Пасяджэнне навукова-практычнага гуртка па крымінальным праве. Тэма: «Спосабы кваліфікацыі злачынстваў у краінах кантынентальнай прававой сям'і. Нямецкі метад». (26 кастрычніка 2018 г).
26 кастрычніка 2018 г. адбылося чарговае пасяджэнне навукова-практычнага гуртка па крымінальным праве на тэму «Спосабы кваліфікацыі злачынстваў у краінах кантынентальнай прававой сям'і. Нямецкі метад».
Старшынёй пасяджэння з’яўляўся кіраўнік навукова-практычнага гуртка Андрэй Віктаравіч Шыдлоўскі (кандыдат юрыдычных навук, дацэнт).
На пасяджэнні гуртка выступіў:
Лысак Павел Аляксандравіч, стараста гуртка, студэнт 3 курса, які даў падрабязную характарыстыку і апісаў нямецкі метад кваліфікацыі злачынстваў, прапанаваў студэнтам практычнае кіраўніцтва па кваліфікацыі, якое выкарыстоўваецца ў нямецкіх юрыдычных вышэйшых навучальных установах.
У працэсе пасяджэння адбылася дыскусія наконт асобных палажэнняў дадзенай методыкі, а таксама мэтазгоднасці яе выкарыстання ў цэлым. Удзельнікам было прапанавана ў складзе каманд самастойна рашыць казусы рознай складанасці з непасрэдным прымяненнем нямецкага метаду кваліфікацыі; адначасова ў ходзе разгляду былі сістэматызаваны веды нацыянальнай судовай правапрымяняльнай практыкі. Тэматыка казусаў была звязана з прававой адзнакай саўдзелу ў супрацьпраўным звароте наркатычных сродкаў.
На аснове атрыманых тэарэтычных і практычных ведаў і ўсебаковага аналізу, у заключэнні пасяджэння навукова-практычнага гуртка, былі зроблены наступныя высновы:
1.Метады крымінальна-прававой кваліфікацыі злачынстваў у краінах адной прававой сістэмы падобныя, але маюць шэраг адметных рысаў.
2.Вопыт Германіі, як ядра кантынентальнай прававой сям'і, безумоўна, заслугоўвае ўвагі і глыбокага вывучэння.
3.Вартасцямі нямецкай методыкі з'яўляюцца:
- больш пільны аналіз абставін, якія выключаюць злачыннасць, вінаватасць і каральнасць грамадска небяспечнага дзеяння ў дачыненні да кожнага канкрэтнага выпадку,
- графічнае прадстаўленне элементаў складу злачынства,
- імператыўная аднастайнасць.
Недахопамі, у сваю чаргу, былі названы:
- неабходнасць параўнальна вялікіх часовых выдаткаў,
- аднабаковы аналіз складу, які не мае значнай эфектыўнасці пры разглядзе складаных для кваліфікацыі злачынстваў.
Матэрыял падрыхтавалі: стараста гуртка П. А. Лысак, студэнт 3 курса 5 групы У. А. Лаўрыновіч; студэнтка 2 курса 1 групы П.Г. Чаранкевіч.
Фота: студэнтка 3 курса 10 групы А.А. Сідарэвіч.
Апрацоўка: Л.В. Бяляева.