Справаздача аб пасяджэнні навуковага гуртка па крымінальным працэсе на тэму: “Асаблівасці правядзення асобных следчых дзеянняў пры расследаванні злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі і незаконнага абароту наркотыкаў” (25 красавіка 2018 г.)

25 красавіка 2018 г. на юрыдычным факультэце адбылося апошняе ў гэтым семестры пасяджэнне навуковага гуртка па крымінальным працэсе.

Гэтым разам са студэнтамі сустрэўся Дзмітрый Анатольевіч Астрэйка, начальнік аддзела па расследаванні злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі і незаконнага абароту наркотыкаў следчага ўпраўлення УСК па горадзе Мінску.

На пачатку пасяджэння Дзмітрый Анатольевіч прадэманстраваў відэаролік, у якім наглядна былі паказаны наступствы ўжывання сінтэтычных наркотыкаў. У сваёй гутарцы следчы падрабязна спыніўся на тактыцы, а таксама асаблівасцях правядзення асобных следчых дзеянняў па так званай “справе чатырнаццаці”. Тады, у 2016 годзе, быў пастаноўлены прысуд у дачыненні да чатырнаццаці членаў арганізаванай злачыннай групы, якія ажыццяўлялі гандаль сінтэтычнымі наркотыкамі. Абвінавачаныя былі асуджаны да пазбаўлення волі тэрмінамі ад 10 да 15 гадоў.

Расследаваннем гэтай справы сумесна з калегамі і займаўся Дзмітрый Анатольевіч. Госць падрабязна спыніўся на працэсе даказвання па справе, паказаў, як з дапамогай сукупнасці ўскосных доказаў па ўнутраным перакананні следчага ўзрастала імавернасць ажыццяўлення злачынныя дзеянняў затрыманымі.

Дзмітрый Анатольевіч таксама распавёў пра выкарыстанне ў справе новага інстытута крымінальна-працэсуальнага права Беларусі – дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве.
 

Студэнты ўважліва слухалі калегу, актыўна задавалі пытанні не толькі ў дачыненні да спраў, звязаных с абаротам наркотыкаў, але таксама і пра асаблівасці расследавання спраў у сферы высокіх тэхналогій. Студэнты даведаліся, што збольшага веды атрымліваюцца супрацоўнікамі самастойна ў практыцы расследавання адпаведных спраў.

Выказваем падзяку начальніку аддзела па расследаванні злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі і незаконнага абароту наркотыкаў следчага ўпраўлення УСК па горадзе Мінску Дзмітрыю Анатольевічу Астрэйка, які, нягледзячы на вялікі аб’ём працы, знайшоў час прыйсці на Юрыдычны факультэт і падзяліцца вопытам з калегамі, навуковаму кіраўніку гуртка Вадзіму Ігаравічу Самарыну і студэнтам факультэта, якія прыйшлі на пасяджэнне.        


Навіна – стараста гуртка А. Кацман
Фота – О. Стральцова
Апрацоўка – В.М. Знак