«Тыдзень лесу-2018». Студэнты юрыдычнага факультэта высадзілі каля 3 гектараў сосен!

21 красавіка 2018 г. скончылася агульнарэспубліканская акцыя «Тыдзень лесу», якая штогод праводзіцца па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі.

Садзіць лес і вызваляць яго са “смеццевых абдымкаў” у Пухавіцкім раёне выйшлі студэнты юрыдычнага факультэта БДУ разам з актыўнай і зацікаўленай Катамахінай Таццянай Аляксандраўнай, старэйшым выкладчыкам кафедры англійскай мовы.
Ужо чацвёрты год пад яе кіраўніцтвам на акцыю прыязджаюць будучыя юрысты, якія неабыякава ставяцца да пасадкі лясных культур ды і самой акцыі «Тыдзень лесу», а наогул, з вялікім задавальненнем прымаюць у ёй удзел.

Акцыя «Тыдзень лесу» праводзілася для таго, каб зберагчы і павялічыць лясныя багацці, прыцягнуць грамадскасць да вырашэння агульнадзяржаўных задач у сферы ўмацавання экалагічнай, эканамічнай і сацыяльнай ролі лясоў, а таксама для падтрымкі мерапрыемстваў у Год малой радзімы. Юрыдычны факультэт БДУ не мог не паўдельнічаць у такім мерапрыемстве дзяржаўнага значэння.
 

Прадстаўнікі Пухавіцкага лясгасу прадэманстравалі майстар-клас па высадцы дрэў, забяспечылі будучых юрыстаў-добраахвотнікаў інвентаром і пасадачным матэрыялам. Самі ж студэнты з інтарэсам і адказнасцю падыйшлі да гэтай справы і высадзілі прыкладна каля 3 гектараў сосен. За іх актыўны ўдзел і плённую працу работнікі лясгаса, а таксама Таццяна Аляксандраўна пачаставалі студэнтаў смачнымі стравамі ўласнага прыгатавання.

Хочацца верыць, што тысячы саджанцаў, прыгорнутыя падчас тыдня лесу клапатлівымі рукамі студэнтаў юрыдычнага факультэта і Таццянай Аляксандраўнай, пусцяць трывалыя карані!

Запрашаем усіх жадаючых прыняць удзел у акцыі «Тыдзень лесу» ў наступным годзе! Па ўсіх пытаннях Вы можаце звярнуцца да Катамахінай Т. А., кафедра англійскай мовы.
 

Тэкст: Чаранкевіч П. Г.
Фота: Катамахіна Т. А.
Апрацоўка - Знак В.М.