Драбязку Сцяпану Рыгоравічу – 90 гадоў! Шчыра вітаем Юбіляра.

Сцяпан Рыгоравіч – гэта чалавек-эпоха і ў лёсе краіны, і лёсе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Чалавек, у якім, нібы ў кропельцы расы, адлюстраваны складаны лёс Бацькаўшчыны, чалавек, які разам са сваёй краінай прайшоў усе яе складаныя, але велічныя крокі.
Сялянскі сын з в.Уюнішча Сосніцкага раёна Чарнігаўскай вобласці Украінскай ССР, ён бачыў гады аднаўлення гаспадаркі пасля грамадзянскай вайны, перажыў цяжкасці калектывізацыі, цяжка і сумленна працаваў і прагнуў вучобы. І вучоба скарылася маладому селяніну. Школа была скончаная з залатым медалём, што, паверце, сведчыла аб выбітных асабістых здольнасцях, так і аб плённай і ўпартай працы навучэнца.
Як усе аднагодкі, выконваючы пачэсны абавязак абароны Айчыны, малады выпускнік школы быў прызваны ў Чырвоную Армію. Ён яшчэ тады не ведаў, што служба вельмі зацягнецца, і не ўсе, хто быў з ім тады ў прызыўным пункце, вернуцца дадому. Адслужыўшы год на савецка-румынскай мяжы памочнікам кулямётчыка ў 224-м стралковым палку, у 1941 г. у ліку лепшых салдат, якія маюць цікаўнасць і здольнасці да тэхнічнай справы, быў накіраваны ў Серпухаўскую школу авіямеханікаў, служыў авіямеханікам 722-га знішчальнага авіяпалка Супрацьпаветранай абароны, удзельнічаў у вызваленні Беларусі. За ратныя подзвігі і гераізм быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны, шэрагам медалёў.

Гэта вельмі сімвалічна, што з таго першага пасляваеннага набора, выйшла шмат асоб, якія звязалі свой лёс з юрыдычнай навукай і адукацыяй. Краіна была разбураная акупантамі, трэба было працаваць і падымаць Бацькаўшчыну. Гэта маглі зрабіць толькі адукаваныя і адданыя сваёй прафесіі людзі. Але з мноства прафесій вельмі важнай з’яўляецца праца настаўніка і выкладчыка, таго, хто, з аднога боку, свядома ахвяруе сваёй кар’ерай, але з іншага боку, дае магчымасць маладым дасягнуць прафесійных вышыняў. Якасць прававой сістэмы, узровень законнасці і правапарадку залежыць ад сістэмы падрыхтоўкі юрыдычных кадраў. Але сума ведаў і навыкаў – гэта яшчэ не ўсё: вельмі важнымі з’яўляюцца чалавечыя якасці выкладчыка, яго каштоўнасці, маральнае аблічча, сумленнасць, грамадская пазіцыя.
І ўсе гэтыя якасці былі ўласцівыя нашаму Юбіляру, ён мог дасягнуць прызнання ў любой галіне юрыспрудэнцыі, але абраў юрыдычную навуку і адукацыю. Аднойчы пакінуўшы працоўную кніжку ў якасці выкладчыка кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права ў Мінскім юрыдычным інстытуце, які з 1954 года стаў юрыдычным факультэтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Сцяпан Рыгоравіч не мяняў яе месца знаходжання. У працоўную кніжку толькі ўносіліся новыя запісы, якія сведчылі аб кар’ерным росце і навуковых дасягненнях.
Выкладчык кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права. Кандыдат юрыдычных наук. Дацэнт кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права. Доктар юрыдычных навук. Прафесар кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права. Выконваючы абавязкі дэкана юрыдычнага факультэта. Намеснік дэкана юрыдычнага факультэта. Загадчык кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права.
І на гэтай пасадзе, заняць якую Сцяпану Рыгоравічу без усякіх ваганняў прапанавала кіраўніцтва ўніверсітэта і факультэта, у поўнай сваёй велічы раскрыўся талент Юбіляра як Вучонага, Даследчыка і Выкладчыка. Ніводная дыскусія ў галіне юрыспрудэнцыі (а іх у савецкай навуцы было шмат у другой палове XX ст.) не заставалася без яго пільнай увагі. Навуковая пазіцыя С.Р. Драбязкі была прызнаная ўсімі вядучымі юрыдычнымі ўстановамі Савецкага Саюза, практычна ўсе праекты найсур’ёзнейшых палітыка-прававых актаў былі распрацаваны з яго ўдзелам. Ён прымаў удзел у падрыхтоўцы праектаў Канстытуцыі СССР 1977 г., Канстытуцыі БССР 1978 г., працаваў над канцэпцыяй Звода законаў СССР і БССР.
У 1988 годзе Сцяпан Рыгоравіч пакідае пасаду загадчыка кафедры і працягвае да гэтага часу працаваць прафесарам кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права.
Незалежная Беларусь таксама не магла абыйсціся без ведаў свайго вызваліцеля і выбітнага вучонага. Пры актыўным удзеле С.Р. Драбязкі былі распрацаваны Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 г., шэраг законаў і іншых нарматыўных прававых актаў, Канцэпцыя ўдасканалення заканадаўства Рэспублікі Беларусь, ягоны вопыт як эксперта неаднаразова выкарыстоўваўся дзяржаўнымі ўстановамі і арганізацыямі. Вельмі цяжка пералічыць усе дасягненні нашага Настаўніка: старшыня Дзяржаўнага экспертнага савета па сацыяльна-эканамічных праблемах развіцця дзяржаўнасці Рэспублікі Беларусь, член Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, член Спецыялізаванага савета БДУ па абароне дысертацый.

Як немагчыма падлічыць зоркі на небе, гэтак і немагчыма прыгадаць усе заслугі Юбіляра. І дзейнасць нашага Настаўніка неаднаразова адзначалася дзяржавай. Гэта ордэн Айчыннай вайны і 13 медалёў, Грамата Вярхоўнага Савета БССР, знакі “За выдатныя поспехі ў працы” ў галіне вышэйшай адукацыі СССР (1982) і “За адзнаку” II ступені Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь (2009), падзякі і граматы ўніверсітэта. Гэта званні “Ганаровы работнік юстыцыі” (2007), “Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь” (1996), Заслужаны работнік БДУ (2010), Лаўрэат вышэйшай юрыдычнай прэміі “Феміда” ў намінацыі “Юрыдычная навука” (2007).
І зараз прафесар Драбязка С.Р., які адрозніваецца інтэлігентнасцю і надзвычайнай сціпласцю, карыстаецца павагай усяго юрыдычнага супольніцтва Беларусі і былога СССР, працягвае сваю плённую працу, перадае свае глыбокія і шматгранныя веды студэнтам і аспірантам, вядзе актыўную навукова-даследчую працу.

Шаноўны Сцяпан Рыгоравіч!
Мы жадаем Вам моцнага здароўя,
далейшых творчых поспехаў у прафесійным жыцці і навучанні маладога пакалення юрыстаў
і просім даць нам магчымасць асабіста павіншаваць Вас з Вашым ужо 100-гадовым юбілеем.
Кафедра тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта
Адміністрацыя сайта ад імя ўсіх супрацоўнікаў юрыдычнага факультэта далучаецца да шчырага віншавання калег з кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, а таксама нагадвае, што ўсе, хто жадае, маюць магчымасць павіншаваць Сцяпана Рыгоравіча ў гасцёўні сайта
Обработка фото - Л.Беляевой.