Міхаілу Кандрацьевічу Казлову – 75 год! Віншуем!

Міхаіл Кандрацьевіч, цэлая эпоха ў жыцці факультэта, нарадзіўся ў в. Смолькі Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў звычайнай сялянскай сям’і, ведаў і голад, і нямецкую акупацыю, і пасляваенныя цяжкасці. Першапачаткова лёс не вельмі адрозніваўся ад лёсу яго аднагодак: адначасовае сумяшчэнне школы з нялёгкай працай ў родным калгасе.
Але вось тут лёс дае пэўны зігзаг, а мо гэта не выпадак, а вынік пэўных рыс характару, такіх як упартасць, розум, традыцыйнае беларускае імкненне да лепшай долі. Міхаіл Кандрацьевіч амаль што пасля заканчэння школы як лепшы вучань і чалавек з пэўным жыццёвым вопытам (не будзем забываць, што у школьнае навучанне нашага юбіляра ўмяшалася вайна) пачынае працаваць настаўнікам гісторыі і геаграфіі суседняй вёскі. Мы ўпэўнены, што, калі б не прага да справядлівасці і не імкненне атрымаць юрыдычную адукацыю, то з вялікай доляй верагоднасці мы маглі б ведаць Міхаіла Кандрацьевіча на пасадзе Міністра адукацыі Беларусі.
І вось з 1963 па 1967 год Міхаіл Кандрацьевіч – студэнт юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Разумны і працавіты, ініцыятыўны і мудры не па гадах, ён карыстаецца павагай сярод кіраўніцтва, выкладчыкаў, студэнтаў. З 1968 па 1970 год працуе ў пракуратуры спачатку памочнікам пракурора, а потым следчым Уздзенскага раёна.
Але прага да навукі і былы педагагічны вопыт, як магутная рака, вялі нашага імянінніка да юрыдычнага факультэта. Пасля кароткатэрміновай працы ў Міністэрстве сацыяльнай абароны БССР ў 1973 годзе ён паступіў на дзённую форму навучання ў аспірантуру кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, дзе пад кіраўніцтвам выбітнага вучонага, загадчыка кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, доктара юрыдычных навук, прафесара С. Р. Драбязкі ў 1974 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Ахова здароўя – функцыя сацыялістычнай дзяржавы”.

Але найбольш яскрава якасці Міхаіла Кандрацьевіча выявіліся тады, калі з 1980 па 1997 год ён займаў пасаду намесніка дэкана юрыдычнага факультэта. У той час факультэт не быў такім вялікім, завочнікі набывалі адукацыю ў спецыялізаваным агульнаўніверсітэцкім падраздзяленні, таму намеснікаў ў дэкана было толькі два. Адзін адказваў за навуку, а другі – і гэтую пасаду займаў наш калега – адказваў за вучэбную, выхаваўчую, сацыяльную, ідэалагічную работу.
17 год Міхаіл Кандрацьевіч займаўся студэнтамі, кантраляваў вучэбны працэс, дапамагаў парадамі, разбіраў канфлікты і праблемы, сачыў за парадкам у інтэрнаце, арганізоўваў будаўнічыя атрады, накіроўваў на бульбу (пры гэтым ў якасці агітацыі казаў, што ў той мясцовасці добры самагон, а на справе гэта сапраўды было так). Рабіў шмат чаго, бо студэнты, як дзеці, якім трэба дапамагчы, даць параду, прачысціць мазгі калі трэба. І не дарма падчас святкавання чарговага юбілею юрыдычнага факультэта былыя выпускнікі паставілі яго імя разам з імёнамі дэканаў:

Рано утром и без коня
Где ж ты, мой юрфак, где мой факультет,
То ли было это, то ли нет
…
Балашенко нынче наш декан,
Это не мираж, не обман,
Где же наш Чигир, где же Годунов,
Где Тихиня и где же наш Козлов?
Аб Міхаіле Кандрацьевічы сярод студэнтаў хадзілі легенды аб студэнтках, якія былі платанічна закаханыя ў яго, аб парадах падчас наведвання інтэрната студэнтам-юрыстам. Заўсёды элегантны (касцюмы і гальштукі – асобная легенда), эфектны, красамоўны, прамы ў адносінах, ён карыстаецца заслужанай павагай студэнтаў, выпускнікоў і кіраўніцтва.
Заслугі Міхаіла Кандрацьевіча перад факультэтам, БДУ і краінай неаднаразова адзначаліся рознымі ўзнагародамі і заахвочваннямі. Вось і зараз навуковая і грамадская дзейнасць нашага юбіляра адзначана Падзякай Рэктара БДУ.
Шаноўны і любімы Міхаіл Кандрацьевіч, шчыра віншуем Вас з 75-годдзем, жадаем моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і спадзяёмся, што Вы яшчэ доўгі час будзеце працаваць разам з намі.
Калектыў кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права
Адміністрацыя сайта ад імя ўсіх супрацоўнікаў юрыдычнага факультэта далучаецца да шчырага віншавання калег з кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, а таксама нагадвае, што ўсе, хто жадае, маюць магчымасць павіншаваць Міхаіла Кандрацьевіча ў гасцёўні сайта.