14 снежня 2021 года адбыўся Рэспубліканскі круглы стол "Станаўленне і развіццё судовай улады на беларускіх землях"

14 снежня 2021 года на юрыдычным факультэце ў фармаце відэаканферэнцыі адбыўся Рэспубліканскі круглы стол "Станаўленне і развіццё судовай улады на беларускіх землях". Суарганізатарамі навуковага мерапрыемства выступілі кафедра тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кафедра канстытуцыйнага права і дзяржаўнага кіравання УА “Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт” і суд Полацкага раёна і г. Полацка.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў навуковага мерапрыемства выступіў намеснік дэкана па навукова-адукацыйнай дзейнасці юрыдычнага факультэта БДУ, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Сяргей Артуравіч Калінін, які адзначыў важную ролю судовай улады, правасуддзя і справядлівасці ў жыцці кожнага грамадства, указаў на важнейшыя этапы станаўлення судоў і судовай улады ў гісторыі Беларусі.

14230 1

Вітальныя словы таксама выказаў намеснік дэкана юрыдычнага факультэта ПДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Аляксей Леанідавіч Радзюк і загадчык кафедры канстытуцыйнага права і дзяржаўнага кіравання ПДУ, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Ірына Віктараўна Шахноўская.

Прадстаўленыя на круглы стол даклады былі прысвечаны асаблівасцям станаўлення і развіцця судовай сістэмы Беларусі. Распачалі навуковую дыскусію прафесар кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права БДУ, доктар юрыдычных навук, прафесар Таісія Іванаўна Доўнар і дацэнт кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права БДУ, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Дзмітрый Васільевіч Шчэрбік, тэматыка дакладаў якіх тычылася станаўлення судоў і судовай улады на землях Беларусі ў перыяды перад і падчас правядзення судовай рэформы XVI стагоддзя ў Вялікім княстве Літоўскім.

Развіццю судовай улады ў XVIII стагоддзі на землях Беларусі быў прысвечаны даклад старшага выкладчыка кафедры канстытуцыйнага права і дзяржаўнага кіравання ПДУ Андрэя Віктаравіча Валеўкі. Пытанні прававога рэгулявання судова-следчай дзейнасці у адносінах да асоб-удзельнікаў антыўрадавага руху 1861-1863 гг. на землях Беларусі былі разгледжаны ў дакладзе дацэнта кафедры канстытуцыйнага права і дзяржаўнага кіравання, кандыдата гістарычных навук Сяргея Яўгенавіча Глазырына.

Суддзя суда Полацкага раёна і г.Полацка Яніна Сяргееўна Марцулевіч і стажор суддзі Алена Сяргееўна Напрыенка распавялі ўдзельнікам круглага стала аб асноўных тэндэнцыях развіцця судовай сістэмы ў сучасны перыяд, цыфравізацыі судовай сістэмы, а таксама аб спрэчных аспектах прыцягнення да крымінальнай адказнасці службовых асоб за злачынствы супраць інтарэсаў службы.

Праведзенае мерапрыемства мела навукова-практычнае значэнне, навукоўцы і практыкі абмяняліся думкамі па актуальным пытанням развіцця судовай сістэмы Беларусі, выявілі яе гістарычныя традыцыі і сучасныя дасягненні.

14230 2 14230 3

Арганізатары дзякуюць усім удзельнікам за актыўнасць і спадзяюцца на далейшае плённае навуковае супрацоўніцтва!

Інфармацыю прадставіў дацэнт кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Д.В. Шчэрбік