Віншуем Варвару Уладзіміраўну Сажыну з днём нараджэння!

>Сажина В.В.. Увеличить.16 жніўня святкуе свой дзень нараджэння “Ледзі Дасканаласць” кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта – Варвара Уладзіміраўна Сажына.

Жыццё нашай імянінніцы непарыўна звязана з навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю. Пасля заканчэння юрыдычнага факультэта БДУ яна, як адна з найлепшых выпускніц, была накіравана для павышэння сваёй кваліфікацыі ў аспірантуру Інстытута дзяржавы і права Акадэміі навук СССР – вядучай на той час навуковай установы ў галіне юрыдычнай навукі, дзе паспяхова абараніла дысертацыю на суіскальніцтва навуковай ступені кандыдата юрыдычных навук на тэму “Административная юстиция Великобритании”. З 1984 па 1990 год Варвара Уладзіміраўна – супрацоўнік аддзела дзяржаўнага права і кіравання Інстытута філасофіі і права Акадэміі навук Беларусі, але найбольш яскрава яе талент выбітнага аратара і харызматычнага лектара, глыбокага навукоўцы і мэтанакіраванага кіраўніка навуковымі даследаваннямі студэнтаў раскрыўся пасля пераходу на пасаду дацэнта кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта БДУ.

Шматлікія пакаленні выпускнікоў юрыдычнага факультэта памятаюць лекцыі нашай імянінніцы па гісторыі дзяржавы і права замежных краін; яна з абаяльнай усмешкай, але цвёрда вучыць студэнтаў розніцы паміж рэформамі Эфіальта і Перыкла, паміж сервітутам і ўзуфруктам, дае магчымасць прасачыць эвалюцыю дзяржаўнага і сацыяльнага ладу вядучых міравых дзяржаў. З аднога боку, здаецца, дзеля чаго гэтыя веды аб часта ўжо знікнуўшых краінах і нормах, калі некаторыя папракаюць родны факультэт тым, што ён быццам не дае практыкаарыентаваных ведаў? Але з іншага боку, універсітэцкая адукацыя тым і адрозніваецца ад рамесніцтва на юрыдычнай глебе, што дае магчымасць думаць і разважаваць, што выпускае людзей, якія маюць высокую агульную і прафесійную культуру. І гэтыя веды, якія давала і дае студэнтам Варвара Уладзіміраўна, памножаныя на асабістыя якасці і прыклады лектара, даюць нам магчымасць спадзявацца, што нашы выпускнікі будуць з гонарам несці высокае званне студэнтаў БДУ.

Зараз Варвара Уладзіміраўна працягвае супрацоўнічаць з кафедрай тэорыі і гісторыі дзяржавы і права ў якасці сумяшчальніка, бо сонца ўзыходзіць над усімі і факультэт не можа прыватызаваць выбітных прафесіяналаў, таму зараз асноўным месцам працы нашага імянінніка з’яўляецца кафедра канстытуцыйнага і адміністрацыйнага права Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Але мы ўсе спадзяваемся на хуткае завяршэнне гэтай зацягнуўшайся камандзіроўкі.

Кафедра. Увеличить.Розы. Увеличить.Лепшымі характарыстыкамі для нашай імянінніцы можна прывесці два англійскіх слова “smart” і “drive”. Прычым апошняе вельмі яскрава апісвае ўдзел Варвары Уладзіміраўны ў жыцці кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права: яна ўклала душу ў станаўленне традыцыі шанавання юбіляраў кафедры – прафесараў Юхо Іосіфа Аляксандравіча і Драбязкі Сцяпана Рыгоравіча, іншыя праекты кафедры, у тым ліку і міжнародныя, не застаюцца без яе увагі і ўдзелу.

Варвара Уладзіміраўна − шчаслівая жонка і маці, прызнаны прафесіянал і сумленны чалавек, і мы можам толькі шчыра парадавацца, што нам давялося працаваць (а многім і слухаць лекцыі) з такім чалавекам.

Дарагая і любімая Варвара Уладзіміраўна! Прыміце нашыя самыя шчырыя віншаванні з днем нараджэння, будзьце заўсёды дасканалай, выбітнай, каханай і шчаслівай.

Калектыў кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права


Адміністрацыя сайта ад імя ўсіх супрацоўнікаў юрыдычнага факультэта далучаецца да шчырага віншавання калег з кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, а таксама нагадвае, што ўсе, хто жадае, маюць магчымасць павіншаваць Варвару Уладзіміраўну ў гасцёўні сайта.

Фота и апрацоўка - Л.В.Беляевой