Рух па MOSTе паміж Мінскам і Лісабонам (16-21 ліпеня 2017 г.)

16-21 ліпеня 2017 г.  дацэнт кафедры экалагічнага і аграрнага права юрыдычнага факультэта к.ю.н., дацэнт Мароз Алег Васільевіч, дацэнт кафедры крымінальнага працэсу і пракурорскага нагляду юрыдычнага факультэта к.ю.н., дацэнт Пятрова Вольга Валянцінаўна і дацэнт кафедры крымінальнага працэсу і пракурорскага нагляду юрыдычнага факультэта к.ю.н., дацэнт Самарын Вадзім Ігаравіч наведалі Ўніверсітэт Лісабона ў Партугаліі.

 

Асноўнай мэтай камандзіроўкі ў Лісабон быў удзел у XXVIII Сусветным кангрэсе Міжнароднай асацыяцыі філасофіі права (Internationale Vereinigung für Rechts- und Sozialphilosophie).

 

Тэмай сёлетняга кангрэсу быў Мір, заснаваны на правах чалавека”. Дадаткова ставілася задачай падтрымка навуковых кантактаў з калегамі з еўрапейскіх прававых школ, а таксама з юрыстамі-навукоўцамі з іншых кантынентаў.

 

Трэба адзначыць, што Міжнародная асацыяцыя філасофіі права (IVR) была заснавана ў Берліне ў 1909 г. Яе мэтай з’яўляецца падтрымка і прасоўванне філасофіі права і сацыяльнай філасофіі як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні. Асацыяцыя адкрыта для ўсіх адпаведных навуковых дысцыплін. Заснавальнікамі Асацыяцыі ў 1909 г. былі навукоўцы Германіі (96), Аўстра-Венгрыі (14), Нідэрландаў (11), Швейцарыі (9), Італіі (6) і Расійскай імперыі (6).

 

Першы кангрэс IVR адбыўся ў Берліне ў 1910 г. ў прускім палацы гаспадароў (Preußisches Herrenhaus). У працы таго Кангрэса прынялі ўдзел каля 70 удзельнікаў, якія праслухалі каля 10 лекцый, арыентаваных на асноўныя пытанні філасофіі права. Сацыяльная праграма першага кангрэса была даволі сціплай: ўтульны вечар у гатэлі “Palace” і два прыёмы ў дамах заснавальнікаў.

 

Але сучасныя сусветныя кангрэсы Асацыяцыі вядуць лічэнне ад першага пасляваеннага кангрэса ў Заарбрукіне (ФРГ, 1957 г.).

Сёлетні сусветны кангрэс пачаўся вітальнымі словамі прафесара, доктара юрыдычных навук Жозэ дэ Соўса Брыта (José de Sousa e Brito), былога суддзі Канстытуцыйнага Суда Партугаліі (1989-2002) і дзейснага прафесара крымінальнага права і філасофіі права, а таксама запрошанага прафесара ўніверсітэта Нова-дэ-Лісабон.

 

Акадэмічная праграма Кангрэса доўжылася 4 дні і работа была арганізавана ў форме пленарных пасяджэнняў у першай палове дня і рознага кшталту семінараў – у другой. У пленарных пасяджэннях можна было паслухаць лекцыі асноўных дакладчыкаў (key speakers) і спытаць іх. Так, дыскусію аб суадносінах права і маралі ў цэлым, а таксама правоў чалавека і маральнасці ў сучасным свеце выклікаў даклад прафесара права і філасофіі ўніверсітэта Мінесоты Брайана Бікса (Brian H. Bix). Аб правах чалавека ва ўмовах міжнароднай крымінальнай юстыцыі свае меркаванні выказала прафесар Collège de France Мірэль Дэлмас-Марці (Mireille Delmas-Marty). Такіх асноўных дакладаў было каля 10.

 

Праца працягвалася ў спецыяльных семінарах па розных накірунках і мовах. Такіх семінараў сёлета было 47. Прадстаўнікі нашага факультэта прынялі ўдзел у рабоце семінара “Крымінальнае права і маральнасць”. Свае даклады на семінары на працягу ўсіх дзён Кангрэса прадстаўлялі таксама ўдзельнікі з Польшчы, Канады, Ізраіля, Вялікай Брытаніі і інш.

 

Дацэнты Вольга Пятрова, Алег Мароз і Вадзім Самарын прэзентавалі даклад на тэму “Маральныя эмоцыі ў кантэксце крымінальнага права”. Асноўны сэнс даклада ў тым, што ў адпаведнасці з унутраным псіхалагічным механізмам паводзіны чалавека рэгулююцца праз маральныя эмоцыі, у прыватнасці, пачуцці віны і сораму, што неабходна ўлічваць пры прыцягненні да крымінальнай адказнасці і ў папраўчым працэсе, а таксама ў аднаўленчым правасуддзі. Пры гэтым ужыванне пакаранняў, заснаваных на эмоцыі сораму, з’яўляецца адчувальным з пункту гледжання прыніжэння чалавечай годнасці, таму мусіць быць абмежаваным. Галоўны дакладчык дацэнт Вольга Пятрова адказала таксама на пытанні, якія ўзніклі ў прысутных.

 

Дыскусію выклікалі і іншыя даклады на семінары, напрыклад, Радаслава Палоша (Radosław Pałosz) з Ягелонскага ўніверсітэта пра змяненні парадыгмы крымінальнага права ў час кіберзлачыннасці, Аміта Пундыка (Amit Pundik) з універсітэта Тэль-Авіва пра выкарыстанне статыстычных дадзеных у даказванні па крымінальных справах, Бэна Сакса (Ben Sachs) з універсітэта Св. Андрэя (Файф, Шатландыя) пра тэорыі крыміналізацыі асобных дзеянняў, Катаржыны Віткоўскай (Katarzyna Witkowska) з Ягелонскага ўніверсітэта пра крымінальнае права і маральнасць з пункту гледжання сістэматычнага падыходу.

 

Рэфераты дакладаў былі апублікаваныя да пачатку Кангрэса і кожны ўдзельнік атрымаў адпаведны зборнік падчас рэгістрацыі. Таксама былі выданы сертыфікаты ўдзельніка.

 

Падчас перапынкаў прадстаўнікі нашага факультэта гутарылі з прадстаўнікамі ўніверсітэтаў з Партугаліі, Польшчы (Ягелонскі ўніверсітэт, універсітэты Варшавы і Познані), Аўстрыі, Германіі, Кітая, Бразіліі, Угоршчыны, Чэхіі ў пошуках магчымасцей для сумесных даследаванняў і ўдзелу ў міжнародных праектах.

 

Прымаючым бокам таксама была падрыхтавана цікавая культурная праграма, якая спрыяла ўсталяванню кантактаў паміж удзельнікамі.

 

Серада была цалкам прысвечана сацыяльнай праграме: удзельнікі наведалі самую заходнюю кропку Еўропы – мыс Рока і былы каралеўскі палац у Мафры (Palácio Nacional de Mafra) з паляўнічымі ўгоддзямі (Tapada de Mafra). У другой палове дня адбыўся канцэрт у царкве пры палацы на шасці арганах. Удзельнікі пачулі музыку С. Баха і іншых кампазітараў.

 

На наступны дзень увечары Сімфанічны аркестр Атлантыка (Orquestra do Atlântico) ў Вялікай зале ўніверсітэта даў канцэрт. Прагучалі творы А. Моцарта, А. Фрагоса (рана памерлага раней невядомага партугальскага кампазітара), Дж. Гершвіна, А. Пьяцолла.

 

Святочнае завяршэнне Сусветнага кангрэса з цёплымі словамі і музыкай 70-х – 80-х гадоў XX ст. адбылося ў батанічным садзе Эстуфа Фрыя (Estufa Fria).

 

Насычаныя дні Кангрэса пакінулі ўдзельнікам крыху часу і для самастойнага знаёмства з Лісабонам (збольшага вячэрнім).

 

Дадзены візіт адбыўся дзякуючы фінансаванню ў рамках праекта МОСТ – праекта Еўрапейскага Саюза па пашырэнню прафесійных кантактаў паміж грамадзянамі Беларусі і Еўрапейскага Саюза.

 

В.І. Самарын, А.В. Мароз, В.В. Пятрова.

Фота: В.І. Самарын, А.В. Мароз, В.В. Пятрова. Апрацоўка фота - В.І. Самарын

 

Апрацоўка – В.М.Знак