Студэнты 2 курса ў ролі суддзяў Канстытуцыйнага суда. 2003 г.

Студэнты ў ролі суддзяў Канстытуцыйнага суда15 лістапада 2003 года ў Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь адбылося імправізаванае судовае пасяджэнне, мэтай якога было ўстанавіць, ці адпавядае існаванне смяротнай кары ў нашай дзяржаве канстытуцыйным нормам. Студэнты II курса юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта мелі магчымасць прыняць удзел у абмеркаванні гэтага актуальнага пытання.

Мерапрыемства праводзілася па ініцыятыве Старшыні Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь Р. А. Васілевіча, які чытае курс канстытуцыйнага права ў нашым універсітэце.
Р. А. Васілевіч сам размеркаваў ролі ўдзельнікаў пасяджэння Канстытуцыйнага суда паміж студэнтамі - дзесяць з іх выступілі ў ролі суддзяў, адзін заняў пост Старшыні, пяцёра мелі гонар ўвасобіцца ў ролю прадстаўнікоў Палаты прадстаўнікоў, столькі ж — у ролю прадстаўнікоу Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Былі размеркаваны таксама ролі прадстаўнікоў Вярхоўнага суда, Вышэйшага Гаспадарчага суда, Генеральнага пракурора, намесніка прэм'ер - міністра, міністра юстыцыі, эксперта, астатнія занялі месцы прысутных у зале.

На працягу чатырох гадзін ішла палеміка паміж "прадстаўнікамі Палаты прадстаўнікоў" і "прадстаўнікамі Савета Рэспублікі". Першыя выступалі за адмену смяротнай кары, другія — за яе захаванне. Падчас спрэчак былі выказаны цікавыя ідэі, якія, па словах Р. А. Васілевіча, могуць быць скарыстаныя пры абмеркаванні пытання ў судзе.

"Прадстаўнікі Палаты прадстаўнікоў" абапіраліся на тое, што існаванне інстытута смяротнай кары не з’яўляецца гуманным і парушае правы чалавека. Яны лічаць таксама, што гэтая мера не з'яўляецца найбольш эфектыўным спосабам барацьбы са злачыннасцю. Важкім аргументам, на думку будучых юрыстаў, з'яўляецца такое палажэнне Рэкамендацыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ад 4 кастрычніка 1994 года. "Смяротная кара не павінна мець месца ў агульна-крымінальных сістэмах цывілізаваных дзяржаў", якой з'яўляецца Рэспубліка Беларусь. Адстойваючы свой пункт погляду, яны спыніліся на артыкуле 24 Канстытуцыі, які пачынаецца словамі "Кожны мае права на жыцце". Гэтыя словы сталі лейтматывам іх выступленняў.

"Прадстаўнікі Савета Рэспублікі" супрацьпаставілі гуманнасці дрэнныя ўмовы ўтрымання ў турмах і прывялі звесткі сацыялагічнага апытання: 65% насельніцтва краіны расцэньваюць пажыццёвае зняволенне як больш суровае пакаранне, чым смяротную кару Грамадства не дасягнула ўзроўню маральнага развіцця і гуманнасці, каб мы маглі сцвярджаць, што грамадства разумее і менш суровае пакаранне", — зазначылі яны.

Смяротная кара накіравана на абарону правоў іншых людзей, забойца ж уяўляе небяспеку для грамадства, проціпастаўляючы сябе яму і дзяржаве. "Прадстаўнікі Савета Рэспублікі" звярталі ўвагу аўдыторыі на вынікі рэспубліканскага рэферэндуму 1996 года, якія сведчаць самі за сябе: 80 % выказалася супраць адмены смяротнай кары.
Цікавым фактам завяршыў выступленне “Генеральны пракурор", выказаўшы свае стаўленне да абмеркаванай праблемы: "Пракуратура яшчэ ні разу не апратэставала рашэнне замяніць смяротную кару пажыццёвым заключэннем".

Студэнцкі "Канстытуцыйны Суд" у адпаведнасці з працэдурай вынес заключэнне, у якім вырашыў прызнаць палажэнні Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, што прадугледжваюць пакаранне смяротнай карай, не адпаведнымі Канстытуцыі ды іншым заканадаўчым актам Рэспублікі Беларусь, а таксама агульнапрызнаным прынцыпам міжнароднага права.

Аляксей ЧЭЧНЕЎ, студэнт II курса юрыдычнага факультэта

"Беларускі ўніверсітэт", №19 (1884), 11 снежня 2003 года