Віншуем Галіну Пятроўну Ляўко з днём нараджэння!
>20 жніўня святкуе свой дзень нараджэння чалавек, праца якога на першы (і няправільны) погляд вельмі простая, але ад якой у рэчаіснасці залежыць камфорт і поспех усяго калектыву кафедры, загадчык вучэбнага кабінета тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта – Галіна Пятроўна Ляўко.
Вельмі часта стаецца, што юрыдычны факультэт (як і любая іншая ўстанова) атаясамляецца са сваімі выкладчыкамі і студэнтамі, а праца “другога эшэлону” застаецца “па-за кадрам”. Але за гэтым не зусім карэктным стаўленнем вельмі часта забываюцца аб тых, хто рэальна забяспечвае працу ўсяго калектыву:
тых, каго першымі бачаць студэнты, калі прыходзяць па пэўных пытаннях на кафедру;
тых, хто бярэ рэальнае шэфства над маладымі выкладчыкамі, аспірантамі і магістрантамі, якія ўжо сталі членамі калектыву, але не заўсёды ведаюць што і як рабіць;
тых, хто стварае належны мікраклімат у калектыве і фактычна выконвае абавязкі “другога загадчыка”.
Галіну Пятроўну, якая пачала працу лабарантам на юрыдычным факультэце з 1992 года (першапачаткова на кафедры міжнароднага права, а з 1996 года − на кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права), мы з усёй шчырасцю можам назваць душой нашай кафедры, тым чалавекам, які ўспрыняў і на працягу шматгадовай плённай працы падрымлівае традыцыі кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права: ветлівасць і адказнасць, дабразычлівасць і карэктнасць, стрыманасць у характарыстыках і высокую працаздольнасць. Хто як не лабаранты аднымі з першых прымаюць на сябе “удары” па зменах у вучэбна-метадычных дакументах, новых стандартах і падыходах, правілах афармлення і г.д.; хто як не яны адчуваюць на сябе пэўныя негатыўныя бакі нашай працы, калі пэўная незадаволеная асоба выкідвае на вучэбна-успамагальны персанал свае негатыўныя эмоцыі, якія трэба было б адрасаваць або калегам, або кіраўніцтву, або Госпаду Богу; хто як не яны з’яўляюцца цэнтрам пераадольвання і ліквідацыі канфліктных сітуацый у калектыве, спрабуючы стаць па-над канфліктуючымі бакамі.
Галіна Пятроўна − шчаслівая жонка і маці, жыццё яе сям’і цесна звязана з БДУ; муж – вядучы дацэнт фізічнага факультэта, абодва сыны скончылі юрыдычны факультэт, старэйшы пасля заканчэння аспірантуры абраў кар’еру выкладчыка кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, малодшы пасля заканчэння магістратуры стаў на шлях практыкуючага юрыста. Заслугі нашай імянінніцы неаднаразова адзначаліся (2006 – Падзяка Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь, 2008 – Грамата БДУ, 2012 – Падзяка БДУ).
Дарагая, шаноўная і любімая Галіна Пятроўна! Мы шчыра віншуем Вас з днём нараджэння, жадаем Вам моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця і плённай працы на карысць роднага факультэта.
Калектыў кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права
Фота кветак – Л.Ю.Васільева
Апрацоўка фота – Л.В.Беляева