Аляксандру Міхайлавічу Абрамовічу – 70 год!

Абрамовіч Аляксандр Міхайлавіч. Павялічыць.10 красавіка 2014 года спаўняецца 70 год загадчыку кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права (1989-2008), нашаму любімаму і паважанаму ШЭФУ - Аляксандру Міхайлавічу Абрамовічу!

Прафесар Абрамовіч – гэта чалавек з Вялікай Літары ў айчыннай тэарэтычнай і практычнай юрыспрудэнцыі. Мы ведаем Аляксандра Міхайлавіча ў постацях дзяржаўнага дзеяча, вучонага, выкладчыка, навуковага кіраўніка і кансультанта, кіраўніка падраздзялення і проста мудрага чалавека, які ішоў, ідзе і будзе (мы спадзяемся) доўга ісці па сваім жыцці.

Але сучаснасць, як пэўная Восень Патрыярха, не зразумелая без ведання Вясны і Лета нашага імянінніка. Можна сказаць, што Аляксандр Міхайлавіч мае адначасова і звычайны, і ўнікальны лёс, які характэрны для цэлай плеяды беларускіх дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў адпаведнага гістарычнага перыяду. Гэтыя людзі нарадзіліся ў цяжкі час 40-х гадоў, трагічных у сваёй першай палове для гісторыі Беларусі і насычаных энтузіязмам пабудовы новага жыцця. Потым вучоба і праца, дзе выбітныя асабістыя і прафесійныя якасці дазваляюць вылучыцца з шэгару іншых, а прыгодны даляглад і адчуванне перспектывы, памножаныя на сялянскую ўпартасць і працавітасць, абумоўліваюць далейшы кірунак прафесійнага развіцця. У апошнім дзесяцігоддзі Савецкага Саюза пакаленне сталее і набіраецца вопыту, яно не саромеецца вучыцца ў тых, хто перамог вайну і адбудаваў краіну, яно ўжо крытычна ўспрымае дагматызаваную ідэалогію і адначасова стрымана адносіцца да ідэй, якія прэтэндавалі на ролю новай “адзіна правільнай і ўніверсальнай дактрыны”.

Можна скажаць, што зорны час гэтага пакалення прыйшоўся на гады незалежнасці, бо яны змаглі прыпыніць тыя негатыўныя, антыдзяржаўныя тэндэнцыі, якія пачаліся з распаду СССР. Гэта яны стварылі сучасную Беларусь, гэты іх, на першы позірк відавочцы, спрэчныя рашэнні і ідэі потым аказваліся адпаведнымі доўгатэрміновым заканамернасцям і трэндам, якія ўзмацнялі стабільнасць і упэўненасць у заўтрашнім дні з аднасовым зніжэннем ўзроўню хаосу.

Аляксандр Міхайлавіч нарадзіўся ў звычайная сям’і ў весцы Забалоцце Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці, скончыў восем класаў Лысіцкай сярэдняй школы і паступіў у Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, але канчаткова атрымаў адукацыю агранома Навагрудскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Магчыма, гэта спецыяльнасць зрабіла той неабходны падмурак, з якога потым пачаўся імклівы кар’ерны рост будучага Заслужанага юрыста Рэспублікі Беларусь, ініцыятара і тэарэтычнага ідэолага сістэмных пераўтварэнняў у нацыянальнай правовой сістэме Беларусі. Аграном… Чалавек, які ведае зямлю, чалавек, які разумее, што такое ХЛЕБ, што такое сялянскае жыццё, а таксама, што без належных традыцый, якія захоўваліся ў сялянскім асяроддзі, без творча кансерватыўнага і рэалістычнага погляду на рэчаіснасць цяжка збудаваць і сям’ю, і працоўны калектыў, і дзяржаву. Адукацыя агранома дазволіла сумясціць тыя рысы, якімі потым будуць захапляцца студэнты, паважаць падначаленыя і пазітыўна адзначаць калегі: адкрытасць да новага, шырокія рознапрадметныя веды, стрыманая крытычнасць і рэалізм, бо колькасць прачытаных кніжак не робіць чалавека мудрым, толькі належна выкананая праца, дзе комплексна сінтэзаваныя і тэатэтычныя веды, і практыныя навыкі, і якасці кіраўніка, арганізатара і дарадцы.

Якасці маладога спецыяліста былі заўважанымі, і ён пераходзіць, як тады казалі, на “савецкую працу”, і становіцца інструктарам Лідскага раённага выканаўчага камітэта, адначасова паступаючы на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

1973 год – пераломным для нашага імянінніка, бо, паспяхова атрымаўшы вышэйшую адукацыю, Аляксандр Міхайлавіч атрымлівае накіраванне ў аспірантуру Інстытута філасофіі і права Акадэміі навук БССР. Адзначым, што ў савецкі час такая магчымасць давалася не кожнаму.

Тры гады вочнай аспірантуры адзначыліся сур’ёзнай працай, бо марнаваць час не было калі – гэта ведаюць усе вучні прафесара Абрамовіча: дома, у Лідзе, бацьку чакала жонка, каханая Антаніна Аляксандраўна, і маленькая дачка Наталля. Паспяховая абарона кандыдацкай дысертацыі ў студзені 1977 года дазволіла малодшаму навуковаму супрацоўніку Інстытута філасофіі і права, прынятаму на працу пасля заканчэння ў лістападзе 1976 года аспірантуры, “пераскочыць” адну з навуковых пасад і стаць адразу старшым навуковым супрацоўнікам. Прамежак паміж кандыдацкай і доктарскай дысертацыямі – дай, Божа, кожнаму, але для гэтага трэба мець адпаведны характар – 8 год. У 1985 годе ў Інстытуце дзяржавы і права Акадэміі навук СССР была абароненая доктарская дысертацыя.
І вось тут, як пісаў беларускі класік, “на прастор, на шырокі прастор”, бо малады, высокаадукаваны доктор навук становіцца запатрабаваным спецыялістам, тым больш, што ўжо пачынаюцца тыя складаныя працэсы, якія потым прывядуць на распаду СССР і фарміравання незалежнай Беларусі.

Далейшай прыступкай да кар’еры становіцца кіраўніцтва аддзелам тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Інстытута філасофіі і права Акадэміі навук БССР (1988 г.), з якой Аляксандр Міхайлавіч ужо непарыўна звязаны з Беларускім дзяржаўным універсітэтам. У студзені 1988 года перспектыўны вучоны-тэарэтык узначальвае кафедру тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта, змяніўшы на гэтай пасадзе іншага Патрыярха савецкай і беларускай юрыспрудэнцыі Сцяпана Рыгоравіча Драбязку. Гэта парадзіла эпоху Абрамовіча ў айчыннай юрыспрудэнцыі і тэарэтычнай навуцы, бо пад кіраўніцтвам Аляксандра Міхайлавіча ў 1992 годдзе быў створаны Савет па абароне дысертацый Д 02.01.01, старшынёй якога прафесар Абрамовіч заставаўся да 2006 года.

Абрамовіч Аляксандр Міхайлавіч. Павялічыць. Абрамовіч Аляксандр Міхайлавіч. Павялічыць.Аляксандр Міхайлавіч даў новы імпульс развіццю кафедры. Яскравай характарыстыкай Аляксандра Міхайлавіча як кіраўніка з’яўляецца тое, якія людзі жадаюць працаваць з ім і пад яго кіраўніцтвам. Так, шмат хто з былых супрацоўнікаў сектара тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Акадэміі навук абралі за сваім кіраўніком новае месца працы. Актывізавалася работа па стварэнні новых навукова-практычных кірункаў, шмат хто з былых студэнтаў шукаў сябе ў навуцы, і калі хто не змог давесці сваю працу да канца, то ў гэтым не было віны навуковага кіраўніка. Школа прафесара Абрамовіча – гэта шэраг дактароў і кандыдатаў, якія маюць гонар называцца яго вучнямі, а таксама тых шчасліўцаў, якія маглі атрымаць пэўную навуковую параду. І што самае цікавае, гэта было проста, бо наш Шэф быў дасціпным чалавекам, які заўсёды выкарыстоўваў прынцып “таленту трэба дапамагаць – бесталкоўшчына пралезе сама”.

Але практычныя навыкі і разуменне таго, што тэорыя не можа быць дакладнай без практычнай рэалізацыі, не дазвалялі застацца толькі на выкладчыцкай дзейнасці. У 1991 – 1992 годзе Аляксандр Міхайлавіч становіцца членам Камітэта канстытуцыйнага нагляду СССР, органа, які можна назваць першай установай канстытуцыйнай юстыцыі. А ў тым жа 1992 годзе ў перыяд станаўлення нацыянальнай дзяржаўнасці малады прафесар (1990), вопытны вучоны і кіраўнік, чалавек бездакорнай сумленнасці і прафесіяналізму запрашаецца фактычна на ключавую пасаду Рэспублікі Беларусь – А.М. Абрамовіч становіцца старшынёй Центральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь. Ён узначальвае Цэнтрвыбаркам у самыя лёсавызначальныя гады, калі Беларусь цяжка і складана шукае тую належную мадэль дзяржаўнага будавання. Грамадства расколатае, у паветры снуюць розныя ідэі ад вяртання ў СССР і аднаўлення камунізму, да адмаўлення ўсёй савецкай спадчыны, рэзка падае ўзровень жыцця, ідзе пэўная сацыяльная радыкалізацыя. У гэтых умовах трэба было так арганізаваць выбары і ў Вярхоўны Савет, і потым Прэзідэнта, пасада якога вельмі доўга ўключалася ў тэкст новай Канстытуцыі, каб у перспектыве Беларусь не паўтарыла лёс краін, якія атрымалі назву “бананавых рэспублік”. Пры ўсёй складанасці і брудзе тагачаснай палітычнай барацьбы, постаць Старшыні Цэнтрвыбаркама заставалася бездакорным сімвалам служэння ПРАВУ і БАЦЬКАЎШЧЫНЕ.

Прафесійныя якасці не засталіся незаўважанымі. З 1996 па 2004 гады Аляксандр Міхайлавіч з’яўляецца намеснікам Главы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і адказвае за прававыя пытанні. Пры актыўным удзеле і фактычным тэарэтычна-канцэптуальным кіраўніцтве адбываюцца важнейшыя падзеі ў правовой сістэме Беларусі: уносяцца змены ў Канстытуцыю, якія, што разумецца толькі праз доўгі час, не дазволілі зрабіць з Беларусі “кіруемы хаос”; праводзіцца актыўная кадыфікацыя заканадаўства – прымаецца больш за 26 новых кодэксаў; ствараюцца новыя ўстановы, якія прызваныя забяспечваць праватворчую дзейнасць; асэсоўваюцца і выбіраюцца набольш спрыяльныя мадэлі адносінаў з бліжэйшым саюзнікам – Расіяй, і г.д. Праца на карысць Радзімы была адзначана прысуджэннем ганаровага звання Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь.

З гэтай пасады Аляксандр Міхайлавіч у 2004 годзе абіраецца членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь ад Гродзенскай вобласці, якая памятае чалавека, які калісьці жыў і працаваў на Гарадзенскай зямлі і падцвяржае свой давер да яго прафесійных і асабістых якасцяў. Ужо на першым пасяджэнні верхняй палаты, ідэя якой была асабістай ідэяй прафесара пры рэфармаванні Канстытуцыі, Аляксандр Міхайлавіч абіраецца намеснікам Старшыні Савета Рэспублікі. Але, на жаль, цяжкая праца падарвала здароў’е Аляксандра Міхайлавіча і ў 2008 годзе, па сканчэнні паўнамоцтваў Парламента, ён зыходзіць у адстаўку, адначасова пакідаючы пасаду загадчыка кафедры і застаючыся яе прафесарам.

Аляксандр Міхайлавіч – гэта шчаслівы сем’янін, бо яго жонка заўсёды падтрымлівала яго ў любых, нават самых цяжкіх абставінах. Антаніна Аляксандраўна – гэта ўзор жонкі, якую Бог дае не кожнаму. Справы Аляксандра Міхайлавіча працягваюць яго дзеці: Наталля Аляксандраўна (суддзя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, доктар юрыдычных наук) і Уладзімір Аляксадравіч (адвакат Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, раней памочнік Старшыні Вышэйшага гаспадарчага суда Рэспублікі Беларусь, кандыдат юрыдычных навук), да якіх падцягваюцца і ўнукі, старэйшыя з якіх таксама абралі юрыдычную спецыяльнасць. Пры гэтым, нягледзячы на вялікія дасягненні, Шэф застаецца простым, дасціпным, добразычлівым чалавекам, для якога галоўным у асобе з’яўляюцца яе асабістыя якасці, і галоўнае, яе прыстойнасць.

Букеты. Павялічыць.Дарагі і любімы Аляксандр Міхайлавіч!Абрамовіч Аляксандр Міхайлавіч. Павялічыць.
Шчыра віншуем Вас з Днём нараджэння, жадаем моцнага здароў’я і доўгіх гадоў жыцця. Калі ласка, не парушайце традыцыі даўгалецця кафедральнай прафесуры. Мы вельмі шчаслівыя, што нам пашасціла працаваць, вучыцца і абараняцца пад Вашым кіраўніцтвам.
З Днём нараджэння!


Кафедра тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Адміністрацыя сайта ад імя ўсіх супрацоўнікаў юрыдычнага факультэта далучаецца да шчырага віншавання калег з кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, а таксама нагадвае, што ўсе, хто жадае, маюць магчымасць павіншаваць Аляксандра Міхайлавіча ў гасцёўні сайта.

Фота Юбіляра – з сайта Савета Рэспублікі і з архіва факультэта.
Фота кветах – з сайта http://www.buket.by/

Тэкст віншавання - Калінін С.А.
Апрацоўка тэкста і падбор фота - Краўчонак М.У., Рубіс І.А., Хват Н.У.

Апрацоўка для сайта – В.М. Знак