З іменем Л.Л. Голубевай звязана нядаўняя падзея, якая мела гучны рэзананс ў юрыдычнай навуцы. Яна была актыўным ініцыятарам і рэалізатарам мерапрыемстваў у межах шанавання 90-годдзя з дня нараджэння прафесара Іосіфа Аляксандравіча Юхо. Пры яе актыўным удзеле былі падрыхтаваныя наступныя выданні:
-- Памяць і слава: Юхо Іосіф Аляксандравіч. Да 90-годдзя са дня нараджэння / рэдкал. : С.А. Балашэнка [і інш.]. – Мінск : БДУ, 2011. – 175 с. – (Memoria et Gloria).
-- Праблемы гісторыі дзяржавы і права Беларусі: матэрыялы міжнар. навук.-практ. канф., прысвечанай 90-годдзю з дня нараджэння І. А. Юхо. Мінск, 18–19 сак. 2011 г. / рэдкал. : С.А. Балашэнка (адк. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БДУ, 2011. – С. 85–88.

Людміла Леанідаўна з’яўляецца добрай і сумленнай дачкой, якая спраўна выконвае свой абавязак перад бацькамі, і маці цудоўнай дзяўчыны – Арыны, якая зараз упрыгожвае наш факультэт і, магчыма, працягне справу сваёй маці.

Калектыў кафедры шчыра віншуе свайго супрацоўніка з днём нараджэння і жадае Людміле Леанідаўне моцнага здароўя, шчасця, кахання і цвёрдасці ў пераадоленні часовых цяжкасцяў, якія раз-пораз сустракаюцца на нашым жыццёвым шляху.

Кафедра тэорыі і гісторыі дзяржавы і права

Адміністрацыя сайта ад імя ўсіх супрацоўнікаў юрыдычнага факультэта далучаецца да шчырага віншавання калег з кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, а таксама нагадвае, што ўсе, хто жадае, маюць магчымасць павіншаваць Людмілу Леанідаўну ў гасцёўні сайта