Нямецкі метад рашэння крымінальна-прававых казусаў для студэнтаў юрыдычнага факультэта БДУ (вынікі лекцый Томаса Круссманна 21-23 мая 2018г.)
20-23 мая 2018 г. у Беларусі знаходзіўся прафесар універсітэта імя Карла Франца (г. Грац, Аўстрыя) Томас Круссманн. Першачарговай мэтай яго візіту была праца са студэнтамі юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Пачаў прафесар Круссманн з лекцый, падчас якіх ён распавёў пра вырашэнне крымінальна-прававых казусаў у нямецкіх універсітэтах. У прэзентацыі быў падрабязна прадстаўлены алгарытм для рашэння казуса з крымінальнага права:
1. Вызначэнне элементаў складу злачынства;
2. Выяўленне супрацьпраўнасці (звычайна наяўнасць элементаў складу злачынства);
3. Вінаватасці;
4. Праверка наяўнасці аб’ектыўных ўмоў пакаральнасці (толькі ў рэдкіх выпадках).
Валоданне рускай мовай дапамагала знайсці паразуменне. Спачатку нашы студэнты былі крыху сціплымі, не заўжды рэагавалі на пытанні лектара, але потым ажылі і пачалі з ім узаемадзейнічаць.
Далей прафесар Круссманн падзяліў студэнтаў на групы і даў ім паспрабаваць рашаць заданні самастойна.
Як прызнаўся госць, ён крыху стаміўся, бо працаваць з такой вялікай аўдыторыяй, як у тыя дні на юрфаку, да таго ж не на роднай мове – складана. А ауд. 609 была поўная, усім было цікава даведацца, як рашаюць задачы аднагодкі ў Нямеччыне… Прыйшлі студэнты другога і трэцяга курсаў. Першыя толькі вывучаюць крымінальнае права, яшчэ не вельмі знаёмыя з крымінальным працэсам… Другім толькі і застаўся іспыт па працэсе ўлетку.
Наведванне заняткаў гасцявога прафесара былі вартымі не толькі ведамі, але і магчымасцю атрымаць адпаведны сертыфікат… Але яго трэба было яшчэ заслужыць. 23 мая лектар даў студэнтам заданні для самастойнага рашэння і вызначыў тэрмін – 1 тыдзень.
З заданнямі справіліся толькі два студэнты: Павал Лысак і Ганна Салтановіч, якія і атрымаюць адпаведныя сертыфікаты (просьба звяртацца ў Юрыдычную клініку).
Дадзены візіт адбыўся дзякуючы фінансаванню ў рамках праекта МОСТ – праекта Еўрапейскага Саюза па пашырэнню прафесійных кантактаў паміж грамадзянамі Беларусі і Еўрапейскага Саюза.
Навіна – дацэнт кафедры крымінальнага працэсу і пракурорскага нагляду В.І. Самарын
Фота – Р.В. Ціханенка
Апрацоўка – В.М. Знак