«Рэформа юрыдычнай адукацыі ў Беларусі і Вялікабрытаніі: абмен вопытам і погляд у будучыню». 28 снежня 2017 года. Вынікі мерапрыемства.
28 снежня 2017 года Цэнтрам Астрагорскага і юрыдычным факультэтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пры падтрымцы амбасады Вялікабрытаніі была арганізавана канферэнцыя «Рэформа юрыдычнай адукацыі ў Беларусі і Вялікабрытаніі: абмен вопытам і погляд у будучыню».
Канферэнцыя была прысвечана пытанням юрыдычнай адукацыі і яе патэнцыйнай ролі ў працэсе рэформаў у Беларусі, дазволіла брытанскім і беларускім навукоўцам абмеркаваць лепшыя практыкі і тэндэнцыі ў галіне юрыдычнай адукацыі.
Пачалася работы канферэнцыі з прывітальных слоў
Сяргея Аляксандравіча Балашэнкі, доктара юрыдычных навук, прафесара, дэкана юрыдычнага факультэта БДУ;
Сергея Антонавіча Каспяровіча, начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь;
Сяргея Мікалаевіча Ходзіна, прарэктара па вучэбнай працы і інтэрнацыяналізацыі адукацыі БДУ;
Майкла Фена, Другога сакратара амбасады Вялікабрытаніі;
Яраслава Крывога, прафесара, старшага навуковага супрацоўніка Брытанскага інстытута міжнароднага і параўнальнага права.
Пленарнае паседжанне працягнулася работай першай панэлі, прысвечанай арганізацыі навучальнага працэсу ў Англіі і Беларусі.
Выступоўцамі на панэлі былі:
Канстанцін Дзягцяроў, старшы выкладчык Універсітэта Ліверпуля,
Алена Мікалаеўна Грыгаровіч, дэкан юрыдычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта.
Дыскусію мадэраваў прафесар Віктар Сяргеевіч Камянкоў, загадчык кафедры фінансавага права і прававога рэгулявання гаспадарчай дзейнасці юрыдычнага факультэта БДУ.
Ва ўступным слове Віктар Сяргеевіч Камянкоў паведаміў пра Канцэпцыю развіцця юрыдычнай адукацыі, яе асноўныя палажэнні і накірункі рэалізацыі.
Канстанцін Дзегцяроў сярод адрозненняў арганізацыі навучыйнага працэсу Вялікабрытаніі ад Беларусі адзначыў значна меншую колькасць абавязковых лекцыйных гадзін у англійскіх ВНУ, трохгадовы тэрмін навучання для атрымання ступені бакалаўра, пашырэнне інавацыйных метадаў выкладання з выкарыстаннем онлайн-платформаў для размяшчэння навучальных матэрыялаў, выключна пісьмовую ацэнку ведаў студэнтаў і сістэму аплаты працы выкладчыкаў.
У наступным выступе Алена Мікалаеўна Грыгаровіч падзялілася сваім вопытам арганізацыі навучальнага працэсу ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце. Дэкан адзначыла, што універсітэт прыкладае шмат намаганняў дзеля таго, каб юрысты-практыкі максімальна ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы студэнтаў. У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце практыкуючыя юрысты чытаюць лекцыі, распрацоўваюць адукацыйныя праграмы, кіруюць напісаннем курсавых прац, распавядаюць прыклады з уласнай юрыдычнай практыкі. Дэкан адзначыла неабходнасць праходжання практыкі ва універсітэцкай юрыдычнай клініцы.
Завяршылася першая панэль актыўнай дыскусіяй наконт зместу навучальных планаў і ўключэння ў іх асобных дысцыплін, а таксама арганізацыі навучальнага працэсу на практычных занятках у Вялікабрытаніі.
Пабачыць выступы першай панэлі можна на сайце http://ostro.by/
Пасля невялікага перапынку пачалася работа другой панэлі, прысвечанай юрыдычнай адукацыі і прафесійным навыкам выпускнікоў.
Выступоўцамі былі:
Аляксандр Фёдаравіч Храпуцкі, партнёр адвакацкага бюро “Сысуеў, Бондар, Храпуцкі”,
Ірына Ігараўна Эсмантовіч, дэкан юрыдычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта,
Раман Мароз, даследчык Лонданскай школы эканомікі.
Дыскусію мадэравала Вікторыя Шылко, загадчык вучэбнай лабараторыі «Юрыдычная клініка» юрыдычнага факультэта БДУ, выкладчык кафедры грамадзянскага права юрыдычнага факультэта БДУ.
Аляксандр Фёдаравіч Храпуцкі распавёў пра цяперашнюю сітуацыю з запатрабаванасцю выпускнікоў юрыдычных факультэтаў на рынку працы. На думку Аляксандра Фёдаравіча, замест юрыстаў шырокага профіля рынку патрэбныя юрысты вузкага профіля, здольныя рабіць параўнальны аналіз. Апроч таго, добры юрыст мусіць прафесійна валодаць як мінімум адной замежнай мовай і разумець спецыфіку галіны бізнеса, у якой працуе. Беларускія ВНУ павінны надаваць больш увагі выхаванню прафесійнай этыкі, а таксама арыентаваць студэнтаў на працу не толькі ў дзяржаўных установах, але і ў іншых сферах, напрыклад, камерцыйных.
Ірына Ігараўна Эсмантовіч распавяла пра рэаліі праходжання практыкі і працаўладкавання студэнтаў юрыдычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У асноўным праходжанне практыкі дапамагаюць арганізаваць спецыялісты дзяржаўных органаў, у той час, як прадстаўнікі камерцыйных структур не зацікаўлены ў куратарстве практыкантаў. На старэйшых курсах юрыдычнага факультэта ў якасці факультатыву прапаноўваецца праца ў юрыдычнай клініцы, аднак дзеля таго, каб у яе патрапіць, трэба дэманстраваць поспехі ў навучанні і пісаць адпаведную заяўку. Ірына Ігараўна падкрэсліла, што далучэнне да юрыдычнай клінікі мусіць быць усвядомленым рашэннем студэнта.
Раман Мароз распавёў, як вырашаюцца праблемы працаўладкавання студэнтаў юрыдычных факультэтаў у ЗША і Вялікабрытаніі. Даследчык засяродзіў увагу на дзейнасці кар’ерных цэнтраў (career centers) пры ўніверсітэтах. Таксама ен адзначыў, што праблемы з матывацыяй і працаўладкаваннем існуюць ў Вялікабрытаніі і ў меншай ступені ў ЗША. Даслечык пацвердзіў наяўнасць жорсткай канкурэнцыі паміж выпускнікамі юрыдычных факультэтаў. Дзеля таго, каб павысіць свае шансы на добрае працаўладкаванне, студэнт мусіць скончыць прэстыжную навучальную ўстанову з высокім сярэднім балам, а таксама мець публікацыі ў юрыдычных часопісах.
Скончылася другая панэль абмеркаваннем пытанняў юрыдычнай этыкі, магчымасцю замены прафесіі юрыста штучным інтэлектам.
Праглядзець матэрыялы другой панэлі можна на сайце http://ostro.by/
Пасля абеда пачалася работа апошняй, трэцяй панэлі канферэнцыі, якая была прысвечана міжнароднаму супрацоўніцтву ў галіне юрыдычнай адукацыі.
Выступоўцамі былі:
Дар’я Дзмітрыеўна Ландо, дацэнт кафедры грамадзянскага права юрыдычнага факультэта БДУ,
Вадзім Ігаравіч Самарын, дацэнт кафедры крымінальнага працэсу і пракурорскага нагляду юрыдычнага факультэта БДУ,
Андрэй Козік, дацэнт, старшыня Асацыяцыi мiжнароднага права i арбiтража (BILA Association).
Дыскусію мадэраваў прафесар Яраслаў Крывой, старшы навуковы супрацоўнік Брытанскага інстытута міжнароднага і параўнальнага права.
Дар’я Дзмітрыеўна Ландо ўхваліла прыняцце Канцэпцыі юрыдычнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на перыяд да 2025 года , аднак засяродзіла свой выступ на праблеме павышэння мабільнасці выкладчыкаў беларускіх вышэйшых навучальных устаноў. Дзеля таго, каб беларускія выкладчыкі маглі ўдзельнічаць у міжнародных праграмах акадэмічнага абмену, яны мусяць выключна добра валодаць прафесійнай замежнай лексікай. Таксама існуе патрэба ў павышэнні лаяльнасці вышэйшых навучальных устаноў да камандзіровак сваіх выкладчыкаў у мэтах удзелу ў праграмах акадэмічнай мабільнасці.
Вадзім Ігаравіч Самарын распавёў пра свой ўдзел у арганізацыі міжнародных адукацыйных праектаў, фінансаваных праз Еўрапейскі Саюз. На яго думку, беларускае заканадаўства ў галіне рэгістрацыі міжнароднай дапамогі мусіць быць сур’ёзна ўдасканалена. Напрыклад, фінансавая дапамога для правядзення сумеснага адукацыйнага праекта рэгістрацуецца як “міжнародная тэхнічная дапамога”. Тэрмін рэгістрацыі ў Міністэрстве эканомікі складае адзін год. Яшчэ аднім прыкладам выступае рэгістрацыя фінансавай дапамогі для правядзенная навуковых канферэнцый. У заканадаўстве паданы рэгістрацыйны тэрмін у дзесяць дзён, аднак на практыцы рэгістрацыя можа займаць да двух месяцаў. Выступоўца адзначыў, што існуючая сітуацыя значна ўскладняе міжнароднае супрацоўніцтва паміж беларускімі і замежнымі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі.
Андрэй Козік закрануў пытанне рэфарміравання беларускай юрыдычнай адукацыі. Выступоўца распавёў пра сваё супрацоўніцтва ў якасці старшыні Асацыяцыi мiжнароднага права i арбiтража са студэнтамі беларускіх вышэйшых навучальных устаноў. Андрэй Козік ухваліў паспяховыя выступы беларускіх студэнтаў на міжнародных юрыдычны конкурсах, у тым ліку на Philip C. Jessup International Law Moot Court Competition. Акрамя таго, выступоўца адзначыў пазітыўны трэнд запрашэння працадаўцаў да ацэнкі якасці беларускай юрыдычнай адукацыі.
Асаблівую ўвагу выступоўца засярэдзіў на стварэнні бібліятэкі англамоўнай юрыдычнай літаратуры.
Паглядзець і паслухаць выступленні трэцяй панэлі можна па наступнай спасылцы: http://ostro.by/society/reforma-yurydychnaj-adukatsyi-u-belarusi-i-vyalikabrytanii-mizhnarodnae-supratsounitsta-u-sfery-yurydychnaj-adukatsyi/
Напрыканцы работы панэлі Яраслаў Крывой падзякаваў усім выступоўцам, удзельнікам і арганізатарам канферэнцыі. Завяршылася работа канферэнцыі падсумаваннем вынікаў і вызначэннем далейшых накірункаў развіцця юрыдычнай адукацыі ў Беларусі і Велікабрытаніі.
Вялікі дзякуй выступоўцам за цікавыя выступы і карысныя прапановы, а таксама усім, хто ў пераднавагоднія святы знайшоў час прыняць удзел у канферэнцыі, за вашыя актуальныя пытанні і цікавасць да мерапрыемства!
Матэрыял падрыхтавала - В. Шылко
Выкарыстана інфармацыя з сайта Цэнтра Астрагорскага http://ostro.by
Фота: Цэнтр Астрагорскага
Відэа: Цэнтр Астрагорскага
Апрацоўка – В. Знак