28 лістапада 2013 года Сатоліну Уладзіміру Мікалаевічу – 60 год. Віншуем!!!

Сатоліну Уладзіміру Мікалаевічу – 60 год. Павялічыць.Сатоліну Уладзіміру Мікалаевічу – 60 год. Павялічыць.28 лістапада 2013 года спаўняецца 60 год намесніку дэкана юрыдычнага факультэта па вучэбнай рабоце, дацэнту кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Сатоліну Уладзіміру Мікалаевічу.

Жыццёвы шлях нашага імянінніка адпавядае іншым біяграфіям асоб, якія зараз займаюць выключныя ролі ў кіраўніцтве нашай дзяржавы наогул і прававой сістэме ў прыватнасці.

Нарадзіўся Уладзімір Мікалаевіч у вёсцы Лучнікі Ершыцкага раёна Смаленскай вобласці, скончыў сярэднюю школу, працаваў рабочым на элеватары, служыў у радах Савецкай арміі, пасля чаго амаль што ўсё жыццё Уладзіміра Мікалаевіча будзе звязана з Беларускім дзяржаўным універсітэтам.

Пасля дэмабілізацыі в 1974 годзе імяніннік становіцца слухачом падрыхтоўчага аддзялення БДУ і, паспяхова скончыўшы яго, праз год паступае на юрыдычны факультэт, вучобу на якім скончыўу 1980 годзе.

Падчас вучобы студэнт Сатолін вылучаецца сваім жыццёвым вопытам, здольнасцямі да грамадскай і арганізацыйнай работы. Гэта дазваляе яму потым пайсці, як казалі тады, па “грамадскай лініі” – працаваць старшынёй прафкама Мінскага фінансава-эканамічнага тэхнікума.

Сатоліну Уладзіміру Мікалаевічу – 60 год. Павялічыць.З 1988 года Уладзімір Мікалаевіч вяртаецца ва ўніверсітэт, дзе адразу бярэ адказнасць за дзве формы падрыхтоўкі студэнтаў: становіцца дэканам факультэта давузаўскай падрыхтоўкі і выкладчыкам кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права. Вось такі зігзаг лёсу – былы выпускнік падрыхтоўчага аддзялення сам яго ўзначальвае, а потым і сустракае сваіх выхаванцаў ужо на 1-м курсе юрыдычнага факультэта.

Сатоліну Уладзіміру Мікалаевічу – 60 год. Павялічыць.Выхаванне моладзі не магчыма без традыцый і прыкладаў – і Уладзімір Мікалаевіч абірае сабе ў якасці прадмета выкладання гісторыю дзяржавы і права. Дарэчы, любоў і павага да мінуўшчыны – гэта адметная рыса выдатнай асобы нашага імянінніка.

У 1998 годзе Уладзімір Мікалаевіч перааддольвае сваю “дваістасць” і цалкам вяртаецца на родны факультэт ужо ў якасці намесніка дэкана па вучэбнай рабоце. Гэты ж год быў і плённым у навуковай сферы, бо адзначыўся абаронай дысертацыі на суісканне вучонай ступені кандыдата юрыдычных навук. Гэта зноў характарызавала асабістыя якасці імянінніка, бо на адказных пасадах Уладзімір Мікалаевіч заўсёды спрабаваў па-бацькоўску ставіцца да навучэнцаў і студэнтаў, таму і тэма даследавання была абрана недарэмна – “Гісторыя станаўлення і развіцця заканадаўства аб шлюбе і сям’і Беларусі”.
На гэтым праца ў галіне навукі не скончылася, бо з 2001 года У.М. Сатолін становіцца вучоным сакратаром Савета па абороне дысертацый БДУ, і ўжо пакаленні вучоных Беларусі атрымліваюць накіраванне ў навуковае жыццё з дакументамі, на якіх ёсць подпіс Уладзіміра Мікалаевіча.

Сатоліну Уладзіміру Мікалаевічу – 60 год. Павялічыць.З 1998 года мы можам казаць, што ў жыцці студэнтаў наступіла “эпоха Сатоліна”, пры яго актыўным удзеле былі арганізаваны Дні факультэта, штогадовая міжнародная студэнцкая канферэнцыя і шэраг іншых мерапрыемстваў. Пры гэтым узровень арганізатарскіх здольнасцяў ужо перарастае родны факультэт, бо апошнія ініцыятывы Уладзіміра Мікалаевіча маюць міжнародны характар: гэта Міжнародны студэнцкі конкурс па міжнародным гандлёвым праве і міжнародным камерцыйным арбітражы і Міжнародны летні універсітэт.

Уладзімір Мікалаевіч узначаліў вельмі важны кірунак дзейнасці юрыдычнага факультэта – вучэбную работу. Пры яго актыўным удзеле распрацоўваліся новыя Тыпавыя вучэбныя планы і праграмы, уводзіліся новыя курсы і пераасэнсоўваўся змест традыцыйных, ствараліся новыя спецыяльнасці і спецыялізацыі для розных узроўняў адукацыі. Мы можам быць упэўненымі, што здаровы традыцыяналізм імянінніка неаднаразова дапамагаў факультэту ў прераадоленні залішняга рэфармацыйнага энтузіязму ў юрыдычнай адукацыі.

Кафедра. Увеличить.Шматгадовая і плённая праца на карысць роднага факультэта і ўніверсітэта неаднаразова адзначалася як кіраўніцтвам БДУ, так і дзяржавай. Амаль што ўсе дзяржаўныя органы, якія маюць дачыненне да адукацыйнай і прававой сферы, у розны час адзначылі шчырую і высакаякасную працу імянінніка.

У гэты дзень мы шчыра жадаем Вам, наш дарагі і любімы Уладзімір Мікалаевіч, моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.
Заставайцеся назаўсёды сапраўным чалавекам, шчырым і надзейным сябрам і калегам, з якім можна пайсці ў разведку і які бескарысна падтрымае ў цяжкую хвіліну.

Кафедра тэорыі і гісторыі дзяржавы і права

Адміністрацыя сайта ад імя ўсіх супрацоўнікаў юрыдычнага факультэта далучаецца да шчырага віншавання калег з кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, а таксама нагадвае, што ўсе, хто жадае, маюць магчымасць павіншаваць Уладзіміра Мікалаевіча ў гасцёўні сайта.

Фота Юбіляра – з архіва факультэта. Фота кветак - Л.Ю. Васільева.
Апрацоўка – В.М. Знак