Віншуем Таісію Іванаўну Доўнар з Днём нараджэння!


Таісія Іванаўна – гэта чалавек, лёс якога цесна звязаны з лёсам Айчыны, менавіта таму і сферай навуковых даследаванняў з’яўляецца гісторыя дзяржавы і права.
Таісія Іванаўна Доўнар нарадзілася ў вёсцы Шацк Пухавіцкага раёна ў партызанскай сям’і ў той час, калі Беларусь ужо была вызваленая ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, але вайна яшчэ грымела. Цяжкае пасляваеннае, але ўсё роўна незабыўнае і шчаслівае дзяцінства: расла і набіралася сілаў маленькая дзяўчынка і адначасова падымалася і загойвала свае раны родная Беларусь. З 1951 па 1961 гады – вучоба ў Шацкай сярэдняй школе, потым, трэба ж набраць пэўны працоўны стаж і дапамагчы бацькам, – праца медыцынскім рэгістратарам у Шацкай участковай бальніцы.
Праца юрыста і праца медыка вельмі падобныя, нават маюць агульную дысцыпліну – Судовую медыцыну, і наш юбіляр таксама не мінуў медыцынскай сферы. З 1962 па 1964 гады Таісія Іванаўна вучыцца ў медыцынскім вучылішчы № 1 г. Мінска, а потым працуе фельчарам-лабарантам у вёсцы Раванічы Чэрвеньскага раёна. Хоць месца працы знаходзілася даволі далёка ад дома, трэба сучаснай моладзі ўлічваць асаблівасці траспартнага злучэння ў тагачаснай Беларусі, наша імянінніца рэгулярна наведвала бацькоў і родную вёску, акая была яшчэ больш роднай, бо туды часта прыязджаў малады інжынер Пятро. І ў 1966 годзе было вяселле, якое змяніла ўсё ў жыцці: і месца жыцця (маладыя перабіраюцца ў Мінск), і месца працы (Інстытут удасканальвання ўрачоў), і прафесійную сферу.
У 1968 годзе імянінніца паспяхова здае ўступныя іспыты і становіцца студэнткай дзённага аддзялення юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, з якім будзе звязана ўсё яе далейшае жыццё (за выключэннем невялікага часу, калі зноў яна паедзе за мужам, які будзе камандзіраваны ў Камерун). Адной з яскравых рысаў асобы Таісіі Іванаўны з’яўляецца выключная працаздольнасць, і яна, як і іншыя студэнты, не толькі паспяхова вучыцца, але і працягвае працаваць фельчарам-лабарантам 5-й клінічнай бальніцы г. Мінска. Але гэтыя падработкі скончыліся з нараджэннем у 1970 годзе сына, што зноў не адбілася на вучэбнай дзейнасці.

Навуковы гурток па гісторыі дзяржавы і права Беларусі, вычарпальныя кансультацыі – і Таісія Іванаўна застаецца супрацоўнікам юрыдычнага факультэта. Спачатку працуе лабарантам кафедры крыміналістыкі, а ў 1976 годзе становіцца выкладчыкам кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права.
Навуковая праца стала даваць свае вынікі ўжо ў другой палове 80-х, хоць і трэба было выхоўваць дзяцей і ехаць на два гады ў Афрыку. У 1986 годзе ў Ленінградскім дзяржаўным універсітэце паспяхова абараняецца дысертацыя на суісканне вучонай ступені кандыдата юрыдычных навук на тэму «Пераемнасць у канстытуцыйным будаўніцтве Беларускай ССР» (навуковы кіраўнік – прафесар І. А. Юхо). У 1988 годзе прысуджаецца вучонае званне “дацэнт”.


Перыяд уласнай незалежнай дзяржавы быў вельмі плённы для навуковых даследаванняў. Таісія Іванаўна – ужо прызнаны спецыяліст, да думкі якога прыслухоўваюцца мэтры беларускай гісторыка-прававой навукі (І. А. Юхо, А. Ф. Вішнеўскі, В. А. Круталевіч і інш.). Назапашаныя веды былі ў 1997 годзе выкладзеныя ў манументальную дысертацыю, прадстаўленую на суісканне навуковай ступені доктара юрыдычных навук, падрыхтаваную на тэму «Развіццё агульназемскага права Беларусі ў ХV–ХVI стагоддзях» (навуковы кансультант – І.А. Юхо). У 2000 годзе ВАК Беларусі адзначыў дасягненні Т.І. Доўнар і прысвоіў ёй вучонае званне “прафесар”.
Т. І. Доўнар – аўтар шматлікіх твораў, артыкулаў, манаграфій і падручнікаў, яна актыўна ўдзельнічала ў публікацыі крыніц права (Статут 1566 г., юбілейнае выданне Статута 1588 г. і інш.) і энцыклапедычных выданняў («Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік» (1992), «Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік» (1995), «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» (Т.1-6, 1993-2003) і інш.).


Добразычлівасць і ўдзячнасць, працавітасць і адказнасць – гэта адметныя рысы нашай імянінніцы. Таісія Іванаўна – душа нашай кафедры, яе гумар, бадзёрасць, адкрытасць і гатоўнасць заўсёды прыйсці на дапамогу і падтрымліваць належны мікраклімат ў калектыве. Імянінніца таксама шчаслівая жонка, маці і бабуля. І што прыемна адзначыць, дзеці і ўнукі паспяхова рэалізуюць сябе ў юрыдычнай сферы: сын – вядомы адвакат, дачка – кандыдат навук, дацэнт, выкладае на юрыдычным факультэце, унучка – магістрант юрыдычнага факультэта, унук – студэнт першага курса юрыдычнага факультэта.



Дазвольце нам шчыра павіншаваць Вас з Днём нараджэння і пажадаць Вам моцнага здароў’я, доўгіх гадоў жыцця і працы на юрыдычным факультэце, вясёласці і бадзёрасці, а таксама рэалізацыі Вашых далейшых творчых планаў.
Калектыў кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Фота:
-- А. Юркевіч - з матэрыяла Сказка, которая стала реальностью. День рождения Юридического факультета-2010. Праздничный концерт.
-- з архіваў факультэта і кафедры,
-- з альбома «Цветы»
Апрацоўка – В.М. Знак
Адміністрацыя сайта ад імя ўсіх супрацоўнікаў юрыдычнага факультэта далучаецца да шчырага віншавання калег з кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, а таксама нагадвае, што ўсе, хто жадае, маюць магчымасць павіншаваць Таісію Іванаўну Доўнар ў гасцёўні сайта.