Пайшоў з жыцця сябра юрыдычнага факультэта БДУ прафесар Гётц Шульцэ
Сёння мы атрымалі сумную навіну ад нашых калег з універсітэта Патсдама.
30 кастрычніка 2018 года на 54 годзе раптоўна памёр дэкан юрыдычнага факультэта ўніверсітэта Патсдама, габілітаваны доктар права, прафесар Гётц Шульцэ. У яго засталіся жонка і чацвёра дзяцей.
Юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта смуткуе разам з калегамі з універсітэта Патсдама. Мы выказваем таксама нашы спачуванні родным прафесара Гётца Шульцэ.
Прафесар Шульцэ з’яўляўся не проста партнёрам нашага факультэта, ён быў нашым сябрам, які цалкам падтрымліваў развіццё партнёрскіх, навуковых, адукацыйных і міжасобасных адносін з Беларуссю.
Спадар прафесар Шульцэ актыўна ўдзельнічаў у рабоце Летніх універсітэтаў, якія ладзяцца штогод з 2011 г. нашым факультэтам сумесна з універсітэтам Патсдама і ўніверсітэтам Парыж-Нантэр. Успамінаюцца яго даклады пра вопыт і праблемы трацейскага судаводства (2011 г.), новае адзінае еўрапейскае гандлёвае права: пра прапанову Еўрапейскай камісіі COM (2011) 635 (2012 г.), рэформу еўрапейскага грамадзянскага працэсуальнага заканадаўства – стан праекта рэформаў і яго значныя навелы (2013 г.).
Спадар дэкан таксама падтрымліваў рэалізацыю сумеснага міжнароднага праекта “Навучанне альтэрнатыўнаму ўрэгуляванню спрэчак як падыходу да забеспячэння правоў чалавека” (TRADIR) на працягу 2013-2017 гг.
Калега прафесар Шульцэ быў цудоўным чалавекам і выбітным навукоўцам.
Нарадзіўся ў Карлсруэ 8 кастрычніка 1964 г. Скончыў універсітэт Вюрцбурга ў 1988 г. па кірунку “філасофія”, а ў 1992 г. – універсітэт Хайдэльберга па кірунку “права”. У 1997 г. атрымаў ступень доктара права (PhD) ва ўніверсітэце Хайдэльберга. А праз 10 гадоў у тым жа ўніверсітэце быў габілітаваны (грамадзянскае права, еўрапейскае прыватнае права, міжнароднае прыватнае права, міжнароднае працэсуальнае права, параўнальнае правазнаўства, тэорыя права).
Навуковую дзейнасць пачаў у 1992 г. навуковым асістэнтам на кафедры нямецкага права ўніверсітэта Лазаны (Швайцарыя). З 2010 г. атрымаў кафедру грамадзянскага права, еўрапейскага прыватнага права, міжнароднага прыватнага і працэсуальнага права і параўнальнага правазнаўства ва ўніверсітэце Патсдама. З 2015 г. займаў пасаду дэкана юрыдычнага факультэта ўніверсітэта Патсдам. З 2013 г. адначасова працаваў суддзёй Вышэйшага зямельнага суда Брандэнбурга.
Прафесар Шульцэ з’яўляецца аўтарам шматлікіх публікацый, уключаючы навуковыя працы ў галіне прыватнага права, навучальныя дапаможнікі і навуковыя каментары да заканадаўчых актаў ФРГ.
Навіна – дацэнт кафедры крымінальнага працэсу і пракурорскага нагляду В.І. Самарын
Фота – з архіва юрыдычнага факультэта БДУ і юрыдычнага факультэта ўніверсітэта Патсдама
Апрацоўка – Л.В.Бяляева