Удзел студэнтаў юрфака ў падрыхтоўчым семінары «Мадэльны Міжнародны крымінальны суд» (студзень 2010)

Юрфак БГУ. 2009. Увеличить.Юрфак БГУ. 2010. Увеличить.З 15 па 17 студзеня 2010 года ў Вільні (Літоўская Рэспубліка) праводзіўся падрыхтоўчы семінар да праекту ”Мадэльны Міжнародны крымінальны суд“ (MICC – Model International Criminal Court)).

У семінары прымалі ўдзел студэнты з Беларусі, Літвы і Эстоніі. Юрыдычны факультэт Белдзяржуніверсітэта прадстаўлялі студэнты Максім Кавалёнак, Раман Юльскі, Наталля Крот і Ксенія Лапуцька.

Арганізатарам семінара выступіў нямецкі фонд Kreisau-Initiative, дзейнасць якога накіравана на ўсталяванне навуковых сувязей паміж студэнцкай моладдзю з розных еўрапейскіх краін.

На працягу двух дзён са студэнтамі працаваў прафесар міжнароднага крымінальнага права Берлінскага універсітэта Йенс Хеннінг Фішар.
Дзякуючы намаганням прафесара праца кіпела ўвесь час і бесперапынна.
У сваіх лекцыях прафесар Фішар асвяціў пытанні, якія датычыліся юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суда, зместу шэрага міжнародных прававых актаў і канкрэтных складаў міжнародных злачынстваў.

Семінар быў пабудаваны такім чынам, што студэнты не толькі слухалі матэрыял, крапатліва падрыхтаваны прафесарам, але і актыўна ўдзельнічалі ў дыскусіях, а таксама самі шукалі шляхі вырашэння розных прававых праблем. Удзельнікам было прапанавана самастойна разгледзіць матэрыялы канкрэтных спраў і выказаць сваё меркаванне адносна некаторых праблемных аспектаў і супярэчнасцяў. Каманда студэнтаў юрыдычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, напрыклад, разглядала справу пра генацыд у Руандзе.

У канцы семінара прафесар падрабязна расказаў аб тым, што ўяўляе сабой Мадэльны Міжнародны крымінальны суд, які штогод праводзіцца ў мястэчку Крыжова (Польшча) і запрасіў каманду нашага факультэта прыняць удзел ў гэтым мерапрыемстве.

Матэрыял падрыхтавалі Наталля Крот і Ксенія Лапуцька.
Адказны за каардынацыю студэнтаў-удзельнікаў праекта - дацэнт кафедры крымінальнага працэсу і пракурорскага нагляду Самарын В.І.