Кафедра тэорыі і гісторыі дзржавы і права віншуе Т. А. Чарвякову з днём нараджэння
>17 ліпеня - святочная дата ў дацэнта кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта, кандыдата юрыдычных навук, намесніка дэкана па навукова-даследчай і навукова-адукацыйнай рабоце Чарвяковай Таццяны Анатольеўны.
Узыходзячая зорка Таццяны Анатольеўны не так даўно з’явілася на небасхіле юрыдычнага факультэта, але яе святло і цеплыня бачныя і адчувальныя здалёк, а мы можам казаць аб вяртанні каметы на арбіту роднага факультэта.
Т. А. Чарвякова, сціплая, але таленавітая і упартая залатая медалістка з Шуміліншчыны, паспяхова скончыла юрыдычны факультэт з дыпломам з адзнакай і была размеркаваная на кафедру правазнаўства Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Фактычна станаўленне будучага факультэта права названай вышэйшай навучальнай установы праходзіла пры актыўным удзеле нашай імянінніцы. Адначасова яна працягвае практычную юрыдычную дзейнасць, што дазваляе ёй на высокім узроўні выконваць усе віды вучэбнай нагрузкі.
Сапраўднай “разынкай” Таццяны Анатольеўны становіцца ўдзел і суправаджэнне навуковых даследванняў як на ўзроўні факультэта, так і кафедры. Пад кіраўніцтвам шаноўнага і вельмі любімага прафесара, доктара юрыдычных навук, суддзі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь і проста свайго загадчыка кафедры ў БДЭУ Анатоля Герасімавіча Цікавенкі ў 2010 годзе была паспяхова абаранена дысертацыя на суісканне навуковай ступені кандыдата юрыдычных навук.
Але ў гэты час прыцягненне юрыдычнага факультэта становіцца больш моцным, і Таццяна Анатольеўна уваходзіць у арбіту кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта БДУ, куды і пераходзіць на пастаянную працу з 2011 года. Гэта надала моцны імпульс усім кафедральным ініцыятывам, няма ніводнага мерапрыемства кафедры, дзе б не прымала ўдзел наша імянінніца. Гэта і правядзенне юбілейных канферэнцый у гонар прфесараў І. А. Юхо і С. Р. Драбязкі, арганізацыя іншых навуковых мерапрыемстваў, удзел у самадзейнасці, выхаваўчай працы і г.д.
Такая пазіцыя не засталася не заўважанай з боку кіраўніцтва факультэта – і вось ўжо з 2013 года на Таццяну Анатольеўну дадаткова ўскладзены абавязкі па кіраванню навуковай дзейнасцю факультэта, яна становіцца намеснікам дэкана. Мы з радасцю адзначаем, што наша калега з’яўляецца прыкладам для ўсіх нас у кар’ерных поспехах, з’яўляецца ўзорам таму, як ўпартасць, талент, працаздольнасць і ўменне працаваць у камандзе, не застаюцца не заўважанымі і адзначаюцца па заслугах. Фактычна – гэта відавочны факт таго, што талент і працавітасць, адданасць сваёй справе і шчырасць не застаюцца на юрыдычным факультэце без увагі і заўсёды заахвочваюцца.
Мы сардэчна віншуем нашу калегу і кіраўніка з днём нараджэння, жадаем поспехаў, здароўя і дабрабыту і спадзяемся, што арбіта юрыдычнага факультэта не выпусціць гэтую зорку ў іншыя палёты.
Дарагая, цудоўная і любімая Таццяна Анатольеўна, заставайцеся заўсёды такой прыгожай, вясёлай і добразычлівай.
Кафедра тэорыі і гісторыі дзяржавы і права.
Фота з сайта юрыдычнага факультэта
(ДКЖ-2011. Таинственность праздничного закулисья!)
Букеты – з сайта http://fotiko.ru и Мир цветов
Апрацоўка – В.М. Знак
Адміністрацыя сайта ад імя ўсіх супрацоўнікаў юрыдычнага факультэта далучаецца да шчырага віншавання калег з кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, а таксама нагадвае, што ўсе, хто жадае, маюць магчымасць павіншаваць Таццяну Анатольеўну ў гасцёўні сайта.