Старажытная Беларусь: семінарскі занятак у Нацыянальным гістарычным музеі. (10 снежня 2019 г.)

10 снежня 2019 г. студэнты 1-га курса юрыдычнага факультэта спецыяльнасці “Паліталогія” у межах вывучэння вучэбнай дысцыпліны “Гісторыя дзяржавы і права” наведалі Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь. Для студэнтаў была арганізавана экскурсія па экспазіцыі “Старажытная Беларусь”, на працягу якой яны памацалі косткі першабытных жывёлаў, даведаліся пра жыццё і духовы свет першабытных людзей на тэрыторыі Беларусі, аднавілі і ўдасканалілі свае веды па гісторыі беларускай дзяржаўнасці ад першых славянскіх княстваў да падзелаў Рэчы Паспалітай, пазнаёміліся з гісторыяй кнігадрукавання на беларускіх землях, даведаліся аб шэдэўрах беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва X–XVIII стст.

Пасля экскурсіі студэнты разам са сваім выкладчыкам – дацэнтам кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права к.ю.н., дацэнтам Д.В.Шчэрбікам агледзелі экспазіцыі “Беларусь: адраджэнне духоўнасці”, якая была прысвечана шляхам фарміравання духоўных прынцыпаў жыцця беларусаў у розныя часы праз народныя традыцыі, рэлігію, мастацтва; "Ад рымскага дэнарыя да беларускага рубля" аб працяглай гісторыі грашовага абарачэння ў Беларусі на працягу амаль дзвюх тысяч год; "Беларусь XVI–XVIII стст. у партрэтах і геральдыцы", на якой праз партрэты Радзівілаў, каралёў, выдатных дзеячоў дзяржавы, духавенства і шляхты, а таксама калекцыі зброі, шкла і фарфору адлюстроўваецца жыццё вышэйшых станаў грамадства краіны – магнатаў і шляхты, прадстаўнікоў арыстакратыі, якія адыгралі значны ўдзел як у стварэнні і развіцці, так і ў заняпадзе Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Супрацоўнікі музеі выказалі прапанову аб арганізацыі спецыялізаваных экскурсій, якія могуць быць прысвечаныя асобным старонкам палітыка-прававой гісторыі Беларусі, напрыклад, магдэбургскаму праву ці гісторыі штодзённага жыцця ў ВКЛ праз прызму судовых спраў таго часу. Дадзеная ідэя, экскурсія выклікалі шчыры інтарэс у ўдзельнікаў, і яны маюць намер працягнуць азнаямленне з музейнымі каштоўнасцямі Мінска і Беларусі ў наступным семестры.
Інфармацыю прадставіў к.ю.н., дацэнт Д.В.Шчэрбік
Фота - к.ю.н., дацэнт Д.В.Шчэрбік
Апрацоўка –.Бяляева Л.В.

