Беларуская студэнцкая юрыдычная алімпіяда-2021. Трэці дзень
Падчас Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды ў кожнага ўдзельніка ёсць магчымасць выявіць свае здольнасці і падзяліцца сваімі ідэямі наконт развіцця юрыдычнай думкі ў краіне. Творчая атмасфера панавала і сёння пры правядзенні конкурсных іспытаў.
Нагадваем, што ў фінал вочнага тура па выніках двух конкурсных дзён прайшлі 16 індывідуальных удзельнікаў і 6 каманд.
Сёння студэнты выпрабоўвалі свае сілы ў наступных відах конкурсаў: аналіз казусу і падрыхтоўка пазіцыі ў судзе па крымінальнай справе, правядзенне віртуальнага агляду месца здарэння (спецыялізаваны конкурс Следчага камітэта Рэспублікі Беалрусь), прэзентацыя пазіцыі ў судзе.
Мы запыталі некаторых студэнтаў пра іх уражанні ад спаборніцтваў трэцяга і фінальнага дня Алімпіяды.
Анастасія, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт:
- Ці чакалі Вы, што пройдзеце ў фінал?
- Шчыра кажучы, не. Я з'яўляюся студэнткай 2 курса, таму для мяне выхад у фінал досыць нечаканы.
- Якія ў Вас склаліся ўражанні ад Алімпіяды?
- Заданні мне здаліся вельмі складанымі, гэтыя дысцыпліны я не праходзіла. У тэсце былі пытанні па ўсіх напрамках юрыдычнай дзейнасці, таму трэба шмат ведаць і, вядома ж, шмат рыхтавацца. У цэлым, было вельмі цікава.
- Якое заданне Вам здалося самым складаным?
- Падрыхтоўка правапрымяняльнага акту.
- Не пашкадавалі, што прынялі ўдзел у Алімпіядзе?
- Не, я атрымала шмат цікавага вопыту.
Удзельнікі каманды «Авангард Феміды» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адказалі на нашы пытанні:
- Ці чакалі вы, што пройдзеце ў фінал?
- Мы не думалі пра гэта перад пачаткам Алімпіяды. Адзінае, пра што мы думалі − гэта, як зрабіць нашу работу добра і на высокім узроўні. Заданні былі цікавымі, непрадказальнымі, і мы паказалі свой максімум.
- Якія ў вас склаліся ўражанні ад Алімпіяды?
- Алімпіяда дазволіла нам адкрыць новыя бакі нашых юрыдычных здольнасцей, нашых талентаў.
- Якое заданне, на ваш погляд, самае складанае?
- Экспертыза тэхнічнага нарматыўнага прававога акту.
- А якое заданне было самым лёгкім?
- Мы лічым, што на Алімпіядзе няма лёгкіх заданняў. Кожнае патрабуе сваёй падрыхтоўкі і прыкладання пэўных намаганняў.
- Не пашкадавалі, што прынялі ўдзел у Алімпіядзе?
- Не. Самае цудоўнае – гэта праца ў камандзе. За час Алімпіяды мы зразумелі, што мы добрая, згуртаваная каманда, і з гэтымі людзьмі мы можам пайсці далёка.
Вераніка, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны:
- Якія ў Вас уражанні ад Алімпіяды?
- Я вельмі рада, што паўдзельнічала. Гэта выдатная магчымасць прымяніць тыя веды, якія ты набыў ва ўніверсітэце.
- А што было складаней за ўсё?
- Экспертыза нарматыўнага прававога акту.
Аляксандра, удзельніца каманды “Тандем” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, рассказала пра свае ўражанні:
- Эмоцыі толькі станоўчыя. Для мяне, як чалавека, які займаецца спортам, Алімпіяда − гэта таксама свайго роду спартыўнае спаборніцтва. Ты рэалізуеш на практыцы свае навыкі, веды, уменні.
- Як Вы ацэніце заданні?
- Заданні менавіта алімпіяднага ўзроўню, практычна арыентаваныя. Мы ўжывалі не толькі тэарэтычныя веды, атрыманыя падчас навучання, але і практычныя навыкі, якія з’явіліся непасрэдна падчас падрыхтоўкі да Алімпіяды.
Іван, удзельнік каманды “Тандем” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, адказаў на нашы пытанні:
- Ці чакалі Вы, што пройдзеце ў фінал?
- Напэўна, не. Мы больш думалі пра тое, што павінны зрабіць усё даволі якасна, мы павінны выкласціся на максімум і павінны, безумоўна, добра выступіць.
- Якія ў Вас уражанні ад Алімпіяды?
- Мне падабаецца арганізацыя алімпіяды, яе высокі ўзровень. Мне падабаюцца тыя конкурсы, у якіх мы можам удзельнічаць, і самі заданні, якія дазваляюць прымяніць свае прававыя веды на практыцы.
- Якія з заданняў выклікалі найбольшую цікавасць?
- Мне было даволі цікава ўдзельнічаць у конкурсе, звязаным з экспертызай нарматыўнага прававога акту. Таксама быў цікавым конкурс, дзе трэба было прадставіць сваю пазіцыю па грамадзянскай або гаспадарчай справе.
- Вы не пашкадавалі, што вырашылі прыняць удзел у Алімпіядзе?
- Ні разу не пашкадаваў. Гэта класнае мерапрыемства, якое дазваляе развіць камандны дух.
Намеснік дэкана па навукова-адукацыйнай дзейнасці, дацэнт кафедры крымінальнага права, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Арцём Аляксандравіч Пухаў падзяліўся сваімі ўражаннямі ад Алімпіяды:
- Прыемна назіраць, што кожны год арганізацыя мерапрыемства трымаецца на высокім узроўні. Гасцямі нашага факультэта становяцца прызнаныя спецыялісты ў сферы права. Алімпіяда дае магчымасць студэнтам паспрабаваць свае сілы ў розных галінах юрыспрудэнцыі і вызначыцца з далейшым напрамкам дзейнасці. Жадаю ўсім удзельнікам апраўдаць свае чаканні і чаканні іх выкладчыкаў, а таксама поспехаў у шляху, які яны абралі!
Ужо зусім хутка мы даведаемся пра вынікі фіналу Алімпіяды! Чакайце абнаўленняў на нашым сайце!
Тэкст: Анастасія Чарняк, Дар'я Багданава, Паліна Ліпская, Інеса Лавягіна, Юлія Яблонская, Ілья Івановіч
Фота: Валерыя Крывецкая, Валерыя Трыфанава, Лізавета Калесніковіч, Дыяна Карэнік, Іван Лешчанка, Гнядзько Ганна
Апрацоўка: А. Раманава
Беларуская студэнцкая юрыдычная алімпіяда – 2021 ажыццяўляецца пры падтрымцы наступных арганізацый і прадпрыемстваў:
Партнёры
Ўнiтарнае прадпрыемства "Кока-Кола Беўрыджыз Беларусiя"
Інфармацыйныя партнёры
Юрыдычны факультэт у сацыяльных сетках:
Instagram - @lawbsu
Вконтакте - bsulaw